Самым чытаным тэкстам года ў найуплывовейшым літаратурным часопісе свету «The New Yorker» стала апавяданне невядомай амерыканскай аўтаркі Крыстан Рупеніян «Кашатнік» («Cat Person»).

Рупеніян скончыла ўніверсітэт у 2003-м, два гады працавала ў асветніцкіх місіях па ахове здароўя на кенійска-ўгандыйскім паграніччы, захапілася Афрыкай, вывучыла суахілі, абараніла дысертацыю на тэму посткаланіяльных працэсаў у сучаснай афрыканскай літаратуры. Паралельна працавала пазаштатным журналістам, нянькай, прадаўцом у кнігарні. Чытала ў Гарвардзе курсы, прысвечаныя амерыканскай і афрыканскай літаратурам, этнічным і культурным асаблівасцям у прозе. Апошнія пяць гадоў займаецца творчасцю: напісала зборнік апавяданняў, працуе над раманам.

Трэба думаць, у хуткім часе апавяданні Крыстан Рупеніян выйдуць на даступнай мове — у Расіі ці ва Украіне. Мяркуючы па адным апавяданні, яна тонка адчувае сучаснасць і таленавіта ўмее перадаць назіранні.

Пачуццё па перапісцы, калі табе 20

Сюжэт «Кашатніка» просты, надзвычай жыццёвы ў дэталях. 20-гадовая студэнтка-другакурсніца Марго працуе прадаўцом снэкаў у арт-хаўсным кінатэатры. Роберт прыходзіць у кінатэатр, штораз купляе лакрычныя цукеркі і аднойчы просіць у Марго яе нумар. Тая нечакана для сябе дае. Роберт выглядае своеасабліва, не прыгажунчык: высокі, паўнаваты, з нястрыжанай барадой, плечы заўжды апушчаныя. Але ён мілы, думае Марго, канечне, не настолькі, каб падысці да яго на вечарынцы, але ў такога можна было б закахацца падчас сумных лекцый. Хаця ён яўна ўжо не студэнт.

Героі пачынаюць перапісвацца. Роберт разумны і дасціпны, і Марго прыходзіцца працаваць над сабой, каб уразіць яго. Але, калі перапіска ладзіцца і ёй удаецца адпавядаць, дзяўчына адчувае прыемны ўздым, нібыта падчас танцу. У той жа час яна заўважае: калі адказвае хутка, то і яго мэсэдж прыходзіць хутка, а калі цягне з адказам дзень-два, у выніку атрымлівае сухое і кароткае паведамленне.

Аднойчы падчас сесіі яна скардзіцца ў паведамленні, што суседка з’ела яе прадуктовыя запасы. Роберт прапануе сустрэцца і пачаставаць вячэрай. Не магу, трэба вучыцца, піша яна. Не перажывай, ненадоўга. Яны сустракаюцца ля крамы, ён купляе ёй чыпсы і вішнёвую колу. Роберт апрануты ў трусавую шапку і доўгае паліто. У спалучэнні з яго апушчанымі плячыма выглядае старамодна і дзіўнавата. Дзяўчына дзякуе за падарункі. «Добра вучыся, дарагая, хутка пабачымся», — Роберт пацалаваў яе ў лоб, нібы нейкае крохкае стварэнне. Да інтэрната Марго ляцела, поўная невыказнай лёгкасці, якую яна распазнала як прыкмету зараджэння сапраўднага пачуцця.

Пасля канікул Роберт кліча дзяўчыну ў кіно. «Толькі не на маю працу, паедзем у вялікі кінатэатр за горад». Усю дарогу да кіно Роберт маўчыць, не глядзіць на дзяўчыну. Ён ніяк не выказвае сваіх пачуццяў і падчас фільма (фільм аказаўся пра Халакост). «Падвезці цябе дамоў ці можам паехаць у бар?» — запытаў ён, калі выйшлі з кіно. «Я думаю, мы можам выпіць». «Калі ты сама хочаш», — кажа ён. Марго крыўдзіцца: гэта ўсё менш падобна да спаткання. «Ну, пасля такога фільма мне трэба выпіць». «Знаеш, як цяжка было падабраць фільм, які б уразіў дзяўчыну з артхаўснага кінатэатра? Вы, напэўна, збіраецеся там у канцы дня і смеяцеся з тых, хто прыходзіць на блокбастары і меладрамы». «О так, ха-ха», — Марго падтрымлівае гэту версію, хоць насамрэч зусім не супраць меладрам. Напэўна, я яго пакрыўдзіла сваёй няўважлівасцю, думае яна са спачуваннем. А ён жа так стараўся выбраць фільм для мяне!

У які бар паехаць? Не, у твой студэнцкі не паедзем, ты вартая лепшага — і Роберт вязе яе ў начны клуб з сек’юрыці на ўваходзе, які не прапускае дзяўчыну ўнутр, бо ёй яшчэ няма 21. «Як, табе яшчэ няма?» — «Ну, я табе казала, што я на другім курсе…» — Марго пачуваецца вінаватай. Уся чарга глядзіць на іх. Дзяўчына пачынае плакаць. Роберт у замяшальніцтве: «Але я думаў… Ладна, пойдзем у іншы бар». Па дарозе напружанасць развейваецца, і хлопец цалуе яе страсна. Марго гэты пацалунак вельмі непрыемны — «ён нібы заліваў свой язык ёй у горла». У бары Роберт прапануе выпіць гарэлкі: не, я буду піва — Марго спужалася, яна ніколі яшчэ не піла гарэлкі. Падчас трох куфляў дзяўчына пранікаецца да Роберта шкадаваннем і пяшчотай — ён такі датклівы, чуллівы… Перажываў пра фільм, пакрыўдзіўся, што яна адмовілася ісці ў кіно туды, дзе яна працуе — напэўна, падумаў, я яго саромеюся… «Якім будзе сэкс з ім?» — думае яна.

Сэкс гумовых лялек

Сэкс аказаўся такім жа нягеглым, як і ўсё спатканне. То бок Роберту было добра, а Марго не. Знешне ён аказаўся абсалютна непрывабны для яе, галізна падкрэсліла гэта. Непрывабны стаў і ўнутрана — аказалася, досціпы ў яго атрымліваліся толькі ў перапісцы. У яго ложку яна зноў адчувала сябе лялькай, толькі калі ён цалаваў яе ў лоб ля крамы, Марго пачувалася крохкім фарфорам, а цяпер — гумовай жанчынай, якую хлопец круціў у розных позах, прыгаворваючы: «О так, табе падабаецца» (і гэта не было пытаннем).

Пасля сэксу Марго спытала: «Колькі табе гадоў?» — «34. Я хацеў прызнацца табе, але не ведаў як».

Наступныя дні Марго думала над тэкстам смс-кі, якая б паклала канец гэтым адносінам. Успамінаць пра іх ёй было брыдка. Яна сумавала па тым Роберце, якога ўяўляла па паведамленнях, і з жахам думала пра рэальнасць. «Проста напішы яму, што табе больш гэта не цікава,» — раіла сяброўка. «Ну не, гэтага мала, усё-такі ў нас быў сэкс… І ён, здаецца, не благі хлопец…»

«Прывет, ты мне не цікавы, перастань мне пісаць», — сяброўка сама напісала і адправіла смс. «Ок, спадзяюся, я нічым цябе не пакрыўдзіў. Ты добрая дзяўчынка, і нам было добра разам. Дай знаць, калі зменіш сваю думку» — нечакана лагодны адказ.

Праз месяц Марго пабачыла Роберта ў той самай студэнцкай кавярні. Ён сядзеў над куфлем піва. Марго адчула страх і выйшла ў атачэнні сяброў «як прэзідэнт у акружэнні службы бяспекі». Тады ад Роберта сталі прыходзіць паведамленні:

«Вітаю, Марго, я бачыў цябе ў бары сёння ўвечары. Я ведаю, што ты сказала не пісаць табе, але я проста хацеў сказаць, што ты была вельмі прыгожай. Я спадзяюся, што ў цябе ўсё добра!»

«Я ведаю, што не павінен казаць гэта, але я вельмі сумую па табе».

«Гэй, можа быць, я не маю права пытацца, але я проста хачу спытаць, што гэта я зрабіў непрлна»

«*Няправільна»

«Мне здавалася, у нас была сапраўдная сувязь. Ты не адчуваеш гэтага ці…»

«Можа быць, я занадта стары ці, можа быць, табе спадабаўся нехта іншы».

«Той хлопец, з якім ты была сёння, твой бойфрэнд»

«???»

«Ці ён проста нейкі хлопец, з якім ты спіш»

«Прабач»

«Вы трахаецеся проста зараз?»

«Адказвай»

«Шлюха».

Так заканчваецца апавяданне. Лаканічна, іранічна і праўдзіва.

Стаяць за сябе

Трэба яшчэ патлумачыць назву апавядання: у перапісцы Роберт расказвае Марго, нібы мае двух катоў. Аднак у яго дома дзяўчына не заўважыла ніводнага. «Магчыма, яны былі ў іншым пакоі», — спрабуе яна патлумачыць сабе сітуацыю. Мы так і не ведаем, ці схлусіў Роберт пра гэтых катоў, а калі так, то навошта. Магчыма, лічыў, што так болей спадабаецца дзяўчыне?

Апавяданне выбухнула з некалькіх прычын. Па-першае, кепскія спатканні і непаразуменні з іншым полам — гісторыя, якая адназначна была ў кожнага. Прычым ад тых гісторый засталіся менавіта такія адчуванні, што з’яўляюцца пры чытанні «Кашатніка».

Таксама многія пабачылі ў гісторыі сябе. Адны ўспомнілі, як з далікатнасці саромеліся сказаць «не». Другія лічылі, што спатканне/сэкс былі выдатныя, раз не было ніякіх нараканняў і заўваг. «Мы што, павінны жаночыя думкі чытаць?!» — абураюцца мужчыны. Быў нават створаная дасціпны аповед у працяг «Кашатніка» — версія падзей на думку Роберта.

Ёсць яшчэ адзін аспект. Марго з апавядання ўвесь час адчувала сябе няёмка: баялася, што будзе выглядаць недастаткова разумнай, пераймалася, што выпадкова пакрыўдзіла хлопца, перажывала, як ён успрыме яе рэакцыю. Яго невытлумачальную холаднасць яна таксама тлумачыла як вынік сваіх слоў. Але нярэдка ўсе мы — незалежна ад полу — бываем такою Марго. Колькі сітуацый у нашым жыцці, калі мы пачуваемся вінаватымі перад чужымі людзьмі! Перад жанчынай на касе, для якой не знайшлі капеек, перад непрыемнымі знаёмцамі, сувязь з якімі нам няёмка абарваць, перад кансультантам, якога адрываем ад размовы (нават загаворваем да іх выбачальна: «Прабачце, маглі б вы патлумачыць…»). У нашым грамадстве неяк не прынята стаяць за сябе. Мы так часта апраўдваемся перад навакольнымі за свае словы і рашэнні — і ў гэтым аповедзе бачна, як недарэчна гэта выглядае. Калі ты падлетак, то яшчэ міла і зразумела, калі табе 20 — то пара ўжо вучыцца стаяць за сябе і свае межы, і да 30 пажадана зразумець уласную каштоўнасць.

Перад сэксам Роберт пытае дзяўчыну, ці гэта ейны першы раз. Тая не можа перастаць смяяцца, бо ўспамінае той самы першы раз, падрыхтоўка да якога была грунтоўнай і цалкам усвядомленай. Яны сустракаліся з хлопцам два гады, і два месяцы Марго размаўляла з ім пра фізічную блізкасць. Дзяўчына абгаварыла ўсё тое і з маці — было страшна няёмка, але змястоўна. У выніку мама зняла дачцэ і яе хлопцу пакой «ноч + сняданак», каб толькі усё прайшло ўдала (вельмі далёкія ад нашай культуры практыкі, але, можа, не бессэнсоўныя?). Усяго дзяўчына мела шасцёх партнёраў, Роберт быў сёмым.

Шкада, што маці не патлумачыла: няёмкасць — апошняе, на што трэба зважаць, калі парушаюцца твае межы. Межы — гэта тое нямногае, што абараняе наша псіхічнае здароўе. І трымаць іх вельмі важна ў любой сітуацыі, у любой сферы, асабліва ў такой датклівай, як фізічныя адносіны.

Аповед выключна тонка перадае пашыраную думку, што сэкс у сучасным свеце нічога не важыць. «Калі я цяпер адмоўлюся, я буду выглядаць як капрызная дзяўчынка, што замовіла ў рэстаране страву, а, калі яе прынеслі, адмовілася». Так разважала Марго над сваім становішчам у ложку Роберта, пакуль той разуваўся. Сэкс стаў нібы прыём ежы. Нясмачная — шкада, але ок, перацярплю. Гэта тое, што мы атрымліваем з культуры: публіцыстыкі, кніг, фільмаў.

Пра такі лёгкі, інструментальны падыход да сэксу шмат пішуць, і ён нібыта стае мэйнстрымам. Аднак на справе палавая блізкасць застаецца нечым большым, чым выпіць шклянку вады. І рэакцыя галоўнай гераіні апавядання, той стрэс, страх, тая траўма, якую яна атрымала ў выніку, паказваюць на гэта. Яна мела сэксуальны досвед (досыць багаты як для 20 гадоў), але ад агіды яе гэта не ўратавала.

Гэты сэкс быў настолькі траўматычны для яе, што падчас любошчаў яна стала глядзець на ўсё нібы збоку, а для маральнай падтрымкі пачала ўяўляць ідэальнага хлопца, якога сустрэне калісьці і са смехам будзе пераказваць гэтую нязграбную сітуацыю.

Стрэс і траўму ў выніку атрымаў і хлопец, Роберт. Яго прынізлівыя, агрэсіўныя ад бяссілля паведамленні паказваюць на гэта. Для яго гэта таксама было адносінамі, іншая справа, што паводзіў сябе ў іх ён не надта спрактыкавана.

Гэты сэкс не быў своечасовым, а таму і выйшаў настолькі непрыемны — і для яе, і ў выніку для яго. Мая думка: было яшчэ рана. Пасля пары спатканняў Марго і Роберт зразумелі б, што зусім не пасуюць адно аднаму.

Добры сэкс можа быць на той стадыі, калі людзі адкрыліся. Калі зразумелі, што можна не хлусіць пра арт-хаўс і кошак — і твая каштоўнасць у вачах другога не пацерпіць.

Добры сэкс не можа быць без душэўнай блізкасці. Бо добры сэкс — гэта ж зусім не механіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?