Дэпутат Наталля Гуйвік адказала на закіды старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутаткі Алены Анісім.

Нагадаем, тая наракае, што Гуйвік фактычна зарэзала першы законапраект, які мог бы быць прыняты адразу на дзвюх мовах.

Чытайце таксама: Ураджэнка Расіі, дэпутатка Гуйвік «зарэзала» першы дзвюхмоўны закон

Наталля Гуйвік. Фота House.gov.by

Наталля Гуйвік. Фота House.gov.by

«Наша Ніва» у кулуарах Палаты прадстаўнікоў пацікавілася ў згаданай Наталлі Гуйвік, адкуль у яе такая антыпатыя да беларускай мовы.

Тая адразу ж запэўніла, што ніякай антыпатыі ў яе няма.

«Я за беларускую мову! Я за тое, каб законы прымаліся на дзвюх мовах. Чаму мяне робяць крайняй? Тое, што я паходжу з Расіі, не дае права мяне абражаць ці прыпісваць мне нешта. Я разумею беларускую мову! Люблю Караткевіча!

А сітуацыя такая: дэпутат Анісім не распрацоўвала той законапраект, пра які вядзецца гаворка — яна на той момант не працавала ў парламенце. Ён быў унесены Саветам міністраў на рускай мове. І закон гэты не распрацоўваўся адразу на дзвюх мовах! Бо паводле сённяшняй працэдуры, закон можа быць або на рускай, або на беларускай мове, як Кодэкс аб культуры, напрыклад. На якой мове закон распрацоўваецца, на такой ён і прымаецца, на такой над ім і працуюць!

А каб быў пераклад, — а я толькі за тое, каб усе законы, былі і па-беларуску, і па-руску, — неабходна ўнесці змены ў закон «Аб нацыянальным сходзе» і ў рэгламент Палаты прадстаўнікоў. Разумееце, я юрыст! Мы дзейнічаем у рамках прававога поля, якое існуе на дадзены момант, як я магу яго абыйсці?

Спадарыня Анісім валодае заканадаўчай ініцыятывай. Дык унясіце прапановы такога зместу: у рэгламенце мусіць быць прапісана, што «закон, па рашэнні Палаты прадстаўнікоў, можа быць перакладзены на рускую або беларускую мову». Якія праблемы? Калі яна ўнясе прапановы зменаў у закон «Аб нацыянальным сходзе», то мы ўсе за гэта прагаласуем! А цяперашнія акты не прадугледжваюць магчымасці перакладу», — сказала нам Гуйвік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?