25.12.2017 / 16:59

На запраўцы ў Гродне замест 95-га бензіну залівалі дызель — 27 «ахвяр» 5

У Гродне 23 снежня на АЗС №68 «Беларуснафта» аўтамабілістам залівалі замест 95-га бензіну дызельнае паліва. Па якой прычыне адбылося змешванне 95-га бензіну з дызпалівам, пакуль невядома, піша newgrodno.by.

Адны машыны заглухлі ў некалькіх метрах ад АЗС, іншыя паспелі ад’ехаць і заглухлі на трасе. Пра гэта распавяла жыхарка Гродна, чыя машына пацярпела ў той дзень.

«Я прыехала на запраўку ў 14.50. Заправіўшыся 95-м бензінам, я ад'ехала. Праехала метраў сто ў напрамку выезду і зразумела, што ехаць машына адмаўляецца. Прыблізна ў чатырохстах метрах знаходзілася аўтастаянка, куды я з цяжкасцю, але даехала. Машына дрынчала, тузалася і была гатова вось-вось заглухнуць. Пад'ехаўшы на стаянку і заглушыўшы рухавік, я вырашыла завесці машыну яшчэ раз, але гэта ўжо было бессэнсоўна, машына заглухла цалкам», — распавяла Наталля.

Дзяўчына падумала, што справа ў паліве, бо да АЗС машына ехала без праблем, і вырашыла вярнуцца на запраўку, каб удакладніць, ці маглі супрацоўнікі памыліцца і пераблытаць. Там ёй сказалі, што ўсё ў парадку і што ніхто не звяртаўся з падобнымі скаргамі.

Машыну вырашана было пакінуць каля аўтасэрвісу, што знаходзіўся непадалёк.

«Увечары мужу патэлефанавалі з ДАІ і пацвердзілі, што супрацоўнікі запраўкі пераблыталі цыстэрны і замест 95-га бензіну залілі дызпаліва. Параілі звярнуцца на запраўку для далейшых разбіральніцтваў, бо не мы адны апынуліся ў спісе пацярпелых. То бок не «Беларуснафта», а ДАІ абзвоньвала аўтаўладальнікаў з выбачэннямі і прапановай усё выправіць», — здзіўляецца гарадзенка.

На запраўцы ўсім аўтаўладальнікам, у бензабакі якіх трапіла салярка замест бензіну, сказалі, што кампенсуюць шкоду пасля дыягностыкі на СТА, якую адмыслова адкрылі для тых, хто пацярпеў ад памылкі супрацоўнікаў АЗС у той дзень.

«Паказалі спіс пацярпелых аўто, якіх на той момант апынулася 27, і рэкамендавалі выклікаць эвакуатар і адправіць аўтамабіль на сэрвіс, дзе правядуць поўны зліў паліва і прачыстку бака», — працягвае Наталля. — Дарэчы, пацярпелым аўтаўладальнікам супрацоўнікі «Беларуснафты» рэкамендавалі пазначыць у звароце на аўтасэрвіс «няякасны від паліва». То бок пра тое, што быў заліты не той від паліва, яны вырашылі не папярэджваць».

Карэспандэнт Newgrodno.by звязаўся з яшчэ адным кліентам АЗС, чыя машына гэтак жа пацярпела ад халатнасці супрацоўнікаў АЗС №68.

«Мне на запраўцы прапанавалі выклікаць эвакуатар і ехаць на СТА да гродзенскага мясакамбіната, куды адпраўлялі ўсе пацярпелыя ў той дзень машыны. Аплаціць усё, натуральна, самастойна, а затым з чэкам ехаць у галоўны офіс «Беларуснафты» — для далейшай кампенсацыі. Прачыстка паліўнай сістэмы на гэтым СТА доўжылася не больш за 40 хвілін, прычым без дакументаў і належнага афармлення. Я паехаў на іншую станцыю дыягностыкі. Спачатку напярэдадні святаў, а цяпер і на самі святы я застаўся без машыны. Кіраўніцтва запраўкі вусна выбачылася за нязручнасці. Але маральную шкоду: страчаныя грошы, час, нервы і «наступствы» працы рухавіка на такім «кактэйлі» ніхто, па ўсёй бачнасці, кампенсаваць, як я зразумеў, не збіраецца», — абураецца малады чалавек.

Супрацоўнікі АЗС сваю віну ў інцыдэнце прызналі, пацвердзіўшы, што замест бензіну ў той дзень залівалі дызельнае паліва.

nn.by

4
Грязный Гарри / Адказаць
25.12.2017 / 17:51
Не удивлюсь,что этих несчастных еще и виноватыми попытаются сделать.Страна для жизни...Вся наша власть уже давно перепутала педали и рычаги управления в стране.Валите в отставку к чертовой матери,банкроты!
2
самый Серый / Адказаць
25.12.2017 / 18:58
Усю адказнасць зваляць на аператара, які выконваў прыемку паліва і магчыма пераблытаў цыстэрны. Толькі ўявіце сабе: недзе 5-10 тон паліва па 0.6$ за літр трэба спісаць. І гэтыя грошы будуць спагнаныя з шараговага работніка азс. А праблема ў тым што на беларуснафце на на працуючых панавешвалі столькі абавязкаў што выканаць іх амаль што немагчыма. Да таго ж сакрацілі штат, а аплату працы зрабілі настолькі нізкай што адказным і працавітым людзям прыходзіцца звальняцца. І вось прыходзіць уладкоўвацца туды жанчына на пенсіі без тэхнічнай адукацыі. Яе бяруць спачатку прыбіраць у зале ці на тэрыторыі. Праз некаторы час пераводзяць на аператара. Зразумела яна месяц ці два праходзіць навучанне і нават здае нейкія іспыты. Але ж уявіце якая верагоднасць зрабіць непапраўную памылку ва ўсёй гэтай сістэме. І што самае галоўнае, падобная ўласцівасць кіравання характэрна шмат у якіх сферах у нашай краіне.
0
Sergio / Адказаць
25.12.2017 / 21:59
В банках кассиры выдают "лишние" деньги,на заправке льют вместо бензина солярку-это БЕЛАРУСЬ!
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру