За водар амерыканскіх і французскіх цыгарэт, якіх было валам і паўсюль, за шапік з той яшчэ «Нашай Нівай» насупраць ГУМа, за бясконцыя бяседы на Панікоўцы, на бульвары ля «Пінгвіна», у «Куратніку» на Тройцы, у піўбары ў тым жа Траецкім, у «Памоечцы», і ў славутым буфеце ля архітэктурнага факультэта БПІ, падчас якіх абмяркоўвалася усё — ад жаночых форм да ідэалогіі…
Люблю 90-я за чоткае і новае беларускае піва: «Старажытнае», «Бурштын Беларусі»… Пішу, і смак 90-х на маіх вуснах праступае пенай. За гарэлку ў таксістаў, за Royal — выратаванне бедных студэнтаў, які разводзілі проста з крана ў сталоўскім буфеце.
Змена шыльды на Ленінскім праспекце ў сувязі з перайменаваннем яго ў праспект Францыска Скарыны, 1992 год. Фота з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў via 90s.by.
У фантане на Панікоўцы мы купаліся і цалаваліся, і піва там лілося ракою — за вечар кампаніяй мы выпівалі сотню пляшак, якія хуценька забіралі «свае» бабулькі.
Гэта цяпер Панікоўка нагадвае месца для прагулак зняволеных — паліць нельга, піва на лавачцы — нельга, нават па патрэбе няма куды, бо славутую, як Рым, прыбіральню, ператварылі ў касы, а чувачкі ў форме і з дручкамі там гаспадары…
Я магу шмат пісаць, але калі вы сапраўды хочаце занырнуць у той час, перачытайце «Хвілінку» Ігара Бабкова — гэта абсалютна неймаверны тур у мінулае, з успамінамі, якія, здавалася, даўно сцерліся…
А пра беднасць хай пішуць бухгалтары.