Шточацвер ва ўсіх вайсковых часцях краіны праводзіцца «адзіны дзень інфармавання». Падчас яго лакальнаму камандаванню даводзяцца ідэалагічныя ўстаноўкі, якія выпрацоўваюцца ў Генштабе.

У гэты чацвер, 21 снежня, камандзірам прыйшоў вельмі рэзкі і доўгі ліст-маналог міністра абароны Андрэя Раўкова. 

У дакуменце, які аказаўся ў распараджэнні «Нашай Нівы», Раўкоў канстатуе ўтрыманскія настроі, праблемы ў рабоце з асабовым складам ды іншыя праблемы ў войску, якія патрабуюць хуткага вырашэння.

Прыводзім вытрымкі з ліста Раўкова.

«Скарачэнне злачыннасці і смяротнасці салдатаў у апошнія гады для часткі службоўцаў сталі нагодай для самаўхілення ад руплівай работы па падтрыманні дысцыпліны. Як вынік — большая частка крымінальных справаў заведзена не камандзірамі, а Следчым камітэтам, пракуратурай, у лепшым выпадку Вайсковай камендатурай. Навідавоку няведанне рэальнага стану рэчаў», —

адзначае Раўкоў і канстатуе, што сёлета загінула некалькі салдатаў, адзін з якіх — Коржыч — пры нявысветленых дагэтуль абставінах. 

«Асобныя кіраўнікі суцяшаюць сябе размовамі, што гэта абумоўлена паніжэннем якасці прызыўнога кантынгенту, паніжэннем грашовага ўтрымання. Такія размовы з'яўляюцца наскрозь ілжывымі і фальшывымі і ствараюць пагрозу для выканання дзяржаўных задач, заганяюць глыбей сацыяльную хваробу, ствараюць недавер да войска. Сёлета колькасць асобаў з судзімасцямі склала каля 5%, а з 2009 па 2012 год у асобных прызывах колькасць такіх асобаў даходзіла да 8%. Адпаведна, дэмаграфічныя праблемы — гэта толькі тыя ўмовы, у якіх знаходзяцца Узброеныя сілы, пры планаванні работы патрэбна прывядзенне ўсяго ладу вайсковага жыцця ў адпаведнасць са Статутам, або ўсе іншыя захады бессэнсоўныя».

Раўкоў канстатуе, што за апошнія пяць гадоў толькі 50% удзельнікаў злачынстваў [у войску] дайшлі да суда, а тыя 90% часцей, дзе няма злачынстваў, не з'яўляюцца паказчыкам адсутнасцю парушэнняў і злачынстваў, «бо ў большай ступені яны носяць латэнтны характар».

«У адказных асобаў склалася прымітыўнае разуменне сутнасці выхавання і абсалютнае неразуменне яго метадаў», — даводзіць Раўкоў і падмацоўвае гэта ўзорамі.

«31 сакавіка скончыў жыццё самагубствам шараговец А. Басцюк. З першых дзён службы праявіліся ягоныя нізкія адаптыўныя здольнасці, нізкі ўзровень нервовай устойлівасці. Усё ляжала на паверхні, салдат неаднаразова паведамляў камандзірам пра цяжкасці службы. Але ў выніку абыякавасці і адсутнасці індывідуальнай работы прычыны праблем салдата выяўлены не былі, адпаведна — не былі і вырашаны. 11 сакавіка да кіраўніцтва палка звярнуліся бацькі салдата, якія паведамілі пра нестатутныя адносіны.

Пры гэтым сутнасць звароту бацькоў стала вядомая калектыву, пасля чаго з салдатам перасталі размаўляць саслужыўцы. Напярэдадні смерці салдат пазваніў маці і развітаўся з ёй, але нават пасля гэтага сігналу ад бацькоў кантроль за салдатам і індывідуальная работа з ім не была арганізавана.

Гэта сведчыць пра няведанне абстаноўкі ў падраздзяленнях, адсутнасць выхаваўчай работы, самаўхіленне адказных асоб ад рэагавання на праблемы салдат і невыкананне афіцэрамі рэкамендацый псіхолага па рабоце з псіхалагічна ўразлівай катэгорыяй ваеннаслужачых». 

Не абышоў Раўкоў і здарэнне ў Печах.

«Выяўленыя найдзічэйшыя факты злачыннай халатнасці адказных асоб, іх самаўхілення ад выканання абавязкаў, наяўнасць мудрагелістай сістэмы здзекаў, вымаганняў грошай, прычым не толькі ў дачыненні Коржыча. І ўсё гэта ў навучальным цэнтры, дзе, у адрозненне ад войскаў, прасцей навесці парадак і арганізаваць адбор малодшых камандзіраў.

Пра злачынствы ў 72 АВЦ даведаліся толькі ў ходзе следчых дзеянняў. Імя прапаршчыка Вірбала [які падазраецца ў вымаганні грошай у Коржычы] стала назыўным, пра яго ведаюць ва ўсім свеце. А ў 19-ай асобнай механізаванай брыгадзе выявіўся такі факт: у адказ на зварот салдата да камандзіра роты наконт праблем ва ўзаемаадносінах з саслужыўцамі, апошні параіў звярнуцца да «асновы» роты для вырашэння праблем. Што такое «аснова»? Гэта сінонім «пахана» ці «сматрашчага» на мове крымінальна-лагернага жаргона. То бок афіцэр фактычна ўхіліўся ад абавязкаў падтрымання правапарадку і перадаў гэтыя функцыі служачым. Сёлета таксама заведзена справа на прадстаўніка 72 АВЦ, які яшчэ ў 2012 годзе прыняў хабар у выглядзе пакета прадуктаў, а потым неаднаразова прымаў для сябе спіртное, каву і прадукты ад ваеннаслужачых. Каментары тут залішнія.

Поўная маральная дэградацыя. Пры такіх афіцэрах не можа быць парадку».

Далей прыводзіцца яшчэ некалькі выпадкаў дробнага хабару, Раўкоў канстатуе, што «чым ніжэйшы памер крадзяжу ці хабару, тым болей упаў чалавек», а таксама запэўнівае, што любое злачынства ў войску будзе выяўлена.

Што ж прапануе міністр? 

«Неабходна бязлітасна вычышчаць Узброеныя сілы ад асоб, для якіх няма паняцця афіцэрскага гонару, а таксама звярнуць увагу на наступнае: адказныя асобы, якія паспрабуюць схаваць любыя правапарушэнні, а тым болей злачынствы, а таксама тыя, хто не прыме неабходных дзеянняў для рэагавання, будуць строгім чынам прыцягвацца да адказнасці, у тым ліку крымінальнай. Гэта аксіёма, бо наступствы злачынстваў у войску — гэта ўдар па ўсёй абараназдольнасці краіны. Таксама камандзіры будуць усебакова заахвочвацца, калі яны своечасова выявяць правапарушэнне, у тым ліку — замах на злачынства ці яго падрыхтоўку», — рэзюмуе Раўкоў у сваім лісце.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?