Частка першая
Беларусам — хаця не, мне — вельмі не хапае гэтага навыку: не абагульняць, а браць адказнасць на сябе і за сябе.
Цяпер стала вельмі модна вінаваціць ва ўсім бацькоў. Што тата не браў актыўнага ўдзелу ў выхаванні, што бацькі былі працаголікамі ці дэспатамі, што не прагаварылі ў свой час тэмы сэксуальнай адукацыі, асабістых межаў, выбару… Гэта, вядома ж, важна, але можна ўсё жыццё вінаваціць кагосьці ў тым, што мы выраслі «не такімі». І гэта будзе не пра даросласць.
«Любы канфлікт у сям'і, на працы, у каханні і сяброўстве — гэта толькі адлюстраванне вашага ўнутранага канфлікту. Таму разбірацца трэба не з наваколлем, а з сабой».
Прызнаць чужыя і свае памылкі ды дараваць усiм разам — такі шлях больш падобны на ўсвядомлены, рэальны і накіраваны на даросласць. Пра гэта часткова кажа ў сваёй кнізе «Хачу і буду. Прыняць сябе, палюбіць жыццё і стаць шчаслівым» Міхаіл Лабкоўскі, больш вядомы нам па вострых цытатах у стужцы фэйсбука.
Ілюстрацыйнае фота.
Доўгі час мне здавалася, што я вельмі недалюбленае дзіця. Што ніхто не пастараўся даць рады маёй гіперактыўнасці, і ад гэтага ўсе мае беды ў дарослым жыцці. З татам, з якім мы жывём пад адным дахам вось ужо трэці дзясятак, мы пачалі камунікаваць, а не проста перакідвацца дзяжурнымі фразамі, толькі два гады таму. Аднойчы ў нас адбылася важная размова:
— Тата, ну няўжо нельга дадаць у нашы ўзаемаадносіны хоць крыху пяшчоты і любові?
— Каця, як я магу даць табе тое, чаго сам не бачыў?
Той вечар быў маленькай поўхай рэальнасцi. Тата выхоўваўся без бацькі. З малых гадоў сам быў бацькам сваім меншым братам і сёстрам. Гатаваў ім зацірку, варыў баршчы, а яшчэ сачыў, каб малодшыя проста не пазабівалі адно аднаго. Потым былі каледжы, армія, Польшча-Ніжнявартаўск-Сібір і толькі пасля Мінск-дом-сям'я. Для чаго я ўсё гэта згадваю? Немагчыма судзіць пра чалавека, яго рэакцыі і пачуцці без кантэксту. Немагчыма гаварыць пра выхаванне без разумення, як выхоўваліся мамы-таты-бабулі. Немагчыма гаварыць пра сябе, не ведаючы сваіх каранёў.
Частка другая
Прайшло шмат часу, перш чым я зразумела, што любоў і клопат ва ўсіх транслююцца па-рознаму (прывітанне, кэп). Тое, што мне падаецца пяшчотай, для іншых можа выглядаць соплямі. Тое, што камусьці бачыцца адсутнасцю пачуццяў, іншым — букетам перажыванняў.
У тым, што мы (я) вырастаем закамплексаванымi, няўпэўненымі, віна не столькі бацькоў, колькі часу, нораваў, ідэй у грамадстве, самога грамадства і нават непрызнанне ўсяго гэтага намi.
Не так даўно на трамвайным прыпынку я пачула размову дзвюх дзяўчат-падлеткаў пра тое, што ў адной з іх не самыя простыя ўзаемаадносіны ў сям'і. Бо «што ты хочаш, маю маму выхоўвалі пасля вайны. Калі галоўнае — быць у цяпле і не быць галодным. Душэўная цеплыня становіцца не такой актуальнай, калі ты жывеш у зямлянцы без куска хлеба».
Значна мацней у свой час мяне ламала сярэдняя школа, чым скураны рэмень, што ляжаў ля стала і выкарыстоўваўся пры нежаданні есці «па норме».
Вось там — пекла і вяршыня ленінізму. Месца, якое павінна, па ідэі, выхоўваць самадастатковых людзей з дапытлівым розумам, гадуе клонаў. Будуе сістэму з тых, хто не мае права пярэчыць настаўнікам, насіць зялёныя кофты не па святах (гэта рэальны выпадак) і фарбаваць вусны дзіцячым бляскам «Прынцэса».
Ілюстрацыйнае фота.
А чаму не? Маленькі чалавек — асоба, якая фарміруецца. І гэтаму чалавеку трэба самавыяўляцца, хай сабе і праз не заўсёды прыдатныя рэчы (напрыклад, штаны-трубы). Але ў існуючым грамадстве асоб усiмi спосабамі душаць, а замест іх штампуюць пакорных выканаўцаў.
У маёй школе і маiм класе было менавіта так. З прароцтвамі кшталту «гэта ж будучая зэчка» і выклікам бацькоў на дыван за тое, што не ем рыбу ў сталовай і фарбую валасы ў чорны.
Вельмі доўга бацькі верылі гэтым «аўтарытэтам», класным кіраўнікам і завучам, што душыла маю веру ў розум, справядлівасць і асэнсаванасць свету. Гэта быў разлом. Мяне бічуюць ні за што ні пра што, а бацькі мне не вераць. Здавалася, што я — маленькі чалавек у свеце пенсіянераў з СССР.
Было цяжка. Бунт змяніўся на зацішша. Я пачала сумнявацца не толькі ва ўласных сілах, але і ва ўласнай адэкватнасці: можа, сапраўды нельга насіць у школе зялёную кофту? Можа, гэта сучасная пунсовая літара, якая не нясе нічога добрага?
Добра, што праз нейкі час маці зразумела, што тут нешта не тое. І Міністэрства адукацыі, у якое яна не пабаялася звярнуцца, хутка суцішыла запал маёй класнай. Нарэшце я развіталася са стрэсамі і неўрозам, але тут падвезлі комплексы і заціскі, якія заселі ў целе і не давалі пра сябе забыць.
Частка трэцяя
Універсітэт дадаў адэкватнасці свету, аднак няшмат. Асабіста мне людзі трапіліся выдатныя, але такія ж у большасці сваёй разгубленыя, без разумення, якім чынам тая спецыяльнасць, якую яны выбралі, суадносіцца з тымі прадметамі, якія яны мусяць здаваць.
Так выходзяць спецыялісты, што як бы з дыпломам, але па факце нікому не патрэбныя. Я ведаю, што гэта распаўсюджаная сітуацыя, не будзе ніякіх нараканняў «як складана жыць у Беларусі». Жыць можна, але асабіста мне, зноў жа, было вельмі складана ў свеце «праца з 8 да 17», дзе першае, што табе гавораць, гэта «забудзьце ўсё, чаму вас вучылі ва ўніверсітэце». Чаму тады вы бераце на працу толькі тых, у каго ёсць універсітэцкая адукацыя? Каб загадаць яе забыць? Дзе ў нас Міністэрства логікі Беларусі?
Надлом нумар два.
Ты разумееш, што калі не будзеш фігачыць і займацца самаадукацыяй — пакрыешся цвіллю, як «віндоўз-98». І ніхто нават не ўспомніць, якія ты ўтвараў гукі.
Ілюстрацыйнае фота.
Праца — у цэлым тая сфера, якая альбо выштурхоўвае цябе з зоны камфорту, як пражская «Славія» БАТЭ, калі даводзіцца спачатку змагацца, а потым плюнуць і пасябраваць з усімі сваімі страхамі і комплексамі, прыняўшы рэальнае становішча рэчаў. Альбо кампенсуе тыя самыя страхі, комплексы (прывітанне, сярэдняя школа), дазваляючы людзям навокал ператварацца ў гіен і тыранаў (прывітанне, беларускае тэлебачанне, дзе мне давялося папрацаваць).
Надлом нумар тры: калі вы трапляеце да босаў-тыранаў і не бяжыце ад іх. Але і гэта можа пайсці на карысць.
У здабытых, забытых і зноў здабытых комплексах, нарэшце, вучышся бачыць сябе. Часам кудлатага і дзіўнага (зусім не інстаграмнага), але даволі мілага і мэтанакіраванага.
Хто я ёсць, чаго насамрэч жадаю, для чаго і якая адукацыя-праца-сям'я мне патрэбныя? Адказы дапамагаюць пазбавіцца ад нездаровых адносін, нездаровага жадання быць лепш за ўсix і ва ўсім.
Комплексы ёсць у кожнага. Баяцца ўсе. Нават самы ўпэўнены ў сабе «iнстабой» не адправіць першае ж сэлфi ў сторыз. І гэта нармальна.
Якая б у вас ні была сям'я, бацькі, дом, адукацыя і праца — не бывае ідэальна. Не бывае людзей, якія б не рабілі памылак. Не бывае працы, якая прыносіла б толькі мільёны даляраў і шматлікія аргазмы.
Бывае рэальна. Вашы комплексы — гэта ваша другое дно, калі хочаце. Вядома, наракаць можна на каго заўгодна, але пакуль вы не разберацеся з сабой, не рашыцеся даць нырца, паслаўшы ўсё да д'ябла — вам яшчэ вельмі доўга афармляць падпіску на псіхалагічныя рэсурсы.
Пакуль нам здаецца, што ўсе вакол дурні, свет круціцца далей. І ў гэтым віры важна своечасова ўсвядоміць, ці не дурні вы самі, раз спрабуеце ўсё перайначыць пад сябе. Свет не ідэальны, мы не ідэальныя (я не ідэальная), і варта падумаць, як існаваць далей. Паважаць чужыя і ўласныя межы. З комплексамі, страхамі і заціскамі, якія з кімсьці сыходзяцца, як пазлы мазайкі. І як важна выхаваць гэта спачатку ў сабе, а потым ужо ў кімсьці іншым.