Дэкан філасофскага факультэта БДУ, гісторык Вадзім Гігін даў інтэрв’ю газеце «Звязда», дзе паразважаў над падзеямі стогадовай даўніны — Усебеларускі з’езд, абвяшчэнне БНР.

Гігін адзначыў, што Усебеларускія сходы, якія праводзіць перад выбарамі Лукашэнка, з’яўляюцца працягам Першага ўсебеларускага з’езда, які адбыўся ў снежні 1917 года.

Чаму БНР так і не стала «сапраўднай дзяржавай», спытаўся журналіст у Гігіна.

«Нельга было стаць дзяржавай ва ўмовах замежнай акупацыі. Немцы не падтрымлівалі ідэю БНР, хоць яе лідары і разлічвалі на іх апеку — гэта першае. Другое — не было народнай падтрымкі.

Тыя людзі, якія стваралі БНР, з'яўляліся прадстаўнікамі палітычных сіл, якія прайгралі выбары ва Устаноўчы сход. Акрамя таго, не было падтрымкі з боку астатніх партый краю. Як толькі 25 сакавіка 1918 года была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, меншавікі, эсэры і іншыя ад БНР адышлі», — сказаў Гігін.

Па ягоных словах, бальшавікі былі гатовыя на стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі яшчэ ў 1917 годзе, але «свавольствы групы Мяснікова—Кнорына—Ландэра, а потым і нямецкае наступленне замарудзілі гэты працэс і адклалі яго аж да 1 студзеня 1919 года».

Хто на думку гісторыка, найбольш паўплываў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці? «Беларусы — вельмі мудрыя людзі, бо па сацыялагічных апытаннях сярод найбольш папулярных гістарычных дзеячаў яны вылучаюць тых, хто не выклікае супярэчнасцяў. Гэта тыя фігуры, якія нацыю аб'ядноўваюць, паколькі, як і ў гісторыі любой дзяржавы, у нас былі вельмі супярэчлівыя дзеячы.

Дык вось, найбольш папулярныя гістарычныя персанажы ў нас — гэта Францыск Скарына, Янка Купала, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, а следам звычайна ідзе Пятро Машэраў», — кажа дэкан філасофскага факультэта БДУ.

Пасля гэтага Гігін дадаў ад сябе яшчэ рэмарку. «Значны ўклад у тое, што Беларусь стала асобнай савецкай рэспублікай, унёс Іосіф Сталін. І ў скліканні з'езда, і ва ўтварэнні БССР, потым яе ўзбуйненні, і ў далучэнні Заходняй Беларусі ён адыграў вялікую ролю. Так, гэта быў крывавы дыктатар і тыран, але ж без яго ўявіць развіццё беларускай дзяржаўнасці немагчыма», — адзначыў гісторык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?