Адразу пасля Новага года, набудуць моц прынятыя парламентам Літвы забароны, звязаныя з алкаголем, таму кардынальна зменіцца парадак яго продажу, піша Delfi.lt
Зменіцца ўзрост, з якога можна будзе купляць ці ўжываць алкаголь. Яго павысілі на два гады — з 18 да 20 гадоў. Аднак алкаголь змогуць пераносіць асобы з 18 гадоў, калі з гэтым звязана іх праца, напрыклад, прадаўцы, афіцыянты.
Калі цяпер алкаголь у крамах можна купіць з 8:00 да 22:00. Пасля Новага года час продажу алкаголю значна скароціцца. З панядзелка па суботу купіць алкаголь можна будзе з 10 да 20:00, па нядзелях - з 10 да 15:00.
Забарона не распаўсюджваецца на міжнародныя цягнікі, самалёты, таксама міні-бары ў гасцініцах і крамы д'юці фры.
Абмежаванне часу продажу алкаголю будзе тычыцца таксама бараў і рэстаранаў, таму на вынас там можна будзе купіць алкаголь толькі ў названыя гадзіны. У выпадку парушэння штраф пагражае не толькі прадаўцу, але і кліенту.
Ва ўсёй Літве будзе забароненая рэклама алкаголю. Рэкламай не лічацца лагатыпы кампаній і назвы кампаній, якія гандлююць алкаголем, калі яны нерэгулярна і нечакана з'яўляюцца падчас тэлеперадач і калі іх назвы або лагатыпы з'яўляюцца на заднім плане.