У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» пабачыла свет і персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына».

Па словах навуковага рэдактара энцыклапедыі і намесніка дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, праца над выданнем ішла два гады, а шлях да яго — каля васьмі. За гэты час трэба было вызначыць, ці дарасло сучаснае скарыназнаўства да паўнавартаснага збору артыкулаў, які б умясціў тое, чаго дагэтуль у друку яшчэ не было. Аказалася — дарасло.

«Адзін з найлепшых даведнікаў пра Скарыну выйшаў трыццаць гадоў таму. Калі адбылося наша першае абмеркаванне зместу будучай энцыклапедыі, узніклі сумненні, ці зможам мы скласці такі калектыў, які б асіліў працу. У выніку, калі працэс ужо пайшоў, пачалася ледзь не бойка за права быць аўтарам энцыклапедыі, а на многія тэмы выстройвалася чарга з тых, хто мог бы выступіць у ролі эксперта. Сам па сабе гэты факт ёсць найлепшае сведчанне навуковай спеласці і гатоўнасці беларусаў да асэнсавання сваёй спадчыны», — расказаў Алесь Суша.

У прадстаўленай кнізе сабраныя напрацоўкі апошніх гадоў дзясяткаў беларускіх і замежных аўтараў і абагульнены ў сціслай, але насычанай форме, а такі рэдкі для айчыннай навуковай і выдавецкай справы фармат, як персанальная энцыклапедыя, нарэшце аказаўся прысвечаны Францыску Скарыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?