1. Пеніцылін

У 1928 годзе брытанскі бактэрыёлаг Аляксандр Флемінг аглядаў пакінутыя у лабараторыі кубкі Петры, у якіх была калонія стафілакокаў. У адным з кубкаў ён заўважыў нешта незвычайнае: бактэрыі пазбягалі ўчасткаў, на якія трапілі споры плесневага грыба. Пазней з штаму аднаго з грыба віду Penicillium быў атрыманы першы ў свеце антыбіётык, які па сёння захоўвае мільёны жыццяў. А Флемінг у свой час атрымаў Нобелеўскую прэмію.

2. Мікрахвалевая печ

У 1945 годзе інжынер амерыканскае кампаніі Raytheon, якая спецыялізавалася на вытворчасці вайсковай тэхнікі, Персі Спэнсер даследаваў сканструяваны ім выпраменьвальнік звышвысокачастотных мікрахваляў, якія прызначаліся для радара супрацьпаветранай абароны. Пасля нейкага перыяду працы Спэнсер вырашыў падсілкавацца шакаладнай цукеркай, што была ў ягонай кішэні. Нечакана навуковец заўважыў, што цукерка нагрэлася і ператварылася ў шакаладную пасту.

8 кастрычніка 1945 года Персі Спэнсер зарэгістраваў патэнт на апарат для прыгатавання ежы пры дапамозе электрамагнітных хваляў.

Чытайце таксама: Як працуе мікрахвалевая печ і чаму ўсе думаюць, што ў СССР яны былі забароненыя.

3. Віягра

Першапачаткова прэпарат сілдэнафіл, вядомы пад гандлёвай маркай «Віягра», быў сінтэзаваны кампаніяй Pfizer з мэтай паляпшэння крывацёку ў міякардзе і лячэння стэнакардыі і ішэмічнае хваробы сэрца. Аднак у 1992 годзе падчас клінічных выпрабаванняў было выяўлена, што ягоны ўплыў на сардэчны крывацёк — мінімальны, у той час як уплыў на крывацёк у ворганах малога таза — максімальны.

4. Тэкстыльная зашпілька

Аднойчы швейцарскі інжынер Жорж дэ Местраль звярнуў увагу на галоўкі лопуху, што прычапіліся да поўсці ягонага сабакі. Местраль вывучыў іх пад мікраскопам, і аказалася, што яны трымаюцца пры дапамозе маленечкіх кручкоў, якія чапляюцца за адзенне або футра. Некалькі гадоў інжынер эксперыментаваў з рознымі тканінамі і, нарэшце, вынайшаў вядомыя ўсім ліпучкі з нейлону.

«Ліпучка» пад мікраскопам.

«Ліпучка» пад мікраскопам.

Тэхналогія была карыснай, але здабыла сапраўдную папулярнасць, толькі калі астранаўты праграмы Апалон пачалі з яе дапамогай замацоўваць прадметы ў бязважкасці. 

5. Суперклей

Рэчыва «цыянаакрылат» было выпадкова вынайдзена ў 1942 годзе Гары Куверам, які ў 1942 годзе спрабаваў стварыць празрысты пластык для аптычных прыцэлаў. Аднак атрыманае рэчыва праз залішнюю клейкасць было забракаванае. У 1951 годзе амерыканскія даследчыкі падчас пошукаў тэрмаўстойлівага пакрыцця для кабін знішчальнікаў выпадкова выявілі ўласцівасць цыянаакрылату трывала склейваць розныя паверхні. Тады Кувер ацаніў магчымасці рэчыва, і ў 1958 годзе яно ўпершыню паступіла ў продаж пад гандлёвай маркай «Супер клей». 

6. Рэнтгенаўскае выпраменьванне

У 1895 годзе нямецкі прафесар фізікі Вільгельм Конрад Рэнтген працаваў з катоднаю трубкай, закрытай шчыльным кардонам, і выявіў дзіўнае свячэнне, выкліканае рэчывам побач з трубкай. Так навукоўца зразумеў, што з трубкі зыходзіць невядомае раней выпраменьванне, якое потым у некаторых краінах атрымала назву рэнтгенаўскага, а ў некаторых — ікс-выпраменьвання.

7. Тэфлон

Тэфлон — запатэнтаваная назва рэчыва політэтрафторэтылен, што было адкрытае ў 1938 годзе доктарам Роем Планкетам, які спрабаваў стварыць новы від хлорфторвугляроду. Аднойчы ён зазірнуў у маразільную камеру, дзе стаяла ёмістасць з эксперыментальным узорам газу, і выявіў, што газ знік, а на дне засталіся сляды белага рэчыва, вывучыўшы якое Планкет зразумеў, што яно тугаплаўкае і можа паслужыць добрай змазкай.

Тэфлон мае рэдкія фізічныя і хімічныя ўласцівасці і ў наш час шырока ўжываецца ў тэхніцы і побыце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?