Жыхары Кітая з пачатку 2018 года могуць карыстацца віртуальнымі пасведчаннямі асобы, якія будуць захаваны ў спецыяльных дадатках на смартфонах, паведамляе выданне «Гуанчжоу жыбао».

Першай на новую сістэму пяройдзе паўднёвая правінцыя Гуандун. У рамках пілотнага праекта, запушчанага ў пачатку гэтага тыдня ў Гуанчжоу, жыхары акругі Наньша змаглі першымі выпрабаваць новую тэхналогію.

Віртуальныя пасведчанні асобы будуць даступныя ў двух фарматах — адзін для нефармальнага карыстання можна будзе самастойна ўсталяваць у месенджар WeChat, напрыклад, для таго, каб паказаць яго ў краме ці музеі.

Для атрымання і выкарыстання другога — ужо больш афіцыйнага фармату віртуальных пасведчанняў асобы — неабходна прыехаць у мясцовае аддзяленне паліцыі і зарэгістравацца ў спецыяльнай сістэме, для атрымання такога пасведчання неабходна будзе перадаць поўную інфармацыю пра сябе і прайсці працэдуру сканавання асобы, каб пазней спецыяльныя прыборы маглі дакладна распазнаваць асобу чалавека.

Другі фармат пасведчання асобы можна будзе выкарыстоўваць пры куплі чыгуначных квіткоў, пры засяленні ў гатэль і пры афармленні ліцэнзіі на вядзенне камерцыйнай дзейнасці.

Пакуль праект пачаты толькі ў правінцыі Гуандун, аднак у пачатку наступнага года плануецца распаўсюдзіць дзеянне віртуальных пасведчанняў асобы па ўсёй краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?