25.09.2008 / 15:03

Тэлефонную размову з Лукашэнкам ініцыяваў Салана

Паведамляе прэс‑служба А. Лукашэнкі.

25 верасня прэс‑служба А. Лукашэнкі распаўсюдзіла паведамленне аб тым, што тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Хаўера Саланы напярэдадні адбылася па ініцыятыве апошняга.

Як БелаПАН паведамляў раней, у ходзе размовы абмяркоўвалася развіццё ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне, а таксама ўвесь спектр супрацоўніцтва Беларусі і ЕС. Была падкрэслена важнасць адкрыцця новай старонкі ў адносінах бакоў.

А. Лукашэнка і Х. Салана «дамовіліся аб працягу распачатага дыялогу пасля вяртання вярхоўнага прадстаўніка з Нью‑Йорка, дзе ён удзельнічаў у сесіі Генеральнай асамблеі ААН».

У пачатку верасня пасля нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС у Авіньёне (Францыя), дзе абмяркоўвалася магчымасць адмены санкцый у адносінах да Беларусі, Х. Салана паведаміў журналістам, што пасля таго як у Беларусі былі вызваленыя палітзняволеныя,

ён меў «працяглую тэлефонную размову» з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым
.

У сярэдзіне жніўня вярхоўны прадстаўнік ЕС вітаў вызваленне Аляксандра Казуліна і выказаў спадзяванне, што яно будзе садзейнічаць «узаемавыгаднаму» дыялогу ЕС і Беларусі. Паводле яго слоў, вызваленне А. Казуліна — важны крок, што падмацоўвае станоўчую дынаміку развіцця сітуацыі ў рэспубліцы ў пачатку года, калі былі адпушчаныя пяцёра палітзняволеных. Х. Салана выказаў надзею, што «ход выбараў у парламент у Беларусі дасць новы пазітыўны імпульс курсу ЕС і Беларусі на збліжэнне».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру