Сёлета ў трэндах рэтра, лоўфайнасць [то бок ідэальны якасны гук ужо не асабліва патрэбны] і выкарыстанне хатняга відэа, таму вы і самі можаце паспрабаваць зняць аматарскі кліп на песню любімай групы. Прыемнага прагляду і добрых святаў!

Queens Of The Stone Age — The Way You Used To Do (рэжысёр Юнас Окерлунд)

Юнас, калісьці бубнач легендарнага гурта Bathory, а цяпер у першую чаргу рэжысёр не аднаго дзясятка вядомых кліпаў, сапраўды зрабіў, «як рабілі раней»: у кадры гурт у сярэдзіне кампазіцыі, вакол прыгожыя дзяўчаты і фрыкі. Франтмен гурту Джош Ом часам паводзіць сябе як апошні мудак, але такіх рок-зорак засталося мала.

Young Thug — Wyclef Jean (рэжысёр Раян Стааке)

Што рабіць, калі ты мусіш зняць кліп за 100 000 даляраў, але твая зорка не прыязджае на здымачную пляцоўку? Здымаць без яе, канечне.

Charli XCX — Boys (рэжысёры Charli XCX і Сара Маколган)

Мужчыны як аб'ект жадання. Чамусьці ў такой ролі звычайна аказваюцца жанчыны, але ж паглядзіце: іншая палова чалавецтва таксама на нешта здатная!

Miya Folick — Give It To Me (рэжысёрка Ева Мішон)

Проста буйны план спявачкі, якая едзе на амерыканскіх горках і спявае пра сваё разбітае сэрца. Нагадвае вечнае Nothing Compares 2 U і леташнюю партрэтную галерэю Anohni. Не менш цікава назіраць і за іншымі людзьмі, якія радуюцца атракцыёну на заднім плане.

The Blaze — Territory (рэжысёры The Blaze)

Стрыечныя браты Гіём і Джонатан Альрыкі пачалі сваю кар'еру з урбаністычнай лірычнасці, а працягваюць яшчэ лепшым відэа пра жыццё сімпатычных скінхэдаў у Алжыры. Адзін з выпадкаў, калі музыка, імаверна, стваралася разам з карцінкай.

Tree — Busters (рэжысёр Tree)

Халодная зімняя ноч у бляклым цэнтры Чыкага. Просты і праўдзівы партрэт горада ў суправаджэнні найлепшага трэка Tree з апошняга мікстэйпа.

Alex Cameron — Stranger's Kiss feat. Angel Olsen (рэжысёрка Джэмайма Кёрк)

Джэмайма найбольш вядомая за ролю Джэсы ў серыяле «Дзяўчаты». Таму не дзіўна, што яна не толькі здымае кліп, але і сама выступае ў ролі дзяўчыны, апантанай Алексам Кэмеранам настолькі, што пачынае імітаваць яго ва ўсім. Пяшчотна, дзіўна і прыгожа.

Pharmakon — Somatic (рэжысёркі Latex Lucifer і Pharmakon)

Часам для таго, каб зняць самую агідную жахалку года, дастаткова валасатага цела і карычневатай слізкай трасцы. Нойзавая атака на слых у выкананні Маргарэт Шардзье (Pharmakon) толькі ўзмацняе ўражанне. Вырашайце самі, ці хочаце рызыкнуць і націснуць «прайграць».

Danny Brown — Ain't It Funny (рэжысёр Джона Хіл)

Вядомы акцёр Джона Хіл у другі раз бярэцца за здымкі кліпа. І гэтым разам паспяхова. Змрочны сітком-хорар у стылі 80-х паказвае, як Дэні Браўн і яго фальшывая сям'я займаюцца самаразбурэннем. Мала хто любіць закадравы смех (паспрабуйце, дарэчы, паглядзець «сур'ёзную» «Тэорыю вялікага выбуху»), але пасля гэтага кліпа яго можна нават узненавідзець. Павінен жа хтосьці звярнуць увагу на тое, што бестактоўна смяяцца з чужых пакут. У адной з роляў — рэжысёр Гас Ван Сент, які таксама калісьці здымаў шыкоўныя кліпы.

Richard Dawson — Ogre (рэжысёр Мэт Стоўкс)

Калі нічога не ведаць пра Рычарда Доўсана, то выглядае ўсё прыблізна так: мілы таўстун з Ньюкасла запісаў канцэптуальны альбом на сярэднявечную тэматыку. І ўсё ж гаворка не пра чыста субкультурны прадукт для ралевікоў-рэканструктараў, а пра адзін з найлепшых альбомаў года.

Доўсана можна слухаць і калі ён седзячы спявае а-капэла немудрагелістую стылізацыю пад народную песню, але ў нашым выпадку фольк ускладняецца галаваломнымі аранжыроўкамі і змрочнымі тэкстамі. Відэа Мэта Стоўкса, больш вядомага сваімі відэаінсталяцыямі, адначасова адсылае да падманутых рэканструктарскіх чаканняў, нагадвае класічныя брытанскія дакументалкі (скажам, «Куладэн» і «Уінстэнлі») і серыял «Гульня тронаў».

Alt-J — In Cold Blood (рэжысёр Каспар Балслеў)

Відэа пачынаецца як прыгожы дакументальны фільм пра жыццё лясной мышы, накшталт тых, што можна ўбачыць на Бі-Бі-Сі, толькі замест Дэвіда Атэнбора (ці Мікалая Драздова, калі браць бліжэй), тэкст зачытвае не хто-небудзь, а Ігі Поп. Канечне, хросны бацька панку наўрад ці згадзіўся б на такую працу, і працяг мышыных прыгодаў аказваецца належна змрочным. Ігі Поп з'явіцца ў гэтым спісе яшчэ раз, але так і не пакажа свой сапраўдны твар.

Jenny Hval — The Great Undressing (рэжысёрка Мары Крысцьянсэн)

Адзін дзень з жыцця аголенай жанчыны (Мартэ Джэрмейн Крыстэсен): яна снедае, заходзіць у краму, танчыць у клубе, займаецца іншымі дробязямі. Сэксуальнасць тут калі і прысутнічае, дык знаходзіцца дзесьці на перыферыі. Але натуральнасць і нязмушанасць настолькі прыцягальныя, што відэа хочацца глядзець зноў і зноў. Скразныя тэмы песні і відэа — самота і ізаляванасць. Няшчаснае каханне — як капіталізм.

The Lemon Twigs — I Wanna Prove to You (рэжысёр Нік Роні)

Відэа, як і песня Браяна і Майкла д'Адарыя, мусіла распавядаць пра ідэю любові. З гэтай прычыны рэжысёр вырашыў запрасіць братоў-музыкаў пажыць да сваіх бабулі і дзядулі, якія ўжо 50 гадоў у шлюбе. Усё пайшло не зусім па плане (не настолькі, як у іншым відэа, але Нік Роні дакладна не выглядае шчаслівым), і ўсё ж гісторыя выйшла забаўная і мілая.

Jlin — Carbon 7 (рэжысёр Ёджы Каяма)

Адзін з самых правераных рэцэптаў добрага кліпа — паставіць камеру перад цікавым танцорам. Але ў выпадку з відэа Джлін, яе музыка, рэжысура Ёджы Каяма і танец Коры Скота-Гілберта настолькі непадзельныя, што можна ўсур'ёз казаць пра першабытны сінкрэтызм. Няхай сабе і ў адзенні моднай электроншчыны. Магчыма, танец сімвалічны і распавядае гісторыю жыцця ад нараджэння да смерці, але гэта не вельмі істотна. У старажытныя часы такі танец лічыўся б найлепшым ухваленнем любога паганскага бога, а ў Сярэднявеччы за яго б адправілі на касцёр — магія ды й годзе.

Arca — Reverie (рэжысёр Джэсі Канда)

Джэсі Канда — Фрэнсіс Бэкан у свеце кліпаў. Ён прымушае чалавечае цела выражаць больш эмоцый, чым яно здольнае ў сваім натуральным стане. Джэсі кажа, што перш за ўсё цікавіцца тым, што ўспрымаюць як агіднае. Не дзіўна, што ён супрацоўнічаў з Б'ёрк і FKA twigs, але менавіта з Алехандра Герсі (Arca) асабліва плённа. Венесуэльскі музыка становіцца параненым матадорам на механічных дыбах і сцякае крывёю ў ружовым пакоі, што лёгка паспаборнічаў бы з чырвоным у Лінча. У песні вельмі цяжка пазнаць Caballo Viejo Сімона Дзіаса, якая паслужыла для яе натхненнем, бо гукі і тэкст плавяцца ад накалу пачуццяў, чалавек зліваецца з жывёлай, боль — з каханнем.

Oneohtrix Point Never — The Pure and the Damned ft. Iggy Pop (рэжысёры браты Сэфдзі)

Адзін з моцных бакоў фільма братоў Сэфдзі «Добры час» — музыка Даніэля Лапаціна. Аднак на поўную моц яна пачынае гучаць толькі ў гэтым кліпе. Магчыма, неабходныя былі ноч і загарадны дом, самотны воўк з крывавай пысай, меч і не вельмі праўдападобна намаляваны на камп'ютары вусцішны Ігі Поп. Штучнасць — гэта страшна, праўда — праява любові.

Kendrick Lamar — HUMBLE (рэжысёры Дэйв Мэерс і The Little Homies)

У Кендрыка Ламара было так шмат выдатных відэа, што імі можна замяніць курс сусветнай мастацкай культуры (згадаць хаця б сёлетні, дзе акулы плавалі ў асфальце). І ўсё ж няхай будзе гэты, дзе Кендрык — месія не толькі на словах. Ён апранаецца ў адзенне святара (каталіцкага, праваслаўнага ці прыдуманага — няхай разбіраюцца рэлігіязнаўцы) і склікае ўласную апошнюю вячэру. Верная прыкмета добрага кліпа — на яго робяць шмат пародый, і некаторыя амаль нічым не горш за арыгінал. 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0