28.12.2017 / 13:46

Спектаклі года, якія мусіце паглядзець: «Верабейка», «Бетон», «Сіндром Медэі»… 11

Піша Аляксей Стрэльнікаў.

У гэтым годзе ў тэатрах з'явілася вельмі шмат цікавых і разнастайных спектакляў, таму вылучыць нейкі рэйтынг вельмі складана. І гэта прыемная складанасць. Прыведзенае ніжэй, — гэта тыя спектаклі 2017 года, якія варта наведаць і ў годзе наступным. Таму сюды не трапіў, напрыклад, «Войцэк» у пастаноўцы Юрыя Дзівакова, які шмат абмяркоўвалі па з'яўленні, але які ўжо нельга пабачыць на сцэне Купалаўскага. Таксама я абмінуў і тыя спектаклі і праекты, да якіх спрычыніўся арганізацыйна.

Быў у Пана верабейка гаварушчы…

Фота: суполка Belarus Free Theatre, facebook.com

Беларускі свабодны тэатр. Рэжысёр Мікалай Халезін

Для мяне гэта адназначна спектакль года. Свабодны тэатр задае вельмі высокі ўзровень працы ў тэатры, якому цяжка адпавядаць. Прэм'ера паводле тэксту, які толькі-толькі выйшаў кніжкай, дзеля спектакля рэжысёр і артысты вынайшлі ўнікальную форму, выканаўцы граюць за межамі сваіх здольнасцяў, вялікі рэзананс у СМІ і сацсетках.

За стагоддзе дазволенай беларускай культуры сапраўдная беларуская вёска на сцэне тэатраў зрабілася вампукай, і толькі акцёры Свабоднага тэатра загаварылі галасамі сапраўднай вёскі, якія ўважліва запісаў Зміцер Бартосік.

Гісторык Аляксей Братачкін трапна назваў успаміны, якія зрабіліся асновай спектакля, «начыненымі фаршам ідэалагічных канструкцый». Так, гэта, канечне, спектакль пра гісторыю, у некаторай ступені пра немагчымасць дайсці да сапраўднай гісторыі праз нашу заангажаванасць. Але яшчэ ў большай ступені гэтае «застолле ў Рэгіны» для мяне зрабілася вобразам публічных дыскусій у Беларусі ўвогуле. Яны быццам увогуле не пра дамовіцца або зрабіць нешта разам. Невясёлае, адным словам, свята.

Бетон

Фота: rtbd.by

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Рэжысёр Яўген Карняг

Яўген Карняг робіць ужо другую пастаноўку на сцэне дзяржаўнага тэатра. І кожны раз дае нам уяўленне пра тое, якім класным наш тэатр мог бы быць. Відовішча на сцэне Тэатра беларускай драматургіі пакідае ўражанне прывезенага знекуль на ТЭАРТ спектакля.

Спектакль зроблены паводле міфу аб Арфеі, кожная частка спектакля названа ў гонар пэўнага эпізода, але скразная гісторыя не такая важная, апроч таго, што яна пра смерць і пра адчуванне сябе чужым сярод іншых людзей. Карняг прыдумляе для артыстаў тэматычныя атракцыёны, якія яны з задавальненнем пераадольваюць. І асабіста маё асноўнае адчуванне ад спектакля было захапленне ад таго, наколькі зладжана і рытмічна ўсё прыдумана.

У спектаклі цудоўнае афармленне, якое прыдумала Таццяна Нэрсісян. Роўная бетонная сцяна, якая цягам спектакля аказваецца напоўненай самымі разнастайнымі сакрэтамі і сюрпрызамі. Нечым гэта нагадвае наша жыццё ў бетонных мікрараёнах, дзе ў бетонных блоках пахаванае таемная стракатае жыццё. У нейкай ступені менавіта гэта і ёсць нашым Аідам, куды спускаецца артыст, рэжысёр па сапраўдную эмоцыю для свайго мастацтва. Што праўда, у Арфея такой эмоцыяй зрабілася смерць і тварыць пасля гэтага ён ужо не даў рады.

Mann ist Mann

Фота: kultprosvet.by

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Рэжысёр Аляксей Ляляўскі

Аляксей Леляўскі стварае свае спектаклі, быццам не зважаючы на трэнды, але з вытанчанасцю майстра кун-фу трапляе сваімі спектаклямі ў балявыя пункты сучаснага чалавека. У гэтым спектаклі рэжысёр здолеў перадаць знакамітую формулу Брэхта, аўтара п'есы: асацыяльны персанаж у асацыяльным калектыве. Пра Брэхта ўсе ведаюць, што ён камуніст, які, аднак, праславіўся п'есамі, дзе героі эгаістычна імкнуцца да разнастайных маляўніча апісаных асалодаў — ці не ў гэтым сакрэт іх папулярнасці? Сёння такія буржуазныя паводзіны прынята называць інфантыльнасцю, зрэшты як і антыбуржуазны пафас таксама.

У выніку рэжысёрская партытура невыпадкова выдатна пасуе маладой частцы акцёрскай трупы тэатра (сталыя акцёры тут, зрэшты, таксама цалкам да месца). Яны граюць групу салдат, такі тыповы мужскі калектыў, які раптам аднолькава падобны да купкі хамаватых грузчыкаў і праграмістаў на карпаратыве, якія вырваліся з офіса. Каб спектакль быў трохі карацейшым, яго нават можна было б рэкамендаваць да такіх карпаратываў, настолькі там раскошнае і вынаходлівае візуальнае афармленне і стылёвая музыка.

Сіндром Медэі

Фота: rtbd.by

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Рэжысёр Кацярына Аверкава

Калі галоўнай тэмай года ў свеце называць фемінізм, то атрымліваецца цалкам у трэндзе спектакль пра жанчыну, прыдуманы жанчынай-драматургам, пастаўлены жанчынай-рэжысёрам. Юлія Чарняўская наўрад ці мела тое на ўвазе, калі пісала сучасную версію класічнай Медэі, але паралелі паміж трагічным міфам і сучаснасцю здаюцца невыпадковымі. Справа нават не ў тым, што сучасная Медэя выкідвае сваіх дзетак з вокнаў шматпавярховіка… Абсалютна да месца аказваецца, што Мэдэя, па сутнасці, імігрантка, старажытны хор выглядае падобным на сучасныя форумы і фэйсбук, і самое галоўнае: залежнае ад мужчыны месца жанчыны ў грамадстве становіцца сюжэтастваральным. Калі так шмат залежыць ад мужчыны, што рабіць, калі пакласціся на яго нельга? Аказваецца, што рабіць няма чаго…

Кацярына Аверкава прыдумала цудоўную візуальную форму, дзе артыстам граецца лёгка, а гэта ўсё ідзе на карысць атмасферы спектакля. І, калі працягнуць пра фемінізм, цудоўнае выкананне актрысы Людмілы Сідаркевіч, якая нібыта выпадае з ансамбля спектакля, ад чаго эмоцыя ад спектакля толькі ўзмацняецца.

Аляксей Стрэльнікаў

0
муля / Адказаць
28.12.2017 / 13:28
Халезин,Братачкин,Чычыкава,Бартосик, Свобода,прэмия... Ура!
4
Аляксей / Адказаць
28.12.2017 / 13:46
Дзіўнавата не бачыць у  гэтым спісе “Школу падаткаплацельшчыкаў” Купалаўскага. І тэатр №1, і ўсе фронтмэны занятыя, і выканана-пастаўлена бліскуча,  да таго ж, звышактуальна. Хіба таму, што Хітрык з’ехала?  
4
Аляксей / Адказаць
28.12.2017 / 14:50
муляІронія цалкам зразумелая: на першае месца пастаўлены спектакль паўпрафесійнага тэатра, які да таго ж і паглядзець немагчыма. Ці магчыма, хоць бы ў інтэрнэце? Падкажыце! Таму, не бачачы, не бяруся меркаваць, бо астатнія спектаклі вылучаны заслужана. Да пералічаных добрых тэатраў дадаў бы Рускі, але ці былі ў іх цікавыя прэм’еры ў 2017? Мо, не заўважыў. Пра Купалаўскі ўжо сказаў – вось сапраўднае першае месца.  
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру