Дзмітрый Алімкін (Ала Бронь), фота Сяргея Гудзіліна

Дзмітрый Алімкін (Ала Бронь), фота Сяргея Гудзіліна

У Мінскім гарадскім судзе працягваецца разгляд крымінальнай справы «прарасійскіх публіцыстаў», якіх абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні. На лаве падсудных — дацэнт БДУІР Юрый Паўлавец, брэсцкі ахоўнік Дзмітрый Алімкін і галоўны рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыпценка, піша Tut.by.

Сёння ў судзе дапытваюць Дзяніса Рабянка, які ў кастрычніку 2016 года напісаў на аднаго з аўтараў «Рэгнума» заяву ў Генпракуратуру.

— Я прачытаў артыкул Алы Бронь (псеўданім Дзмітрыя Алімкіна) на «Рэгнуме» і ў канцы кастрычніка 2016 года напісаў заяву ў Генпракуратуру. У артыкуле аўтар пісаў, што беларусы — не нацыя, мовы няма, а беларусы — унукі паліцаяў. Гэта ўсё мяне абурыла, і я напісаў заяву, бо я лічу, што такія артыкулы распальваюць нацыянальную варажнечу. Мне далі адказ з Генпракуратуры, што заводзіць крымінальную справу, як я прасіў, не будуць, блакаваць рэсурс — таксама.

У Міністэрства інфармацыі і іншыя органы Рабянок не звяртаўся. Тэкстаў іншых абвінавачаных Рабянок не чытаў. У сваім адказе Генпракуратура паказала, што сама звернецца ў Мінінфармацыі наконт публікацыі.

— У тэкстах беларускамоўных называюць унукамі паліцаяў, а беларускай мовай, піша аўтар, карыстаюцца толькі русафобы. Я не хачу, каб жыхары Расіі думалі так. Заўтра насельніцтва Расіі, які-небудзь Матарола, пачытае такое і паедзе ў Беларусь вызваляць рускамоўных. Я такога не хачу, — сказаў Рабянок.

— Можа, Ала Бронь настальгуе па тых часах, калі беларускай мовай карысталася больш людзей, 30 гадоў таму? Можа, у сваіх тэкстах заклікае вярнуць іх? — удакладніў абаронца Дзмітрыя Алімкіна.

— Вы чыталі артыкул? Там аўтар піша, што беларускай мовы наогул няма.

У самога Алімкіна таксама было некалькі пытанняў да Рабянка.

— Вы ж апазіцыянер. Вам з уладай разам выступаць не западло? — пачаў Алімкін.

— Я ніколі не хаваў сваіх палітычных поглядаў. Але пры чым тут гэта?

— Гэта пытанні не па сутнасці, палітычныя погляды сведкі да справы не адносяцца, — адрэзаў суддзя.

Алімкін таксама спытаў, ці стаў сведка пасля чытання тэкстаў горш ставіцца да рускіх або беларусаў. Рабянок катэгарычна адказаў, што горш стаў ставіцца толькі да людзей, якія пішуць падобныя тэксты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?