30.12.2017 / 19:18

Звярніце ўвагу на адзінокіх людзей у навагоднія святы 4

У многіх з нас навагоднія сьвяты яшчэ з савецкіх часоў самыя любімыя, бо і тады, і цяпер вызначаюцца чалавечай цеплынёй і весялосьцю. Гэтыя дні запоўненыя традыцыйнай перадсьвяточнай мітусьнёй і добрымі надзеямі на надыходзячы год, рамантычным чаканьнем сьвята.

Адзінота шкодзіць здароўю

Але гэты прыўзьняты настрой ахоплівае ня ўсіх, бо нямала сярод нас людзей сталых, адзінокіх, якія моцна пакутуюць ад адзіноты, асабліва ў сьвяты, калі вакол віруе жыцьцё і весялосьць, а ім часам няма з кім перамовіцца словам.

У сучаснай геранталёгіі, навуцы пра старэньне чалавека, адзінота ўважаецца адным з найважнейшых станаў, які выносіцца на першыя месцы паводле ступені ўплыву на здароўе сталага чалавека. У навуковай літаратуры адзіноту параўноўваюць і ставяць у адзін шэраг з такімі добра вядомымі фактарамі рызыкі сардэчна-судзінных і нэрвовых захворваньняў, як курэньне, атлусьценьне, недахоп фізычнай актыўнасьці, высокі артэрыяльны ціск.

Таксама вядома, што ў адзінокіх людзей зьніжана супраціўляльнасьць інфэкцыйным хваробам, у іх часьцей назіраецца дэпрэсія, дэмэнцыя і больш важкія зрухі памяці. Таксама ў адзінокіх людзей часта мае месца павышаная патрэба у шпіталізацыі, гэтак жа як і больш працяглае знаходжаньне ў бальніцы.

Геранталёгія ўхваляе любыя формы сужыцьця і партнэрства ў старасьці

Тлумачэньне гэтым зьявам досыць простае. Справа ў тым, што калі чалавек жыве ў шлюбе ці мае іншыя формы сужыцьця, то рытм ягонага жыцьця больш упарадкаваны, чалавек рэгулярна харчуецца, даглядае сябе, лепей апранаецца, увогуле яму ёсьць для каго гэта ўсё рабіць.

Вельмі важна для сталага чалавека, што побач зь іншым чалавекам — мужам, жонкай ці членам сям’і, іншым партнэрам — ён зь імі размаўляе, камунікуе, рэагуе на ўчынкі. А гэта, у сваю чаргу, трэніруе памяць і павышае здольнасьць да сацыяльнага жыцьця.

Нездарма сёньня ў мэдычнай і сацыялягічнай літаратуры вельмі ўхваляюцца любыя прымальныя для чалавека формы грамадзянскіх саюзаў, партнэрства ці шлюбу, бо дакладна вядома, што неадзінокі чалавек мае меней шанцаў захварэць на дэмэнцыю і паталёгію сардэчна-судзіннай сыстэмы.

Крызіс пасьля 65 гадоў

Нашы навуковыя супрацоўнікі пад кіраўніцтвам кандыдата сацыялягічных навук Л. У. Колпінай вывучалі стан адзіноты ў сталых людзей.

Высьветлілася, што пасьля 65 гадоў многія людзі перажываюць сапраўдны крызіс, бо ў гэтым узросьце дзеці маюць свае сем’і і часта жывуць далёка ад бацькоў. У многіх зыходзяць з жыцьця муж ці жонка, блізкія сябры, аддаляюцца сваякі. Стан адзіноты з зразумелых прычын становіцца больш вострым па меры павелічэньня ўзросту.

Таксама аказалася, што пасьля 70 гадоў у гарадзкіх умовах у сталых людзей найбольш трывалымі сувязямі зьяўляюцца… іх суседзі, на якіх яны ўскладаюць шмат спадзяваньняў у сэнсе зносін. Менавіта з суседзямі яны могуць абмяркоўваць нейкія падзеі свайго і агульнага суседзкага жыцьця ў пад’езьдзе ці двары.

Аддайце часьцінку свайго цяпла старым

Мы пішам пра гэтыя досыць сумныя тэмы ў сьвяты для таго, каб вы, паважаныя чытачы, падумалі пра адзінокіх людзей, бо яны вельмі спадзяюцца на наша добрае стаўленьне, нават на невялікую размову, добрую ўсьмешку.

Зьвярніце ўвагу на сталых адзінокіх людзей у гэтыя сьвяты — сваіх сваякоў, суседзяў, былых саслужыўцаў, павіншуйце іх з Новым годам і Раством, надайце ім хаця б няшмат ласкавай увагі, і вас сагрэе чалавечая ўдзячнасьць і спадзяваньне на тое, што наш сьвет у наступаючым годзе стане лепей!

З Новым годам вас, спадарства, з новым шчасьцем! І абавязкова будзьце здаровыя!

0
зкрайскi / Адказаць
31.12.2017 / 06:22
Большасць мвладзенау лiчыць,што iх людзi нарадзiлi сабе каб пагуляць з iмi i калiб яны гэта не зрабiлi,то ен,хлопец,цi дзяучынка спау бы сабе,i не трэба было б уставаць,мыцца,хадзiць у школу,цi на працу бо усе гэтае жыцце клопат адзiн,адны турботы,яшчэ й надвор'е гэтае... Хто iх прасiу мучэнне адно,а не жыцце... Таму змываюць вiну продкау,а гулянкi,абноукi, ды вiно больш патрэбны тым,каму ,,цяжэй,, за усiх...
1
Не святар / Адказаць
31.12.2017 / 12:36
Одинок по-белорусски - самотны. Надоели уже эти русизмы в Ниве: то адзиноки, то Раство Рэд. Не, гэта сінонімы. Глядзіце, у Новіка-Пеюна ў песні "Зорачкі" "Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут". У Жылкі: "Літанне табе, адзінота".
0
Ягор / Адказаць
01.01.2018 / 14:28
Рэдакцыі: асаблівым прыгожым пісьменствам вы на адзначаецеся. Паэты выкарыстоўваюць часта русізмы для таго, каб легка знайсці рыфму і не трэба на гэта рабіць спасылкі. Прыклад трэба браць з добрага, а не з дрэннага.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру