Музыка сумнага часу. Запісы з пацёртых плытак. На якім музычным фоне адбываліся сталінскія рэпрэсіі? TuzinFM склаў сьпіс беларускіх твораў, што гучалі па радыё ды выдаваліся на кружэлках цягам 1930-ых гг. Большасьць зь іх у сеціве публікуецца ўпершыню.

1. «Падзяка Сталіну» (муз. Я.Цікоцкі — сл. К.Крапіва)

Аўтар музыкі да «Падзякі Сталіну» Яўген Цікоцкі

Аўтар музыкі да «Падзякі Сталіну» Яўген Цікоцкі

Калі б у БССР існаваў афіцыйны гіт-парад, то гэты сьпеў без сумневу стаяў бы на першым месцы. На грамафоннай кружэлцы 1939 году «Падзяку Сталіну» выконвае Беларускі аб’яднаны хор калгасна-саўгаснае самадзейнасьці. Тэкст панэгірыка склаў байкапісец Кандрат Крапіва адмыслова да Ўсесаюзнае сельска-гаспадарчае выставы. Аўтар музыкі, ураджэнец Санкт-Пецярбургу Яўген Цікоцкі лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснае беларускае кампазытарскае школы. У Купалаўскім тэатры (былым БДТ-1) дагэтуль ідзе «Паўлінка» зь ягонай музыкай.

Аўтар словаў да песьні «Падзяка Сталіну» Кандрат Крапіва (крайні справа ў ніжнім шэрагу) з паплечнікамі па літаратурным аб’яднаньні «Узвышша», фота 1927 г. Большасьць зь іх будзе рэпрэсаваная ў 1930-х, частка расстраляная ў 1937-м.

Аўтар словаў да песьні «Падзяка Сталіну» Кандрат Крапіва (крайні справа ў ніжнім шэрагу) з паплечнікамі па літаратурным аб’яднаньні «Узвышша», фота 1927 г. Большасьць зь іх будзе рэпрэсаваная ў 1930-х, частка расстраляная ў 1937-м.

А ў аднайменным фільме-спэктаклі суаўтарам Цікоцкага стаў адзін зь першых беларускіх джазмэнаў Юры Бяльзацкі. Мала хто ведае, што Яўген Карлавіч калекцыянаваў замежныя газэты ды часопісы, у ягоным зборы меліся выданьні на 60 мовах. Ёсьць сьведчаньні, што ў апошнія гады жыцьця кампазытар абараняў гістарычны цэнтар Менску ад разбурэньня. Што да гімнаў Сталіну, то яшчэ пару такіх мела ў рэпэртуары беларуская сьпявачка Ірма Яўзэм: «Два сокалы» альбо «Савецкі просты чалавек». Падрабязьней пра яе распавядзем ніжэй (пункт №9).

2. «Бывайце здаровы» (муз. І.Любан — сл. А.Русак)

Бясспрэчны й галоўны беларускі гіт 1930-х зьмешчаны на другім баку тае ж кружэлкі Беларускага аб’яднанага хору. Песьня Адама Русака ды Ісака Любана адразу ж сталася народнай. Да пачатку вайны яе неаднаразова перавыдавалі ў самых розных выкананьнях. «Бывайце здаровы» сьпявалі хор Пятніцкага, Леанід Уцёсаў з дачкой і сваім джаз-аркестрам, нават француская шансаньетка Сара Горбі.

Паэт Адам Русак і кампазытар Ісак Любан

Паэт Адам Русак і кампазытар Ісак Любан

З аўтарствам ад самага пачатку здарылася блытаніна. Да прыкладу, на кружэлцы 1938 году пазначаныя такія дадзеныя: «Будьте здоровы». Застольная песня. Музыка Захарова. Текст записан со слов Адама Русака в колхозе «Красный пахарь». На іншых выданьнях «Бывайце здаровы» пазначаецца альбо як проста народная песня (зусім без аўтараў), альбо як народная, запісаная Ісакам Любанам і аранжаваная Мікалаем Мінхам. Ёсьць музычная вэрсія Сяргея Пракофьева. Маюцца публікацыі, дзе аўтарам тэксту пазначаецца Міхал Ісакоўскі, хаця ён толькі зрабіў пераклад на расейскую. Пасьля Ісакоўскі быў змушаны выбачацца перад Русаком, прызнаючы аўтарства спадара Адама.

Адам Русак у складзе вясковае капэлі, сядзіць крайні з правага боку

Адам Русак у складзе вясковае капэлі, сядзіць крайні з правага боку

3. «Надзейка» (нар., апр. І.Любана)

Ларыса Александроўская, фота з калекцыі Мікалая Бяляева

Ларыса Александроўская, фота з калекцыі Мікалая Бяляева

Арыгінальны беларускамоўны варыянт «Бывайце здаровы» найперш асацыюецца са сьпявачкай Ларысай Александроўскай. Праўда, запісы шлягеру ў ейным выкананьні датуюцца ўжо 1940-мі гг. У 1936-м выйшла кружэлка (верагодна, дэбютная) зь дзьвюма песьнямі Ларысы Пампееўны — па адной на кожным баку. Агульны тон дыптыху найбольш адпавядае атмасфэры таго пэрыяду, якім ён бачыцца сёньня: пранізьлівая адчайная безвыходнасьць.

4. «Што за месяц, што за ясны» (нар., апр. Ул. Тэраўскага)

Выступае Ларыса Александроўская. На цымбалах ёй акампануе Іосіф Жыновіч. Здымак пачатку 1930-х

Выступае Ларыса Александроўская. На цымбалах ёй акампануе Іосіф Жыновіч. Здымак пачатку 1930-х

На іншым баку кружэлкі Ларысы Александроўскай 1936 г. зьмешчаны чарговы шлягер — народны сьпеў у апрацоўцы Ўладзімера Тэраўскага. Праз два гады кампазытар будзе расстраляны НКУС у Менску. На запісе пазнавальнае сапрана суправаджаюць два цымбалісты-самавукі Станіслаў Навіцкі ды Ханон Шмелькін. Менавіта зь імі Ларыса Пампееўна ў 1937 годзе ўпершыню выканала «Бывайце здаровы». У дуэце з Александроўскай Навіцкі выступаў у Нямеччыне, Даніі ды Швэцыі.

5. «А ў полі вярба» (нар., апр. Левандоўскага) 

Удзельнік цымбальнага дуэту Станіслаў Навіцкі запісваўся й сам па сабе. У 1932 годзе выйшла плытка з трыма апрацоўкамі фальклёру ў выкананьні цымбаліста. Хоць гуказапіс тады быў не такі якасны, як цяпер, цымбалы гучаць надзіва аб’ёмна й мякка. На этыкетцы надпіс па-ангельску: «All-russian state corporatio (Усерасейская дзяржаўная карпарацыя)».

6. «У месяцы верасьні» (нар.)

Запісы дуэту Навіцкага — Шмелькіна таксама выдаваліся. Абодва лічацца аднымі з заснавальнікаў народнае аркестры імя Жыновіча. Разам яны ўваходзілі й у цымбальны ансамбаль, кіраўнік якога, кампазытар Рыгор Самохін стаў ахвярай НКВД у 1944-м.

Рыгор Самохін і ягоны аркестр, фота kimpress.by

Рыгор Самохін і ягоны аркестр, фота kimpress.by

Што тычыцца спадара Ханона, то пакуль не атрымалася спраўдзіць інфармацыю, ці ня бацька гэта Марка Шмелькіна, які таксама граў на цымбалах і пэркусіі ў складзе ВІА «Песьняры» другое паловы 1970-х гг. Тым больш што «У месяцы верасьні» з плыткі цымбальнага дуэту 1936 году выконвалі й Уладзімер Мулявін з кампаніяй.

7. «Зялёны дубочак» (нар., апр. Н.Сакалоўскага)

Беларускі дзяржаўны тэатр-3 на чале з Уладзіславам Галубком 

Беларускі дзяржаўны тэатр-3 на чале з Уладзіславам Галубком 

Акром згаданага напачатку БДТ-1, меўся яшчэ Беларускі дзяржаўны тэатар №2 (у Віцебску) і №3 (у Гомлі). БДТ-3 паходзіў са славутае вандроўнае трупы Ўладзіслава Галубка. З 1932 году замест Галубка тэатрам стаў кіраваць Канстанцін Саньнікаў (дзед экс-кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010). А самога Галубка ў 1937-м расстралялі, як і колішніх актораў ягонага тэатру — паэтаў Міхася Чарота ды Алеся Дудара. Дарэчы, Чарот да таго ж адказваў за партыі барытона ў хоры Тэраўскага. У 1934 годзе акторы Трэцяга беларускага дзяржтэатру запісалі на кружэлку тры народныя сьпевы, у тым ліку й «Зялёны дубочак».

8. «Ружа-кветка» (нар., апр. Н.Сакалоўскага)

Нестар Сакалоўскі

Нестар Сакалоўскі

Працяглы час акторам і хормайстрам у БДТ-3 служыў Нестар Сакалоўскі, той самы аўтар афіцыйнага гімну БССР і сёньняшняй РБ. Сярод дасягеньняў кампазытара — паўтысячы сабраных і апрацаваных народных песень. Менавіта песьні са збору Сакалоўскага трапілі на згаданую плытку 1934 году. Кажучы сучаснай мовай, атрымаўся міньён батанічнае скіраванасьці: «Зялёны дубочак», «Ой, зялёна вялёна ў лузе трава», «Ружа-кветка». Сьпеў пра траву пазьней уваходзіў у харавыя зборнікі ўсесаюзнага прызначэньня, а «Ружа-кветка» дагэтуль выконваецца айчыннымі музыкамі на ўсе лады.

9. «Песьня пастуха» (нар., апр. М.Штэйнбэрга)

Ірма Яўнзэм, фота з калекцыі Віктара Венглевіча

Ірма Яўнзэм, фота з калекцыі Віктара Венглевіча

Сьпявачка Ірма Яўнзэм зь дзяцінства чула ў родным доме ў Менску беларускія ды латыскія песьні. Амаль сотню беларускіх народных сьпеваў яна сабрала ў галодным 1921 годзе, калі хадзіла зь сёстрамі па вёсках, абменьваючы рэчы на ежу. Сярод іх апынулася й песьня з разраду сіроцкіх пастухоўскіх. «Песьня пастуха» была выдадзеная ў апрацоўцы Максымільяна Штэйнбэрга ў 1934 годзе. Яны часта выступалі разам. Прычым, у рэпэртуары сьпявачкі налічвалася звыш за 5 тысячаў сьпеваў 64 народаў сьвету (у тым ліку чукчаў, эвенкаў і гольдаў). І выконвала яна гэтыя песьні пераважна на мовах арыгіналу, але зь відавочным беларускім акцэнтам.

Ірма Яўнзэм выступае ў шпіталі, фота з калекцыі Віктара Венглевіча

Ірма Яўнзэм выступае ў шпіталі, фота з калекцыі Віктара Венглевіча

З гастролямі Ірма Пятроўна наведала, акром усяго СССР, Кітай, Японію, Карэю, Нямеччыну. Прапаноўваліся кантракты на канцэрты ў іншых краінах Заходняе Эўропы ды ў Амэрыцы. У Бэрліне яе адмыслова запісвалі ў «Архіве гукаў». Сьпявачка пісала ў мэмуарах, што ў 1930-ых гг. ейнае амплюа зьмянілася: на зьмену камізму прыйшлі драма й лірыка. Перад тым бальшавікі расстралялі яе дзеда, пад арышт у Менску трапіла сястра Эвэліна, другая сястра загінула пасьля наведваньня НКВД. Песьні многіх народаў з рэпэртуару Ірмы Яўнзэм трапілі пад забарону.

10. «Яснае сонца закацілася» (нар.)

У 1939 г. пабачыў сьвет, як сказалі б цяпер, канцэптуальны падвоены сынгл на салярны тэмат. На адным баку зьмешчаны сьпеў «Яснае сонца закацілася», на другім адпаведна — «Сонца яснае ўсходзіла». Густа ды зычна сьпявае Калгасны хор Казловіцкага сельсавету Менскае вобласьці. У сучаснай Беларусі Казловічы атрымалі статус аграгарадку. Кружэлка-дыптых захоўваецца ў Нацыянальнай бібіліятэцы Беларусі.

11. «Кукулька» (нар.)

Назва наступнага калектыву можа пабіць рэкорд па працягласьці: Беларускі аб’яднаны ансамбаль народных інструмэнтаў калгасу «Ленінскі шлях» Дзяржынскага раёну Менскае вобласьці й Хойніцкае машынна-трактарнае станцыі Палескае вобласьці. Такая вобласьць існавала ў БССР цягам 1938—1954 гг. з цэнтрам у Мазыры, а потым была падзеленая між Гомельшчынай, Меншчынай ды Магілеўшчынай. Існуе як мінімум дзьве плыткі з запісамі названага ансамблю. Адна выйшла на Нагінскім заводзе, другая на Рыскім. «Кукулька» месьціцца на другой і датуецца 1939 г.

12. «Калыханка» (нар., апр. М.Чуркіна)

Мікалай Чуркін

Мікалай Чуркін

Калыханка гучыць амаль як пахавальны марш, але вельмі прыгожа. Камэрную п’есу для струннага квартэту напісаў кампазытар і фальклярыст Мікалай Чуркін, у 1936 годзе яе выдалі на кружэлцы. Праз год тую калыханку запісалі артысты Тэатра опэры й балету імя Кірава ў Ленінградзе. Што тычыцца, Мікалая Чуркіна, то ён нарадзіўся ў Армэніі ў 1869 годзе. Як і Яўген Цікоцкі, Мікалай Мікалаевіч лічыцца адным з бацькоў беларускае прафэсійнае музыкі, а таксама піянэрам у музыцы для дзяцей. У прыватнасьці, ён склаў радыёопэру «Рукавічка», опэру «Раскіданае гняздо» паводле Купалы ды шмат чаго іншага. У ягоным зборы — болей за 3 тысячы песень і танцаў розных народаў.

P.S. Гэты «гіт-парад» дае толькі павярхоўнае ўражаньне пра беларускую музыку 1930-х гг. Далёка ня ўсё створанае тады запісвалася ды выдавалася, а тое, што й было зафіксавана, цяпер нялёгка адшукаць. Многія рэчы зьнішчаліся фізычна разам з аўтарамі. Разам з тым, ужо тады склалася цэлая плеяда айчынных кампазытараў, існавала мноства разнастайных дуэтаў, ансамбляў ды духавых аркестраў. Асобнае беларускае музычнае жыцьцё віравала ў Вільні. Адначасова ў Заходняй Беларусі гучэла й зусім іншая музыка — танга, факстроты ды спробы джазу, і займаліся тым разам з палякамі й нашыя землякі зь Беласточчны ды Наваградчыны. Іншыя запісы 1930-х (перадваенную партызанскую, габрэйскі фальклёр, беларуска-ўкраінскія спалучэньні, песьні пра Жыгулі) можна пачуць у адмысловым выпуску радыёпраграмы «Кракатук».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?