Дадатковы непрацоўны дзень можа парушыць правы атэістаў, лічаць у Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Органы ўлады далі адказ на петыцыю аб вяртанні статусу непрацоўнага дня 1 або 2 лістапада. Калектыўны зварот з больш за 1,8 тыс. подпісаў быў накіраваны ў Савет міністраў Беларусі, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта. Асобны зварот дасылалі кіраўніку Беларусі каталіцкія біскупы, у прыватнасці, падтрымаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

З Адміністрацыі прэзідэнта паведамілі, што ліст быў накіраваны ў Апарат Саўміна. Адказ падпісала намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка, паведамляе Katolik.life.

Прадстаўнік улады піша пра тое, «зварот па пытанні аб'явы непрацоўным днём 1 лістапада, які з'яўляецца святам Усіх Святых па календары каталіцкай канфесіі, разгледжана ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў». Пры гэтым пра Дзень памяці памерлых, які адзначаецца 2 лістапада, у адказе нічога не гаворыцца. Але аўтары петыцыі рабілі акцэнт менавіта на праблеме працоўнага дня на «Дзяды», які адзначаюць не толькі каталікі, але і грамадскасць у цэлым.

- У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» ўсе грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад iх адносiнаў да рэлiгii, - пішуць у адказе з апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. - Права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў. У адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян.

Менавіта таму ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў лічаць, што «ў цяперашні час дапаўняць рэлігійныя святы, якія адзначаюцца ў Рэспубліцы Беларусь у якасці святочных дзён, яшчэ адным, і аб'яўляць яго непрацоўным днём, немэтазгодна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0