Пра гэта сусветны лідар будыстаў напісаў у сваім лісце, накіраваным у арганізацыю літоўскіх паганцаў «Рамуву» перад снежаньскім сходам яе старэйшынаў.

Ліст ад Далай-ламы быў агучаны падчас «рамувоўскай» Крывулі ў Вільні, калі старшынькай «Рамувы» пераабралі Інію Трынкунене. «Рамуву» яна ўзначальвае з 2014 года, тады сход старэйшынаў арганізацыі выбраў яе на трохгадовы тэрмін.

У лісце ад Далай-ламы XIV-га між іншым гаворыцца:

«Дасылаю ў Літву сваім дарагім братам і сёстрам цёплыя вітанні з вашымі традыцыйнымі святамі і Новым годам. З прыемнасцю і любоўю згадваю наведванне вашай цудоўнай краіны ў кастрычніку 1991 года — крыху больш за дваццаць шэсць гадоў таму. Мне прыемна ведаць, што вы можаце карыстацца свабодай, аднаўленне якой тады святкавалі.

Абнадзейвае тое, што літоўцы могуць свабодна вяртацца да сваіх гістарычна-культурных каранёў і аднаўляць традыцыі — так, як гэта робіць «Рамува», — гэтак робячы свой унёсак ва ўзмацненне каштоўнасцяў культуры і прызнанне важнасці прыроды ў нашым жыцці».

У апошні раз, другакроць, Далай-лама наведваў Літву чатыры гады таму, у 2013-м.

Ліст будысцкага лідара асабліва актуальны для «Рамувы» цяпер, бо для супольнасці самае актуальнае пытанне — працэс дзяржаўнага прызнання. Больш за сем месяцаў Міністэрства юстыцыі Літвы цягне з адказам, які мусяць накіраваць у Сейм Літвы, каб парламентарыі прагаласавалі за наданне «Рамуве» статусу прызнанай дзяржаваю «традыцыйнай» рэлігіі.

Паводле літоўскага заканадаўства, калі хоць якая рэлігійная грамада праіснавала ў незалежнай Літве больш за 25 гадоў, дык мусіць адбыцца працэс яе дзяржаўнага прызнання, што дае пэўныя палёгкі. Пазалетась, з падачы каталіцкага лобі ў парламенце, намагаліся павялічыць гэты тэрмін да 75 гадоў, але тыя спробы былі няўдалымі.

Цяпер у літоўскім Сейме большасць мае кааліцыя, у аснове якой — «зялёныя», пераможцы мінулагодніх парламенцкіх выбараў. Іх лідар Рамунас Карбаўскіс прыхільны да «Рамувы», ўдзельнічаў у іх святах, а ў сваім родным мястэчку за ўласныя кошты нават насыпаў «Балцкую арэну» — вялізную гару накшталт даўняга гарадзішча, на якой ладзяць каляндарныя святкаванні і «рамувоўскія» абрады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?