20.12.2017 / 21:58

Кіргізы патрабуюць выдаць былога прэм'ера, які, імаверна, хаваецца ў Беларусі

Грамадскае аб'яднанне «Айкол Ала-Тао» правяло 14 снежня мітынг у Бішкеку каля будынка Амбасады Беларусі ў Кыргызстане, агучыўшы свой зварот да Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе azattyk.org.

Як раней паведаміў Tut.by, былы прэм'ер-міністр Кыргызстана Даніяр Усенаў, імаверна, вядзе бізнэс у Беларусі ад імя Данііла Урыцкага. Год таму стала вядома, што чалавек з такімі імём і прозвішчам кіруе свежастворанай «Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй» (БНБК).

Пікет перад амбасадай Беларусі ў Кыргызстане

У сваёй заяве прадстаўнікі кыргызстанскай арганізацыі адзначылі, што прадстаўляюць інтарэсы «пацярпелых і сем'яў загінулых у красавіцкіх падзеях 2010 года на галоўнай плошчы Кыргызстана ў Бішкеку». «Калі Вам дарагі народ Беларусі, то не пускайце казла ў агарод. Аддайце Кыргызстану Даніяра Усенава — Данііла Урыцкага, які павінен сядзець пажыццёва ў турме», — гаворыцца ў звароце «Айкол Ала-Тао».

У заключэнне яны выказалі надзею, што Аляксандр Лукашэнка пачуе іх голас, і адзначылі, што спадзяюцца на яго «разважлівасць».

Ніхто з прадстаўнікоў Пасольства Беларусі ў КР да ўдзельнікаў акцыі не выйшаў, але прысутныя пакінулі на КПП дыппрадстаўніцтва тэкст звароту. Усяго ў акцыі, па дадзеных «Айкол Ала-Тао», прынялі ўдзел каля 50 чалавек.

Раней у сацыяльных сетках распаўсюдзілася інфармацыя аб тым, што грамадзянін Кыргызстану Даніяр Усенаў, які у мінулым займаў высокія пасады, а ў 2010 годзе ўзначальваў урад краіны, нібыта пражывае ў Беларусі пад імем Данііла Урыцкага. Судом КР Даніяр Усенаў прысуджаны да пажыццёвага зняволення ў сувязі з красавіцкімі падзеямі 2010 года, калі сілавікі стралялі ў пратэстуючых на плошчы.

Курманбек Бакіеў, скінуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў выніку крывавых пратэстаў у красавіку 2010 года, разам з сям'ёй атрымаў прытулак у Беларусі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру