27.12.2017 / 15:27

Эксперты прапануюць абкладаць мясаедаў падаткам гэтаксама, як і курцоў ці вы згодныя? 35

Дадатковы падатак можа пакрыць экалагічную шкоду, якую робіць жывёлагадоўчая галіна, і стаць перашкодай да празмернага ўжывання мяса, паведамляе партал futurism.com, спасылаючыся на адпаведны навуковы даклад. Ягоныя крытыкі лічаць, што такія захады могуць прывесці да пагаршэння сітуацыі з харчаваннем сярод беднага насельніцтва.

Курэнне і спажыванне мяса мае аднолькавы ўплыў на навакольнае асяроддзе і здароўе грамадства: вытворчасць мяса пагаршае навакольнае асяроддзе праз выкіды парніковых газаў і выкарыстанне непрапарцыйна вялікае колькасці зямлі і вады на вытворчасць адзінкі бялку, а курэнне прыводзіць да вялікіх выдаткаў на ахову здароўя, якія кладуцца на плечы грамадства. 

У дакладзе аналітыкі прапануюць затраты на барацьбу з негатыўным уплывам жывёлагадоўлі пакласці на тых, хто спажывае прадукцыю гэтай галіны прамысловасці, па аналогіі з курцамі, якія плацяць адпаведны падатак, закладзены ў пачак цыгарэт.

Ідэя так званага «падатку на мяса» палягае ў тым, што, калі гамбургер будзе каштаваць як талерка ікры, мясаед лішні раз падумае над тым, каб скарыстацца больш танным вегетарыянскім меню.

«Мы лічым, што кожны мае права на здаровую і сытную дыету, і ў ідэале гэта [падатак на мяса] мае садзейнічаць больш хуткаму пераходу да ўжывання раслінных бялкоў, якія карыснейшыя для людзей і менш шкодныя для планеты», — распавядае спадарыня Розі Уордл, кіраўніца аддзелу інвестыцыйных праектаў Ініцыятывы па ацэнцы рызыкаў інвестыцый у жывёлагадоўчыя фермы (FAIRR).

Падчас аналізу даследаваліся тры асноўныя прадукты, абкладанне падаткам якіх паспяхова рэалізаванае ўрадамі розных краін, і разглядалася магчымасць далучэння мяса чацвёртым у гэты спіс.

Больш як 180 краін ужо ўвялі падатак на тытунёвыя вырабы, 60 — распрацавалі схему спагнання падатку на выкіды вугляроду, а падатак на цукар спаганяецца як мінімум у 25 краінах. 

«Новы падатак будзе генераваць грошы, якія могуць быць патрачаныя на ахову здароўя, — лічыць пані Уордл. — Пакуль ніякіх захадаў не прымаецца ў гэтым кірунку, але мы бачым, што падобныя прапановы ўзнікаюць усё часцей, і гэтая тэма становіцца прадметам дыскусій».

Армія мясаедаў расце

Фота: franzl34/Pixabay

Паўночныя краіны, такія як Данія і Швецыя, сталі аднымі з першых, хто прызнаў, што пагроза бескантрольнага ўжывання мяса, выкліканая імклівым ростам сусветнага насельніцтва, нарастае.

У 2016 годзе Дацкая рада па этыцы прапанавала ўвесці падатак на мяса праз негатыўны ўплыў яго вытворчасці на экалогію. У Швецыі партыя зялёных таксама заклікала да ўвядзення «кліматычнага падатку на мяса» і прапаноўвала прымацоўваць да прадуктаў адпаведныя лэйблы, якія б паведамлялі пра негатыўны ўплыў іх вытворчасці на экалогію.

Згодна з праектам Оксфардскага ўніверсітэта «Наш свет у фактах», з 1961 года сусветная вытворчасць мяса вырасла амаль у пяць разоў, у прыватнасці ў Азіі — ажно ў 15 разоў. Зараз у адной толькі Азіі вырабляецца ад 40 да 45 адсоткаў сусветнай колькасці мяса, і, паводле прагнозаў, гэтая лічба будзе толькі расці. 

Пагрозы, звязаныя з гэтай тэндэнцыяй, больш складаныя, чым пагрозы, звязаныя з вытворчасцю і спажываннем тытуню, вугляроду і цукру.

Жывёлагадоўля з'яўляецца не толькі вялікай крыніцай выкідаў вуглякіслага газу: празмернае спажыванне мяса звязана таксама з павышэннем рызыкі развіцця дыябету, раку і распаўсюджвання рэзістэнтнасці (устойлівасці арганізму) да антыбіётыкаў.

Аднак умеранае ўжыванне мяса зусім не шкодзіць здароўю. Акрамя таго, у месцах, дзе голад і недаяданне ўсё яшчэ шырока распаўсюджаныя, увядзенне ў рацыён большай колькасці ялавічыны, свініны ці птушкі будзе мець бясспрэчныя перавагі для здароўя.

Павышаючы кошт мяса, павышаем сацыяльную няроўнасць

«Спажыўцы адрэагуюць на змяненне кошту [мяса і прадуктаў з яго] па-рознаму, — лічыць спадар Ёзэф Шмідгубер, намеснік дырэктара аддзела гандлю Арганізацыі харчавання і сельскае гаспадаркі (FAO). — Некаторыя будуць адаптаваць свой рацыён [спажываючы менш мяса і больш раслінных прадуктаў], іншыя ж будуць прытрымлівацца ранейшых звычак».

Павышэнне цэнаў на мяса адаб’ецца ў першую чаргу на больш бедных людзях і прывядзе да змяншэння яго спажывання.

«І гэта кепска, бо вы караеце тых, хто мае патрэбу ў павелічэнні спажывання мяса. Мы называем гэтую мадэль рэгрэсіўным падаткам», — кажа спадар Шмідгубер. З адваротнага боку, на спажыванне мяса сярод заможных людзей павелічэнне коштаў ніяк не паўплывае, бо ў іх заўсёды ёсць лішнія грошы, у тым ліку на больш якаснае мяса. 

Такім чынам, падатак ніяк не паўплывае на тую групу людзей, якая найбольш уплывае на пагаршэнне сітуацыі.

Больш мяккі падыход да вырашэння праблемы закладзены ў адну з тэорый, за якую эканаміст Рычард Талер атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 2017 годзе. Яна прадугледжвае, што, замест пакарання людзей [грашыма] за няправільны выбар, мы маглі б аблягчыць ім рабіць правільны.

У выпадку з мясам гэта можна рэалізаваць, прапанаваўшы замену, якая будзе дастаткова блізкая да мясной прадукцыі па смаку, харчовай каштоўнасці і кошце, каб людзі маглі без роздуму перайсці да яе спажывання. І такія тэхналогіі ўжо існуюць, што праўда, праблема іх высокага кошту ўсё яшчэ не вырашаная. 

Чытайце таксама: Як генетыкі ствараюць штучнае мяса, што не адрозніць ад сапраўднага

Ілья Параскевіч паводле futurism.com

4
РРВ / Адказаць
27.12.2017 / 15:30
Дурасць нейкая.
2
хідры кублік / Адказаць
27.12.2017 / 15:46
Чарговыя грантасмокі. Замест таго, каб працаваць, зарабляюць грошы, седзячы у офісе. Існая тэндэнцыя паказвае, што па-большасці грошы не накіроўваюцца на нейкія добрыя рэчы, а у асноўным праз спекуляцыі акумулююцца у кішэнях фінансавых маніпулятараў. Свабодных грошай усё меньш, і шукаюцца новыя магчымасці выціснуць яшчэ што-небудзь. Негатыўны уплыў ад мясной вытворчасці - смешна, на фоне таго, які гмах смецця генеруе кожны жыхар, і веганы у тым ліку. А вось Шмідгубер слушна кажа - заможным будзе усёроўна, а бедным будзе яшчэ хужэй. Карацей, навука наперад сунецца слаба, а грошай офіснікам хочацца усё болей. Дарэчы, нічога не сказана аб шкодзе, якую творыць вырошчванне расліннай альтэрнатывы мясу - пестыцыды, гербіцыды, хімічныя угнаенні, кансерванты.
4
belariy / Адказаць
27.12.2017 / 15:51
я згодзен, што спажываць зашмат мяса шкодна для здароўя, мне не падабаецца, што дзеля мяса трэба забіваць іншых жывых істот. але ці здольная расьлінная дыета цалкам забясьпечыць чалавека ўсімі тымі неабходнымі мікраэлементамі, што мы атрымліваем з мяса ?? я не спецыяліст у гэтай сферы, таму не буду нічога даказваць ці спрачацца. але дакладна ведаю, што менавіта спажываньне мяса калісьці падштурхнула разьвіцьцё інтэлекту ў найстаражытнейшых людзей. таму ўводзіць падатак на мяса, параўноўваючы гэта з падаткам на тытунь, думаю, будзе не надта карэктна.
Паказаць усе каментары/ 35 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру