Грамадства5555

У Мінскім гарадскім судзе дапытваюць «рэгнумаўцаў». Дзень другі АНЛАЙН

15:23

«Мне трэба даказаць, што я не вярблюд», — кажа Шыптэнка. 

«Артыкул за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць з'явілася як падпорка артыкула пра распальванне варажнечы. Каб мы не выглядалі як палітвязні».

Шыптэнка заяўляе, што прасіў не дапускаць у зал прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. «Прапагандыстаў з Белтэлерадыёкампаніі», — так гучала трактоўка Шыптэнкі.

Суддзя кажа, што працэс адкрыты, таму кожны жадаючы мае права наведваць суд.

15:19

Пачынаецца допыт апошняга абвінавачага — Сяргея Шыптэнкі.

Да публікі Шыптэнка звяртаецца «таварышы». «Справа палітычна матывавая і неардынарная. Крымінальная справа сімптаматычная, яна ўказвае на ўзровень культуры ў грамадстве, у тым ліку прававой культуры. Сёння тут судзяць вольнадумства. Звычайна гэта суправаджаецца з пачаткам жахлівых часоў», — кажа Шыптэнка.

14:57

«Называць беларусаў «штучна створанай нацыяй» не мае сэнсу. Беларусы сфарміраваная нацыя, якая фарміруецца па словах Уладзіміра Макея», — кажа Паўлавец.

«Для мяне ідыятызм казаць, што беларуская мова мёртвая. Якая яна мёртвая, калі на ёй гавораць 1,5-2% насельніцтва краіны. Я ведаю беларускую мову, мая сям'я яе ведае. Думаю, што Алімкін і Шыптэнка таксама ведаюць беларускую мову».

14:44

Баранчык прасіў Паўлаўца пісаць артыкулы на тэму адзінства Беларусі і Расіі. А таксама крытыкаваць тых, хто супраць гэтага адзінства. «Гэта ў цэлым супадае з маімі поглядамі», — кажа ён.

14:42

Даклад для расійскага Фонда стратэгічнай культуры Юрый Паўлавец пісаў разам з іншым гісторыка-заходнерусістам Аляксандрам Гронскім.

Паўлавец гаворыць, што адразу пасля апублікавання матэрыялаў забываў іх.

14:40

Паўлавец кажа, што крытычна ставіўся да публікацый «Алы Бронь» (Дзмітрыя Алімкіна). З Шыптэнкам ён быў знаёмы гады чатыры, часта стасаваліся ў скайпе. Кажа, што бывае нават матам.

14:29

У Беларусі Паўлавец публікаваўся на сайце «Чеснок».

Грошы пераводзілі Паўлаўцу на банкаўскі рахунак.

14:28

Юрый Паўлавец настойвае, што не мае негатыўнага стаўлення ні да беларусаў як нацыі (ён лічыць беларусаў асобнай нацыяй), ні да беларускай мовы, а крытыкаваць уладу не з'яўляецца злачынствам.

14:27

Працягваецца допыт Юрыя Паўлаўца. Ён кажа, што ў 2010 годзе пазнаёміўся з Юрыем Баранчыкам на нейкай канферэнцыі. Менавіта Баранчык прапанаваў Паўлаўцу пісаць артыкулы.

Якая была мэта ў публікацыях Паўлаўца? Ён кажа, што і грашовае ўзнагароджанне, і данясенне сваіх думак.

12:29

Цытуе міністра Уладзіміра Макея, які назваў беларусаў «маладой нацыяй». «Гэта стандартны гістарычны агляд падзей, там няма ніякіх ацэнак і сцверджанняў», — кажа Паўлавец.

Цытуе Марзалюка з «Советской Белоруссіі», дзе гаворка вялася пра стварэнне савецкага народа. Цытуе па-беларуску. Беларускай мовай валодае добра.

12:15

«Баранчык у маёй дзейнасці апошніх трох гадоў не мае зусім ніякага дачынення», — кажа Паўлавец. 

«За некаторыя артыкулы маглі нічога не заплаціць. Можаце пачытаць у маёй перапісцы з Паўлоўскім, я нічога не хаваю».

12:11

Кажа, што цыкл публікацый пра «Ідэнтычнасць беларусаў» спачатку пісаў для Фонда стратэгічнай культуры. Потым Паўлавец вырашыў перапрацаваць той даклад для «Рэгнума».

Паўлавец гаворыць, што згадзіўся супрацоўнічаць з «Рэгнумам», бо пражыць на заробак выкладчыка дастаткова праблемна, а яму яшчэ трэба здымаць кватэру.

Дамоўленасць была на ганарары каля 50 даляраў за публікацыю. 

12:03

«Большасць фраз вырваныя з кантэкста. Абвінавачанні лічу надуманымі і сфальсіфікаванымі».

Кажа, што артыкулы свае перадаваў Ігару Паўлоўскаму, супрацоўніку «Рэгнума», а не Юрыю Баранчыку.

11:58

Паўлавец скончыў гістфак БДУ з чырвоным дыпломам, аспірантуру. 

«Я ствараю ідэалагічную сістэму Рэспублікі Беларусь, выхоўваю са сваіх студэнтаў патрыётаў», — кажа Паўлавец.

«Я быў публіцыстам нават у «Советской Белоруссіі», атрымліваў там ганарары. Я не хаваўся пад чужым імем, псеўданімы прапаноўвалі самі інфармацыйныя агенцтвы. «Мікалай Радаў» — стаў брэндам на сайце «Рэгнум»

11:53

Пачынаецца допыт Юрыя Паўлаўца. «Я з'яўляюся беларусам. Спадзяюся, такім і застануся. Дачку я таксама зарэгістраваў беларускай. Жонка ў мяне ўкраінка, маці — руская, бацька — беларус. Мая сям'я — прыклад спакойнага суіснавання розных нацыянальнасцяў», — пачынае Паўлавец.

11:52

Алімкін абураецца, што пераказ ягонага артыкула на сайце «Нашай Нівы» выклікаў шквал русафобскіх каментароў. «Чаму іх следства не шукае?» — пытаўся Алімкін.

11:47

«Негатыўнае стаўленне да ўлады не ёсць негатыўным стаўленнем да народа», — кажа Алімкін.

«Істотных дасягненняў у Беларусі за гады незалежнасці няма. Ёсць дробныя, кшталту чыстых тратуараў», — працягвае абвінавачаны.

11:45

«Уся гэтая справа — гэта пераслед за палітычныя погляды», — кажа Алімкін.

«Калі казаць метафарычна, то можна сказаць, што гэта нацызм ці фашызм», — сказаў Алімкін пра палітычны лад.

11:38

«Ці вядомы табе аўтар сентэнцыі, што ў свеце ёсць толькі дзве вялікія мовы — руская і англійская?» — пытаецца ў Алімкіна Шыптэнка.

«Ну, я чуў, але хто аўтар, не ведаю», — адказаў той.

Алюзія на старое выказванне кіраўніка краіны.

11:31

«Мы будзем на ты, у нас у турме так прынята», — сказаў Шыптэнка, калі звяртаўся да Алімкіна.

11:24

Алімкін кажа, што беларуская мова — гэта «дыялект». «Але тут нічога абразлівага для беларусаў няма».

«Французская нацыя таксама створаная штучна, і італьянская, і ніхто не камплексуе. У Італіі ніхто не памёр ад таго, што італьянцаў стварылі ў ХІХ стагоддзі. А тут гэта трактуецца як страшэннае злачынства», — кажа Алімкін.

11:19

Алімкін кажа, што ягонае стаўленне да беларускай літаратуры «крайне нізкае». 

11:15

Алімкін расказвае, што пазітыўна ацэньвае палітыку Сталіна.

10:53

Алімкін кажа, што на момант арышту працаваў ахоўнікам у аддзеле адукацыі ў Брэсце. Суддзя зрабіў заўвагу бацьку Алімкіна, за тое, што ён вельмі бурна рэагаваў на падзеі ў судзе.

10:48

«Русафобія — гэта нянавісць Расіі і ўсяго рускага. Распальванне русафобіі — гэта тое, чым займаецца наша апазіцыя. Некаторыя чыноўнікі таксама займаюцца распальваннем русафобіі, гэта цудоўна бачна па тэлебачанні, газетах, на вуліцы», — кажа абвінавачаны Алімкін-Бронь.

«Мая крытыка чыноўнікаў чамусьці пераносіцца на ўсіх беларусаў. Я крытыкаваў дзяржаву, я маю на гэта права. Я не распальваў ніякую варажнечу».

10:44

«Усё абвінавачанне гэта нейкая недарэчнасць. Мяне ўражвае распальванне варожасці да «амерыканскага і нямецкага светаў». Я гэта не разумею. Можна напісаць, што я распальваю варожасць да Кашчэя Бессмяротнага. Тое, што піша пракуратура, дзяржава, гэта смешна. Гэта аналаг «малпавага працэсу», калі падалі ў суд на настаўнікаў, якія выкладалі ў школах тэорыю Дарвіна. Гэта проста маё меркаванне. Хочаце чытайце — хочаце не чытайце», — кажа Алімкін.

10:38

«Па правілах рускай мовы «Белоруссія», таму ва ўсіх артыкулах я так пісаў. Я пішу па-руску, вам хочацца пісаць па-беларуску, пішыце па-беларуску», — апраўдваецца Алімкін за напісанне «Белоруссіі».

«Нацыяналізм і русафобія ў нас існуюць з развала СССР. Навіна ў тым, што нацыяналізму спрыяць стала дзяржава, што і пацвярджаецца маім знаходжаннем тут», — кажа абвінавачаны.

10:34

«Мой інтарэс — пашырыць сваю аўдыторыю. Мой блог чытаюць меней людзей, чым «Рэгнум». Я хацеў данесці свае думкі. Асноўная думка, што ў Беларусі адбываецца нешта нядобрае. Распальванне нацыяналізму. Я абвінавачваў беларускіх чыноўнікаў у распальванні нацыяналізму і русафобіі. Ніводнае беларускае СМІ такое б не апублікавала», — кажа Алімкін.

10:31

«Тэмы мне ніхто не задаваў. Адрэдагаваць не прасілі, рэдагавалі без маёй згоды. Мае артыкулы падпісвалі псеўданімам Ала Бронь. Псеўданім быў не ўзгоднены. Мінімум тры артыкулы пад псеўданімам Ала Бронь, якія былі размешчаныя, — не мае артыкулы», — кажа Алімкін.

Баранчык настойваў, каб Алімкін выкарыстоўваў псеўданім.

10:29

Плацілі Алімкіну, па ягоных словах, каля 50 даляраў за артыкул.

Атрымліваў ганарары праз «Вестэрн Юніян», забіраў у банку.

Напісаў Алімкін больш за 40 артыкулаў.

10:26

«Артыкул на сайце «Однако» быў пра тое, што ў Беларусі ўсё вельмі-вельмі добра. Нас гэта здзівіла. Мы ўступілі ў дыскусію з расіянамі, якія маюць заблуджэнне ў дачыненні Беларусі», — кажа Алімкін.

«Я не помню, пра што пісаў у першым артыкуле. Спачатку мне ніхто не абяцаў узнагароджванне, потым зайшла гаворка, што магчыма. Чайцей за ўсё я публікаваў свае думкі».

Кажа, што загалоўкі, якія даваў ён, рэдка супадалі з канчатковымі. 

10:21

«Асвятляў у асноўным палітычныя тэмы, якія тычацца не толькі Рэспублікі Беларусь. З Баранчыкам пазнаёміўся на сайце «Однако». Аказалася, што мы з ім па адзін бок барыкад. Я не помню, які гэта год быў. Ён прапанаваў напісаць тэксты. Ён жыве ў Маскве, не можа сам з першых рук меркаваць аб падзеях у Беларусі. Спачатку пісаў на «Імперыю», потым — «Рэгнум». 

10:18

«У Рэгнуме стасаваўся толькі з Баранчыкам праз электронную пошту і скайп», — працягвае Алімкін.

З Шыптэнкам і Паўлаўцом пазнаёміўся толькі пры азнаямленні з матэрыяламі крымінальнай справы.

«Я — блогер, я не журналіст. Я размяшчаў у інтэрнэце артыкулы, дзе гэта магчыма — у жывым журнале. Мне за гэта ніхто не плаціў».

10:15

Пачынаецца допыт Алімкіна. Ён кажа, што ніколі не працаваў на СМІ. У берасцейца тры адукацыі: інжынер, менеджар і юрыст.

«Я адпраўляў тэксты і свае развагі Юрыю Баранчыку, які працуе ў «Рэгнуме». Мы пазнаёміліся ў інтэрнэце, на форуме. Асабіста я з ім ніколі не сустракаўся», — кажа Алімкін.

10:13

Бацька адмаўляецца даваць паказанні супраць сына. «Паважаны суд зможа разабрацца ў справе без майго ўдзелу», — кажа ён.

«Коратка і зразумела: я ганаруся, што ў мяне ёсць такі сын», — толькі сказаў ён.

Абвінавачаны Шыптэнка ўстаў, калі бацька выходзіў з залы.

10:11

Будуць дапытваць Аляксея Шыптэнку, бацьку абвінавачанага. Вельмі падобныя бацька і сын знешне. Дапытваюць, бо з'язджае за межы Беларусі.

Бацька Шыптэнкі — пенсіянер. Кажа, што нарадзіўся «на Украіне».

10:08

Людзей на другі дзень прыйшло заўважна меней. Шмат журналістаў і праваабаронцаў. А вось група падтрымкі кудысьці знікла. У некаторых з прысутных на званках у мабільным гучыць гімн Савецкага Саюза.

10:05

Найбольш актыўная адвакатка ў Сяргея Шыптэнкі. А вось адвакат Дзмітрыя Алімкіна абсалютна бяздзейнічае. За ўвесь першы дзень ён так нічога і не сказаў.

10:04

Учора крышачку давялося паразмаўляць з цешчай Дзмітрыя Алімкіна. Жанчына больш за 40 гадоў адпрацавала настаўніцай хіміі ў школе. Выдатна размаўляе на беларускай мове. Кажа, што Дзіма «добры хлопец». А з поглядамі ягонымі даводзілася шмат спрачацца. 

10:02

У першы дзень судовага працэсу былі зачытаныя абвінавачанні, а таксама адвакаты падавалі хадайніцтвы. 19 снежня мусяць быць дапытаныя абвінавачаныя. Нагадаем, што ніхто з іх не прызнаў сваёй віны.

У Мінскім гарадскім судзе працягваецца суд па справе Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі. Усіх іх абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці. Паўлаўца і Шыптэнку яшчэ — у незаконннай прадпрымальніцкай дзейнасці. Паўлавец незаконна атрымаў больш за 40 тысяч рублёў, Шыптэнка — больш за 22 тысячы. Грошы пераводзіліся з Расіі, як ганарары за публікацыі. Ніхто з абвінавачаных сваёй віны не прызнаў нават часткова.

Глядзі таксама: АНЛАЙН з першага дня працэсу 

Бухвостаў пра «рэгнумаўца» Паўлаўца: «Ён не беларусафоб, нават у БНФ быў!»

Праваабаронца Стэфановіч пра справу «рэгнумаўцаў»: «Мова варажнечы ёсць, але саджаць у турму за такое не варта»

Каментары55

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі15

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Катар прыгразіў Еўропе скарачэннем паставак газу3

Колькасць пацверджаных расійскіх ваенных страт перавысіла 120 тысяч чалавек12

У цэнтры Брэста паставілі гіганцкі помнік гузіку9

Праект Belaruskicry прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем4

«Прапаноўваў два блокі Winston, каб перадалі Знаку ліст». Былы палітвязень Дзмітры Міхайлаў — пра Максіма Знака

У Мінску здарыўся чарговы патоп

Шрайбман: Лукашэнка больш прагматычны за Пуціна10

У Закарпацці падлеткі 13, 14, 16 і 17 гадоў згвалтавалі 46-гадовую жанчыну3

Палітвязню з Маладзечна, у якога няма адной нагі, прысудзілі 4 гады калоніі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі15

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць