07.01.2018 / 01:18

Экстрэмальная батаніка і непаўторныя колеры: беларуска пабывала за палярным кругам перад Калядамі 10

Гэта Алеся Чонг, якая вядзе інстаграм-блог пра экстрэмальныя падарожжы In Sunny Climes.

Я доўга не раздумвала, калі мае фінскія сябры прапанавалі далучыцца да іх выправы за палярны круг у Лапландыю ў найцямнейшыя дні палярнай ночы, адразу перад Калядамі. Апошні заход сонца там адбыўся 5 снежня, наступны запланаваны на 6 студзеня. Браць пробы грунту ў гэты час большасці можа падацца як вар’яцкая ідэя, але біёлагі з Ювяскюльскага ўніверсітэта Мінна-Маарыт Кютовііта (Minna-Maarit Kytöviita) і Хэлі Юотанен (Heli Juottonen) так не лічаць.

Доктар Кютовііта ўзначальвае праект па вывучэнні мікробаў, якія жывуць у халодным клімаце і ролі, якую адыгрываюць бактэрыі і грыбкі ў развіцці расліннасці арктычных пясчаных выдмаў. Адна з мэтаў праекта — даведацца, як змена таўшчыні снежнага покрыва ўплывае на мікробаў, якія засяляюць глебу, для чаго, уласна, і патрэбныя пробы грунту.

Пасля 14 гадзін дарогі мы нарэшце даехалі да мэты нашага падарожжа, 200 км на поўнач ад палярнага круга, у малазаселенай і рэдка наведвальнай мясцовасці пры самай граніцы з Нарвегіяй. Наступны дзень мы планавалі распачаць як мага раней, каб максімальна выкарыстаць кароткія гадзіны дзённага святла, і пакуль яшчэ было параўнальна цёпла — усяго мінус 10 па Цэльсію, бо пасля прагназавалася зніжэнне тэмпературы ўжо да мінус 20.

Сапраўды, у першы дзень было досыць цёпла, неба было зацягнута хмарамі, але, на маё здзіўленне, было нечакана ясна. Усё навакол было белае, сотні розных адценняў асляпляльнай белі і казачныя, захутаныя снегам каржакаватыя дрэвы ўздоўж белай дарогі так добра змешваліся з белай лініяй гарызонту, што ён цалкам знік.

У нас пяць участкаў, кожны з якіх складаецца з трох кавалкаў па квадратным метры — адзін, з якога варства снегу будзе знятая, другі, да якога снег будзе дададзены, і трэці — кантрольны, што застанецца ў натуральным стане. Але спачатку мы мусім адсланіць кавалачак глебы ў кожным, каб Хэлі, якая мае найбольш складанае заданне — убіцца ў цалкам прамёрзлую зямлю, — магла пабраць пробы. З першага погляду гэта можа падацца як місія невыканальная, але нішто не ёсць невыканальным для экстрэмальных батанікаў. Гэта проста вельмі цяжка фізічна і надта часахлонна: заледзянелая зямля неахвотна ідзе на супрацоўніцтва. Але Хэлі робіць цуд, і пасля таго, як яна спраўляецца з трэцяй тройкай участкаў ужо ў поўнай цемры, стомленыя і задаволеныя, мы вяртаемся да нашага маленькага доміка, дзе нас чакае гарачая вячэра, польскі лікёр з кветак чорнай бузіны і, канечне, саўна.

Прагноз надвор’я для так мала заселенай мясцовасці працуе не вельмі добра, і тэрмометр падае да мінус 30 замест абяцаных мінус 20, а хмары знікаюць. Апрануўшы на сябе ўсё, што ў нас было з рэчаў, мы адчуваем сябе надзьмутымі. Аднак хрусткае сухое паветра адчуваецца нават трохі цяплейшым за ўчарашнія вільготныя мінус 10. Наша дыханне ўмомант крышталізуецца на нашых вейках і валасах, ператвараючы мяне і Мінну ў барадатых жанчын (альбо малалетніх Дзедаў Марозаў?). Мы непакоімся, што пабранне рэшты пробаў можа апынуцца немажлівым, але нейкім чынам усё ідзе добра, і мы паспяваем усё скончыць нават раней, чым спадзяваліся.

Зараз мы можам атрымаць поўную асалоду колераў арктычнай «ночы», якія так высока цэняцца.

Выглядае так, нібы сонца намагалася ўзысці і закаціцца ў той самай кропцы на небе, але не давала сабе рады, адорваючы нас пяцігадзінным магічным святлом і афарбоўваючы паўднёвую частку небасхілу ў розная адценні блакітнага, зялёнага, чырвонага, жоўтага і аранжавага — уся вясёлкавая палітра была навідавоку. Глыбокія сінь і фіялет, пабачаныя на поўначы, такія частыя, што выглядаюць ненатуральна, прынамсі я такіх колераў раней у небе ніколі не бачыла. З паўночным ззяннем, «запланаваным» на вечар, я пачынаю разумець, чаму гэтая мясціны прыцягваюць столькі мастакоў і чаму некаторыя з іх застаюцца тут жыць назаўсёды (у Лапландыі амаль у кожнай вёсачцы ці мястэчку ёсць галерэя альбо артыстычная майстэрня).

Сінхранізацыя не магла быць лепшай — як толькі мы скончылі нашу вячэру і паспелі разагрэцца ў саўне, пачаўся магічны паказ. Спачатку кволыя зялёныя пасмы пачалі павольна пульсаваць над намі, набіраючы яркасці. «Хм. Нешта яно не надта рухаецца, ды й дзе ўсе іншыя колеры?» — трохі расчараваным тонам Хэлі падражніла неба. — «Я бачыла і лепшыя шоу». Нібы нейкі незямны віджэй яе сапраўды падслухаў: зялёнае ззянне ўзмацнілася, і хвалі святла пачалі рухацца над намі ўсё хутчэй і хутчэй, ствараючы імпрэсіянісцкія фіранкі, афарбоўваючы ўсё наваколле ў прыемны зялёны. Неўзабаве з’явіліся і іншыя колеры — адценні чырвонага і жоўта-аранжавага. Мы ўсе адчулі сябе прывілеяванымі: у рэшце рэшт, не кожны атрымлівае такі прыём! А я адчула сябе прынятай, абнятай і узнагароджанай багамі Арктыкі. Усе пачуцці былі стымуляваныя ўраз — мароз пёк скуру, цішыня аглушала і светлавое шоу пакінула нас у стане вельмі блізкім да эйфарыі. Жыццё ёсць бясконца прыгожым.

Аўтар выказвае асаблівую падзяку Дзмітрыю Падкапаеву.

8
хамса / Адказаць
07.01.2018 / 06:49
дзяўчыны канечне гераічныя - я б так не змагла - я б там не выжыла.. але дзе ж абяцаныя 'Экстрэмальная батаніка і непаўторныя колеры', Рэд.? пейзажы амаль, як у нас.. у мяне ёсць фоты двух палякаў са Шпіцбергена - хто не бачыў, у захапленні.. вось там сапраўды ўсё гэта ёсць.. магу даслаць)
3
Мулла Омар / Адказаць
07.01.2018 / 07:46
Я подумал про Оймякон, звиняйце...
4
Э / Адказаць
07.01.2018 / 08:58
У нас куды прыгажэй ды часам экстрэмальны.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру