Усяго патроху4040

Правілы жыцця сучасных студэнтаў: пра што марыць і як ставіцца да працы, сям’і і палітыкі пакаленне Y

Так заведзена, што кожнае пакаленне абавязкова абгаворвае наступнае, маладзейшае: і мэты ў іх адсутнічаюць, і цікаўнасці пустыя, і паводзіны распусныя. Пра дзяцей эпохі Y, ці міленіялаў, якія нарадзіліся пасля 1981 года і раслі ў 2000-я, увогуле прынята казаць, што яны інфантыльныя, даўжэй жывуць з бацькамі, не затрымліваюцца на адной працы і не цікавяцца адносінамі. Затое памяшаныя на адзенні, хутка перапрацоўваюць вялікую колькасць інфармацыі і на «ты» з інтэрнэтам.

Разам з «МакДональдз», які з’яўляецца лідарам па колькасці працаўладкаваных студэнтаў-беларусаў, мы вырашылі праверыць, наколькі такія сцвярджэнні пра пакаленне Y праўдзівыя. Мы пагутарылі з трыма супрацоўнікамі карпарацыі, якія спалучаюць навучанне ва ўніверах з працай, пра іх куміраў, хобі, адносіны да сям’і і грошай і спыталі ў лоб: што яны самі думаюць пра сваіх аднагодак?

Варта адзначыць, што кожны год «МакДональдз» адзначае найлепшых супрацоўнікаў, якія паспяваюць і выдатна вучыцца, і падпрацоўваць, грашовымі прэміямі. Яны так і завуцца: МакСтыпендыі. Сёлета імі былі ўзнагароджаныя 11 хлопцаў і дзяўчат — якраз з трыма з іх мы шчыра і паразмаўлялі.

Настасся Красоўская, 21 год, студэнтка аўтатрактарнага факультэта БНТУ:

— Я з Жодзіна і кожны дзень езджу адтуль у Мінск на працу і заняткі. Працую ў асноўным ноччу: з 22 гадзін да 7 раніцы. Здараецца, па некалькі дзён нармальна не сплю — у выходныя потым магу адсыпацца суткамі, але я ўжо звыклася з такім рытмам.

Раней я жыла ў студэнцкім інтэрнаце, але ўмовы там былі ніякія. Я б не хацела туды вяртацца, калі шчыра: шмат прусакоў, чатыры чалавекі на невялікі пакой, у якім летам можна задыхнуцца, дрэнная сантэхніка…

Я скончыла школу з залатым медалём і да апошняга моманту не ведала, куды хачу паступаць. Проста прынесла дакументы ў БНТУ, у камісіі сядзелі прыемныя людзі — так я стала студэнткай гэтай навучальнай установы. Быў момант, калі я думала, што стану настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але самі настаўнікі адгаворвалі мяне ад гэтага.

У «МакДональдз» я прыйшла год таму. Мне вельмі падабаўся інструмент укулеле, і неяк я прагаварылася маці, што хацела б навучыцца на ім граць. Яна адказала: «Ідзі і зарабі». Вось я і пайшла працаваць. У «МакДональдз» рабілі мае дзве аднагрупніцы, добра адгукаліся пра калектыў. Так, некаторыя лічаць, што гэта непрэстыжна, але мне сапраўды падабаецца. Я б хацела пабудаваць тут кар’еру.

Я не люблю сучасную музыку. Выключэннем, хіба, можна лічыць Аксімірона з яго глыбокімі тэкстамі. Раней магла паслухаць амерыканскі рок, а цяпер мне больш падабаецца беларускі фолк. Мы часта наведваем этна-мерапрыемствы. Прыемна, што там шмат моладзі.

Наша любімае месца ў Мінску — гэта Зыбіцкая. Мы любім сабрацца там з сябрамі. У Жодзіна няшмат тусовачных кропак, з самых нармальных — кафэ «Альфакір», на мой погляд. Праз адсутнасць разнастайнасці ў забавах мясцовыя пачынаюць наведваць спартыўную залу. Я таксама ўжо 6 гадоў займаюся паўэрліфцінгам з трэнерам.

Я не аматар сачыць за навінамі. Год 10 таму штовечар мы глядзелі тэлевізар. Цяпер і часу, і жадання няма. Я падпісаная на суполкі «Анлайнера», «Як тут жыць» ва «Укантакце», паблікі «Падслухана» — гэтага мне хапае, каб ведаць, што адбываецца навокал. Інстаграм — мая любімая сацыяльная сетка. Ад яе б я дакладна ніколі не адмовілася.

Я вельмі люблю глядзець «Дом-2». Нават сама калісьці хацела падацца ў праект, але маці сказала дадому не вяртацца, калі вырашуся. Маці ў мяне строгая, і я яе слухаюся.

На заробленыя грошы я звычайна купляю валюту. Пасля трачу яе на адпачынак. Больш мне і не трэба. У мяне ўсё ёсць.

Мне не падабаецца дзяленне на жаночыя і мужчынскія абавязкі і прафесіі. У нас у «МакДональдз», напрыклад, існуе пазіцыя дастаўшчыка, на якую я прасілася. Але яна, на жаль, даступная толькі хлопцам, бо там трэба цягаць цяжкасці. Калі казаць шчыра, ёсць такія кволыя хлопцы, што, мне падаецца, я б дала рады іх абавязкам лепш.

Мой кумір — гэта фронтмэн і вакаліст гуртоў «Guns N' Roses» і AC/DC Эксл Роўз. Ён самы незвычайны чалавек, пра якога я чытала: прыехаў у незнаёмы горад і стварыў такі круты гурт з паплечнікамі!

Наша пакаленне больш свабоднае за бацькоў, мне падаецца. Нам падабаецца вырашаць нешта самастойна: мне 21 год — я хачу мець магчымасць набываць тое, што трэба, адпачываць там, дзе мне падабаецца. Праўда, з грашыма ёсць адна праблема: калі ты шмат працуеш, каб зарабіць, не застаецца часу іх траціць.

Пра сям’ю я пакуль нават і не думаю. Мабыць, у 26 ці пазней… У мяне ёсць ідэал мужчыны: бландзін з блакітнымі вачыма. І гэта не жарт.

Яўген Павядайка, 21 год, студэнт будаўнічага факультэта БНТУ:

— Рашэнне, дзе мне вучыцца, мы прымалі на сямейнай радзе. У нейкай ступені прыкладам стаў мой брат, які таксама вучыўся на гэтым факультэце і пасля нядрэнна ўладкаваўся. Тады мне падавалася, што гэта вельмі прэстыжная прафесія, будаўнікі зараблялі добра — не тое, што сёння.

Бацькі нам з сястрой нічога не забаранялі: максімум — настойвалі, каб мы своечасова вярталіся дахаты ў непаўналетнім узросце.

У нашай краіне цяпер, на жаль, абясцэнілася вышэйшая адукацыя: раней тыя, хто яе атрымліваў, сапраўды лічыліся спецыялістамі на ўзровень вышэй. Цяпер адукацыя стала пагалоўнай і масавай — гэта мінус.

Працую я з 15 гадоў: спачатку — падсобным рабочым на будоўлі кожнае лета. На першым курсе я здаў на правы і на заробленыя грошы набыў першую машыну «БМВ» 1994 года (каштавала яна $5500). Нядаўна я замяніў яе на «Фальксваген Пасат» 2005 года. Каб абслугоўваць машыну, набываць адзенне і мець магчымасць звадзіць дзяўчыну ў кафэ, я зноў пайшоў працаваць. Разглядаў нямала вакансій, адпраўляў рэзюме ў розныя канторы, але менавіта «МакДональдз» пасаваў мне і па гнуткім графіку (каб спакойна сумяшчаць з заняткамі), і па месцы знаходжання.

Апошнім часам «МакДональдз» робіць шмат нацыянальна арыентаваных рэчаў: беларускамоўная музыка, дранікі ў меню, панскі бургер… Такія ініцыятывы нагадваюць, хто мы і дзе жывём.

На жаль, пасля школы я амаль ніколі не карыстаўся беларускай мовай. Гэта праблема нашага народу. Каб гэта змянілася, трэба пачынаць рабіць нешта зверху: адкрываць беларускамоўныя школы, здаваць ЦТ выключна па беларускай мове…

З дзяўчынай мы сустракаемся са школьных часоў. Але афіцыйна ствараць сям’ю пакуль не плануем: калі пачынаць жыць асобна ад бацькоў, спачатку трэба стаць на ногі, дасягнуць стабільных заробкаў, а тады думаць далей.

Я мару пра двух дзяцей: род павінен працягвацца. І лепш, калі ў нашчадкаў будзе невялікая розніца ва ўзросце, каб яны маглі гадавацца разам, мець агульныя цікаўнасці.

У вольны час я магу схадзіць у кавярню ці кіно — усё залежыць ад таго, што хочацца атрымаць ад канкрэтнага вечара і колькі грошай маецца на забавы. Найбольш папулярныя ў моладзі бары Зыбіцкай. У непрацоўны час я магу спакойна паесці ў «МакДональдз»: не, мне не надакучыла гэта ежа і я не папраўляюся ад яе.

Дадатковыя веды, у якіх маю патрэбу, я здабываю з матывацыйных кніжак, выданняў па псіхалогіі. Так, нядаўна пачаў чытаць «Тэхналогію жыцця. Кнігу для герояў» Уладзіміра Тарасава з кароткімі расповедамі пра тое, як кіраваць людзьмі. Люблю таксама чытаць гісторыі поспеху вялікіх людзей: апошняе, што мяне натхніла — «Маё жыццё, мае дасягненні» Генры Форда.

У аднагодках мяне раздражняе нейкае глупства і «тармазнутасць»: да некаторых усё даходзіць вельмі доўга. Маіх аднагрупнікаў не цікавяць шашлыкі, дзяўчаты — нармальны адпачынак. Яны не вылазяць з інтэрнатаў і гуляюцца ў «танкі» ці «доту». Мне незразумела, навошта губляць на такое маладосць.

Яшчэ я не разумею, калі людзі выстаўляюць прыватнае жыццё ў анлайн, ледзь не ў ложак гатовыя пускаць чужых людзей. Да гэтай тэндэнцыі сучаснасці я стаўлюся негатыўна — гэта няправільна.

У любой краіне ёсць перспектывы для росту. І я хачу дасягнуць чагосьці менавіта на радзіме: мне не хочацца пакідаць сваякоў і блізкіх і з’язджаць кудысьці толькі для таго, каб зарабляць больш. Я ўпэўнены, што і ў нас можна дасягнуць усяго.

Калі-небудзь большасць з нас на працоўных месцах заменяць робаты: чым больш будзе аўтаматызаваная вытворчасць, тым лепшай будзе выніковая якасць прадукцыі. Але зусім ўсё робаты і машыны, канешне, не заменяць. Усмешкі на касе ад супрацоўнікаў — дакладна не.

Вераніка Жыгунова, 22 гады, студэнтка юрыдычнага факультэта Інстытута правазнаўства:

— У маі мяне павысілі да інструктара (у нашы абавязкі ўваходзіць вучыць новы персанал, адсочваць якасць прадукцыі і выкананне стандартаў кампаніі, дапамагаць усім, у каго ўзнікаюць пытанні). Мне вельмі падабаецца ў «МакДональдз» і, мабыць, я змагу дарасці да дырэктара.

Я прыйшла ў карпарацыю, бо былі патрэбныя грошы на сябе, сабаку, камуналку.

Я не люблю прыніжацца і прасіць грошы ў бацькоў — гэта не ў маім характары.

У «МакДональдз» ты ніколі не сядзіш на месцы, заўсёды недзе патрэбны — такім чынам змены пралятаюць вельмі хутка. У мяне быў досвед офіснай працы, калі прыходзілася сядзець на адным месцы, за кампом, ад якога хутка пачыналі балець спіна і вочы, і я зразумела, што рух мне куды больш да душы.

Ёсць шмат маладых людзей, якія залежаць ад новых айфонаў і моднага адзення на распродажах. Асабіста мне заробленыя грошы падабаецца ўкладаць у жытло: нядаўна я зрабіла ў пакоі рамонт, набыла канапу.

У вольны час я часцей за ўсё сплю. А пасля зноў сплю. Мая працоўная змена пачынаецца ў 6:30, таму я прачынаюся а палове на пятую.

Я не ведаю, што зараз модна і не адсочваю новыя кафэ. Магу схадзіць у боўлінг ці ў госці. Летам — на канцэрты вулічных музыкаў. У начным клубе я ўвогуле ні разу не тусіла. Я — хатні чалавек.

З музыкі я слухаю ЛСП, Скрыптаніта, Макса Каржа. Яны пазітыўныя і не напружваюць.

Мне падабаецца ладзіць для сябе чэленджы і прыдумляць нейкія выпрабаванні: без падрыхтоўкі я прабегла мінскі паўмарафон, 415 разоў прысела з 30-кілаграмовай штангай. Калі перад табой стаіць складаная задача, атрымліваеш задавальненне ад яе выканання.

Я пастаянна сутыкаюся з тым, што маё акружэнне не цэніць чужы час, не прытрымліваецца дэдлайнаў. Ты можаш дамовіцца на сустрэчу ў пэўны час, але ўсе спакойна спазняюцца і нават не папярэджваюць пра гэта — здаецца, старэйшае пакаленне ў гэтым плане было больш адказным.

Няпраўда, што наша пакаленне неактыўнае і апалітычнае. Проста каб нас зачапіць, трэба нешта сапраўды моцнае, выбухное. Тое, што б закранала нашы правы. Праўда, я за тое, каб усе праблемы вырашаліся цывілізаваным шляхам, а не пратэстамі.

Мне б хацелася, каб усе мы перасталі гнацца за надуманымі ідэаламі. Даглядаць сябе важна, але свой стандарт прыгажосці ты павінен вызначыць сам.

* * *

Партнёрскі матэрыял, падрыхтаваны разам з «МакДональдз»

Каментары40

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

Мясаедская дыета — у якіх выпадках яна дапамагае3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць