Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Аляксандр Лукашэнка 22 снежня падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

Тэкст праекта дэкрэта, з якім азнаёмілася «Наша Ніва», насамрэч можна назваць прарыўным.

Стаўка робіцца на спрашчэнне правілаў гульні ў беларускім ПВТ для замежных інвестараў, да таго ж легалізуюцца крыптавалюты. Глабальны намер палягае ў тым, каб пераўтварыць Беларусь з краіны «ІТ-аўтсорсера» ў самастойнага гульца, які працуе на сябе, а не на замежныя кампаніі.

Вось асноўныя пункты.

— Ад падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) вызваляюцца замежныя кампаніі, якія аказваюць рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій маркетынгавыя, рэкламныя, кансультацыйныя і іншыя паслугі. (Напрыклад, для таго, каб прадаць мабільны дадатак, трэба купіць рэкламу. Google i Facebook — найбуйнейшыя пляцоўкі. Згодна з цяперашнім заканадаўствам, на кожныя $100 за рэкламу трэба сплаціць $20 ПДВ і $15 падатку на прыбытак замежнай арганізацыі. Канкурэнты з замежжа гэтых падаткаў не плоцяць, што робіць немагчымым прасоўванне прадукту на замежных рынках. Рэдакцыя дэкрэта выпраўляе гэтую хібу.)

— Захоўваюцца льготы для ПВТ, у прыватнасці: вызваленне ад падатку на прыбытак і ПВД (па агульным правіле). Замест гэтага рэзідэнты выплочваюць 1% ад валавай выручкі на карысць адміністрацыі ПВТ; сплата падатку з фізічных асобаў на паніжанай стаўцы (9%), а таксама ўнёскаў у ФСАН, разлічаных ад сярэдняга заробку па краіне, а не ад фактычнага (што менш у 3—4 разы). 

— Рэзідэнты ПВТ атрымліваюць магчымасць праводзіць аперацыі з электроннымі грашыма без шэрагу ранейшых абмежаванняў, без дазволу Нацбанка адкрываць рахункі ў замежных банках, праводзіць грашовыя аперацыі з рухам капіталу толькі ў паведамляльным парадку, складаць першасныя ўліковыя дакументы адзінаасобна. (Падкрэсліваецца, што заканадаўства аб кантролі за замежнагандлёвымі аперацыямі на рэзідэнтаў ПВТ не распаўсюджваецца.)

— Асобным пунктам у дэкрэце адзначаецца магчымасць інвеставаць у ПВТ па брытанскім праве і заключаць дамовы, якія выкарыстоўваюцца ў міжнародным бізнэсе: пагадненні аб прадастаўленні апцыёна на заключэнне дамовы і апцыённыя дамовы, дамовы канвертаванага займа, пагадненні аб кампенсацыі маёмасных страт, пагадненні аб адказнасці за пераманьванне работнікаў, non-compete пагадненні з работнікамі з выплатай ім кампенсацый за перыяд дзеяння non-compete абавязкаў.

— Рэзідэнтам ПВТ таксама спрашчаюць рэкрутынг замежных спецыялістаў: для такіх замежнікаў скасоўваюцца візы, а іх наймальнікам не трэба будзе атрымліваць дазволы, звязаныя з прыёмам на работу грамадзян іншых краін.

— У Беларусі цалкам легалізуюцца лічбавыя валюты і токены, ствараюцца ўмовы для ўцягнення крыптавалют у цывільнае абарачэнне. У прыватнасці, майнінг (здабыццё электронных грошай) не прызнаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, дэклараванне крыптавалют фізічнымі асобамі непатрэбна, токены можна купляць, пакідаць у спадчыну, абменьваць на рэальныя грошы і гэтак далей (але ўсе аперацыі з крыптавалютамі будуць ажыццяўляцца праз рэзідэнтаў ПВТ, каб адкінуць махляроў — гэта стане дадатковай гарантыяй, чаго няма ні ў адной краіне). Прынамсі да 1 студзеня 2023 года гэтая дзейнасць не абкладаецца падаткамі.

Па ацэнках, пасля прыняцця дэкрэта і да 2030 года лічба занятых у ІТ вырасце да 100 тысяч чалавек (супраць 30 тысяч цяпер), аб'ём экспартнай выручкі мае вырасці да $4,7 мільярдаў на год (супраць $1 мільярда цяпер), замежныя інвестыцыі маюць вырасці на $3,2 мільярда — да $4 мільярдаў.

Таксама важна, што ўмовы допуску ў ПВТ застаюцца ранейшымі — толькі правераныя фірмы змогуць працаваць у такім рэжыме. Пры гэтым пашыраюцца сферы дзейнасці ПВТ: распрацоўка беспілотнага транспарту, штучнага інтэлекту, медыцынскія і біятэхналогіі, авіяцыйныя і касмічныя распрацоўкі.

ІТ-супольнасць мяркуе, што калі дэкрэт будзе прыняты ў поўным выглядзе, то гэта зробіць Беларусь лідарам у рэгіёне па вядзенні ІТ-бізнэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?