Я рады, што праз дваццаць гадоў Польшча вяртаецца ў Раду бяспекі ААН. Нашым прыярытэтам стане ўзмацненне міжнароднага права і прэвенцыя, а нашым фірменным знакам — спалучэнне пытанняў бяспекі і развіцця, — сказаў у аўторак міністр Вітальд Вашчыкоўскі з нагоды выбару Польшчы непастаянным членам Рады бяспекі ААН.

— Месца ў Радзе — гэта своеасаблівы білет да ўдзелу ў сусветнай палітыцы, — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

2 студзеня 2018 г. у штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку адбылася цырымонія ўстанаўлення нацыянальных сцягоў дзяржаў, якія ў якасці непастаянных членаў увайшлі ў склад Рады бяспекі ААН. Акрамя польскага сцяга, на флагштоках з’явіліся таксама сцягі Экватарыяльнай Гвінеі, Кувейта, Нідэрландаў, Перу і Берага Слановай Косці. Гэтыя краіны замянілі Украіну, Егіпет, Японію, Уругвай, Італію і Сенегал, якія з заканчэннем 2017 г. завяршылі членства ў РБ. Польшча была выбрана членам Рады бяспекі на 2018—2019 гг. па выніках тайнага галасавання Генеральнай Асамблеі ААН 2 чэрвеня 2017 г., падчас якога кандыдатуру Польшчы падтрымалі 190 краін-членаў ААН.

— Беспрэцэдэнтна вялікую падтрымку, якую мы атрымалі на выбарах некалькі месяцаў назад, мы расцэньваем як выражэнне даверу да Польшчы з боку міжнароднай супольнасці і прызнання яе ранейшых намаганняў, скіраваных на падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі. Для нас гэта таксама сур’ёзнае абавязацельства і выклік — правільна скарыстацца членствам у Радзе бяспекі для эфектыўнага пошуку рашэнняў глабальных задач у галіне захавання міру і бяспекі, якія стаяць перад намі, — сказала ў аўторак пасол Іаана Вранецка — сталы прадстаўнік Рэспублікі Польшча пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку.

Цырымонія адбылася пад кіраўніцтвам Казахстана, які ў студзені распачаў старшынства ў РБ на найбліжэйшы месяц. Прыярытэтнымі напрамкамі старшынства Казахстана стане пытанне нераспаўсюджання зброі масавага паражэння і сітуацыя ў Афганістане. У парадак дня ўключаны таксама пытанні па Сірыі і дзейнасці міратворчых сіл ААН у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Лівіі, Судане, Малі, Самалі, Паўднёвым Судане і на Кіпры. Польшча распачне старшынства ў СБ у маі гэтага года і ў другой палове 2019 г.

У Радзе бяспекі ў 2018 г. Польшча будзе працаваць разам з пяццю пастаяннымі членамі (Расія, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя) і членамі, выбранымі шляхам галасавання: Эфіопіяй, Экватарыяльнай Гвінеяй і Берагам Слановай Косці — прадстаўнікамі Афрыкі, дзвюма краінамі Лацінскай Амерыкі (Балівія і Перу), дзвюма краінамі, якія прадстаўляюць азіяцкі і арабскі рэгіёны (Казахстан і Кувейт), а таксама з двума прадстаўнікамі Еўропы — Нідэрландамі і Швецыяй.

Рада бяспекі з’яўляецца адным з пяці галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Дэкларацыя ААН накладае на РБ галоўную адказнасць за падтрыманне міру і бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0