Чэмпіянат у Нацыянальнай хакейнай лізе стартуе толькі на наступным тыдні, але зараз клюбы праводзяць г.зв. выстаўныя матчы.

«Таронта Мэйпл Ліўз», у які ўлетку перайшоў з «Манраэлю» беларускі форвард Міхаіл Грабоўскі, сёньня ўначы прайграў «Пітсбургу» — 2:3. Міхаіл Грабоўскі закінуў другую шайбу «кляновых лістоў». Здарылася гэта на апошняй хвіліне сустрэчы.

Міхаіл Стэфановіч, які таксама лічыцца ўласнасьцю «Таронта», на лёд не выходзіў.

«Манрэаль Канадыенс» сёньня прайграў па булітах «Дэтройту» — 2:3, але ў адрозьненьне ад учорашняга дня, браты Касьціцыны на лёд не выходзілі.

Чарговы розыгрыш Нацыянальнай хакейнай лігі стартуе 4 кастрычніка. Прычым чатырма матчамі ў Эўропе.

Так, 4 кастрычніка ў Празе пройдзе матч «Нью-Ёрк Рэйнджэрз» - «Тампа-Бэй Лайтнінгз», а ў Стакгольме згуляюць «Пітсбург Пінгвінз» і «Атава Сэнатарз». Зь ньюёрскім клюбам, між іншым, улетку заключыў кантракт беларус Уладзімер Дзянісаў.

Учора ён гуляў у выстаўным матчы супраць «Нью-Джэрзі», які «д'яблы» выйгралі 3:2, і атрымаў дзьве хвіліны штрафу ўжо на 4-й хвіліне сустрэчы.

***

У нармальнае рэчышча чэмпіянат вернецца 9 кастрычніка. «Таронта» згуляе з «Дэтройтам», зь якім улетку падпісаў кантракт беларус Сяргей Коласаў.

У той жа дзень «Каларада Эвэланш» разам зь беларусам Русланам Салеем памераецца сіламі з «Бостанам Бруінз».

10 кастрычніка «Манрэаль», за які выступаюць браты Андрэй і Сяргей Касьціцыны, згуляе з «Бафала Сэйбрз».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?