27.12.2017 / 16:21

Следчыя вызначылі падазраваных па справе аб здарэнні з вадкім азотам у салігорскім кафэ

Салігорскія следчыя працягваюць высвятляць абставіны прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў жанчыне, якую шпіталізавалі ў цяжкім стане ўвечары 23 снежня з кафэ пасля нумара шоу-праграмы, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

«Падазраванымі па крымінальнай справе, заведзенай па ч.2 арт.338 КК (аказанне паслуг, што загадзя не адказваюць патрабаванням бяспекі для жыцця і здароўя спажыўцоў, якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання), прызнаныя дырэктар установы і індывідуальны прадпрымальнік, які аказвае паслугі па арганізацыі і правядзенні шоу-праграмы, — сказала Таццяна Беланог.

- Працягваюцца допыты сведак, работнікаў, службовых асоб, адбываюцца ператрусы і лабараторныя даследаванні. Следствам вывучаюцца канфіскаваная дакументацыя, а таксама запісы з камер відэаназірання, якія далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы. З падазраванымі праводзяцца працэсуальныя і следчыя дзеянні».

Як паведамлялася, вечарам 23 снежня ў салігорскім кафэ пасля нумара шоу-праграмы, дзе выкарыстоўваўся вадкі азот, наведвальніцы стала дрэнна. Жанчына была дастаўлена ў рэанімацыю ў цяжкім стане з прыкметамі тэрмічнага апёку.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру