У пачатку тыдня міністр абароны Андрэй Раўкоў правёў прыём грамадзян у Барысаве. Сярод тых, хто трапілі да міністра, былі прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч.

Андрэй Раўкоў. Фота svaboda.org.

Андрэй Раўкоў. Фота svaboda.org.

Праз некалькі дзён на афіцыйным сайце Мінабароны з’явіўся адказ «Гавары праўду». Ведамства абурылася, што ў адным з інтэрв’ю Таццяна Караткевіч сказала, што Міністэрства не дало адказ на прапановы аб увядзенні вайсковага амбудсмена, арганізацыі незалежнай гарачай лініі для вайскоўцаў, а таксама стварэнні кансультацыйнай рады пры Міністэрстве абароны.

Мінабароны прыйшло да высновы, што прапановы «Гавары праўду» з’яўляюцца некампетэнтнымі. У ведамстве сцвярджаюць, што вайсковыя псіхолагі вызваленыя ад бюракратычнай працы, а таму могуць засяродзіцца толькі на працы з асабістым складам.

Што тычыцца стварэння «апякунскай рады», то на думку ведамства, супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і так наладжана.

«Прапанова аб камплектаванні падраздзяленняў вайскоўцамі тэрміновай ваеннай службы аднаго перыяду не апраўдалася ў найноўшай гісторыі. З канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Савецкай Арміі спробы стварэння падраздзяленняў з вайскоўцаў аднаго перыяду службы не мелі выніку. Яны не прывялі да зніжэння правапарушэнняў, але пры гэтым паўстала нямала праблем у падтрыманні неабходнага ўзроўню баявой гатоўнасці канкрэтных падраздзяленняў», — гаворыцца ў адказе.

«Пытанне аб змене заканадаўства ў бок вызвалення ад крымінальнай адказнасці за самавольнае пакіданне вайсковай часткі ў сувязі з «дзедаўшчынай» сведчыць пра тое, што эксперты слаба ведаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Ад 2005 года ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь існуе норма, у адпаведнасці з якой, асоба, якая мае статус ваеннаслужачага, якая ўпершыню ўчыніла дзеянні, прадугледжаныя артыкулам 445 («Самавольнае пакіданне часці або месца службы»), можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці, калі зробленае з'явілася следствам збегу цяжкiх абставінаў», — пішацца на сайце Мінабароны.

Што тычыцца скарачэння тэрміну службы, то на дадзены момант гэта «не прадстаўляецца магчымым».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?