27.12.2017 / 12:38

Беларускіх медыкаў, якіх утрымлівалі ў Лівіі, вывезлі з краіны 1

Траўматолаг Сяргей і яго жонка, медсястра Іна, якіх два месяцы не выпускалі з Лівіі, змаглі вылецець з краіны. Сёння яны павінны вярнуцца ў Беларусь.

— Цяпер ужо ёсць надзея, што вось-вось сітуацыя вырашыцца, і мы апынемся на радзіме, — распавяла ў аўторак вечарам Іна. — Больш за месяц мы хадзілі па коле, канфлікт не вырашаўся, а адразу пасля артыкула на партале з намі звязаліся расійскія дыпламаты і прапанавалі сваю дапамогу.

11 снежня родныя беларускіх медыкаў звярнуліся ў Tut.by і распавялі: траўматолага Сяргея і медсястру Іну не выпускаюць з Лівіі. Пара з'ехала туды працаваць 7 гадоў таму па запрашэнні Муамара Кадафі, уладкавалася працаваць у дзяржаўны шпіталь. Розніца ў заробку была істотнай — медсястры адразу прапанавалі тысячу даляраў, яе мужу 2-3 тысячы. А год таму яны перайшлі працаваць у прыватную клініку.

- Мужа спрабавалі ўгаварыць заключыць кантракт на 5 гадоў, аднак з улікам цяжкай сітуацыі ў краіне ён адмовіўся. У выніку дамовіліся — працуем да 25 кастрычніка 2017 года, пакуль не скончыцца працоўная віза, і выязджаем у Беларусь, - распавядала Іна. - - У ваюючай краіне траўматолаг на вагу золата. Але мы былі настроеныя катэгарычна і нават купілі квіткі на самалёт, 5 лістапада з мужам павінны былі пакінуць Лівію. І пачалося. На нас сталі выклікаць паліцыю, пагражаць турмой, прыходзілі нейкія людзі ў ваеннай форме і патрабавалі падпісаць дакументы на арабскай мове.

Муж і жонка звярнуліся па дапамогу ў паліцыю, але там у іх забралі пашпарты.

- Калі вы напісалі нашу гісторыю, з намі звязаліся дыпламаты з пасольства Расіі ў Тунісе і прапанавалі дапамогу, — распавядае Іна. — Так як дакументаў на руках няма, за намі прыехаў чалавек і правёз праз усе блокпасты ў Трыпалі. Засяліў у адну з найлепшых гасцініц і ні на хвіліну не пакідалі адных, ці мала што. Мне пашпарт вярнулі, а вось мужу далі дазвол на выезд, па якім ён зможа вярнуцца на радзіму. Мы ўжо ляцім дадому!

У аўторак Іна і Сяргей вылецелі з Трыпалі ў Турцыю, а ў сераду раніцай — у Маскву.

— Чакаем, што на працягу дня яны вернуцца на радзіму, — кажуць сваякі.

3
Блрс / Адказаць
27.12.2017 / 15:29
Шчыры дзякуй Рамзану Ахматавічу, які займаўся гэтым пытаннем.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру