Шмат хто з нас думае, што накладзены плацёж з'яўляецца гарантыяй атрымання патрэбнага нам тавару, але насамрэч гэта ілюзія і гэтым паспяхова карыстаюцца ашуканцы.

Жыхарам Жодзіна і Барысава сталі прыходзіць загадкавыя паведамленні на бандэролі накладзеным плацяжом. Каб атрымаць пасылку, ім трэба заплаціць некалькі дзясяткаў рублёў. І плацяць. А хутчэй, расплочваюцца — за ўласную наіўнасць. Сувеніры, якія яны знаходзяць там, у рэальнасці каштуюць у дзясяткі разоў менш.

У сваёй паштовай скрыні жыхар Жодзіна знайшоў паведамленне пра бандэроль. Нягледзячы на тое, што ніякіх адпраўленняў ні ад каго ён не чакаў, па пасылку на пошту пайшоў. Там высветлілася: каб атрымаць невядомае пасланне, ён павінен заплаціць 65 рублёў. Цікаўнасць была такой моцнай, што яго гэта не збянтэжыла. На пасылцы былі ўказаны яго адрас, прозвішча, імя і імя па бацьку. Таму мужчына быў цвёрда ўпэўнены, што бандэроль — гэта сюрпрыз, адрасаваны менавіта яму. Расчараванне было, калі ён адкрыў пасылку, яго прыйшлося прыняць з гумарам. Бірульку, коштам не больш за два рублі, ён тут жа выкінуў, — каб яна не нагадвала яму пра ўласнае глупства.

— Я заплаціў за сваю цікаўнасць, цяпер буду разумнейшы, — падзяліўся з ex-Press.by жодзінец і патлумачыў, чаму не стане звяртацца ў міліцыю: — Мяне ніхто не прымушаў атрымліваць гэтую бандэроль, гэта быў мой выбар, бо я ні ад каго нічога не павінен быў атрымліваць.

Вядома, што дакладна такі ж «развод» адбыўся з жыхаркай Барысава. Жанчына не пашкадавала 70 рублёў за невядомую бандэроль з Пінска і цяпер любуецца бранзалетам і ланцужком з таннага жоўтага металу.

Варта адзначыць, што атрымальнік заўсёды можа адмовіцца ад незразумелай пасылкі, і яна пойдзе па зваротным адрасе. Праз 30 дзён яна вернецца адпраўніку як незапатрабаваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?