Суполка «Беларуснафты» ў фэйсбуку распачала апытанне «Як вы ставіцеся да беларускамоўнага абслугоўвання»?
Ілюстрацыйнае фота.
«Мы раз-пораз атрымліваем ад падпісчыкаў пажаданні наконт працы нашых АЗС. Адно з апошніх — «Калі б яшчэ на запраўках па-беларуску віталі! Як вы ставіцеся да беларускамоўнага абслугоўвання?», — задаецца пытаннем «Беларуснафта» і прапаноўвае некалькі варыянтаў адказаў.
Для праціўнікаў існуе рускамоўны варыянт «Решительно против».
За няпоўныя суткі пасля публікацыі набегла пад тысячу каментароў, амаль усе яны — за абслугоўванне на тытульнай мове нацыі.
Некаторыя звяртаюць увагу на недарэчнасць пастаноўкі такога пытання, праводзячы паралелі з іншымі еўрапейскімі краінамі: маўляў, ці праводзяць апытанні немцы, перад тым як пачаць абслугоўваць па-нямецку?
Калі ж і вы хочаце выказацца, то можаце зрабіць гэта ў каментах да абмеркавання.
У прэс-службе «Беларуснафты», дарэчы, нам сказалі, што заўсёды прыслухоўваюцца да меркавання сваіх кліентаў і вынікі гэтага апытання будуць «ужытыя пры планаванні стратэгій на будучыню».