Рэльеф Марса натуральны (злева) і з вадой ва ўяўленні мастака (справа)

Нядаўнія назіранні за Марсам пры дапамозе тэлескопаў паказалі, што за мінулыя 3,7 мільярда гадоў Марс страціў столькі вады, колькі хапіла б для таго, каб пакрыць усю паверхню чырвонай планеты акіянам таўшчынёй у 140 метраў. Куды знікла гэтая вада, навукоўцы спрабуюць высветліць, вывучаючы старажытныя марсіянскія метэарыты.

Група даследчыкаў з Оксфардскага ўніверсітэта звярнула ўвагу на цікавую асаблівасць самых старажытных марсіянскіх метэарытаў: іх пароды зусім не падобныя ні па колеры, ні па структуры і складу на тыя мінералы, якія сёння знаходзяць на паверхні Марса роверы Curiosity і Opportunity. У прыватнасці, у іх утрымліваецца вялікая колькасць так званых асноўных горных парод, і вельмі мала злучэнняў з атамамі кіслароду і іншых акісляльнікаў.

Гэта наштурхнула даследчыкаў на думку, што хімічны склад парод на Марсе мог прыкметна памяняцца ў апошнія 4 мільярды гадоў пад уздзеяннем касмічных прамянёў, сонечнага ветру і вадкае вады.

«Кругаварот пародаў у нетрах Зямлі перашкаджае рэзкім зменам у канцэнтрацыі вады на паверхні планеты, бо «лішняя» вільгаць выводзіцца з парод да таго, як яны дасягаюць мантыі. На Марсе кругавароту пародаў няма, і яго воды пастаянна ўзаемадзейнічалі з базальтавымі лавамі, фармуючы багатыя вадой мінералы. У выніку аблічча Марса памянялася, і планета стала сухой і знежывелай», — заявіў адзін з даследчыкаў Джон Уэйд.

У выніку гэтага вялікая частка вады Марса магла не выпарыцца ў космас, як лічыць сёння большасць планетолагаў, а «выцекчы» у ягоныя нетры, дзе яна хаваецца і дагэтуль. Наступны марсіянскі ровер НАСА, як спадзяюцца аўтары артыкула, дапаможа праверыць, ці так гэта.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?