18 лютага пройдуць мясцовыя выбары. Некаторыя прэтэндэнты на мандаты пачалі ўжо збіраць подпісы (неабходна 150), іншыя ж будуць вылучаныя ад партый. «НН» вырашыла паглядзець, хто прадстаўляе самае маладое пакаленне, якое сёлета штурмуе Мінскі гарадскі савет.

Наталля Навумава

(21 год, спецыялістка па продажах БПС-Сбербанк, Купалаўская выбарчая акруга)

Наталля скончыла Інстытут сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ. Як відаць з яе сацыяльных сетак, практыку праходзіла ў «Белай Русі», дзе праявіла сябе «дысцыплінаваным, адказным і схільным да хуткага навучання» супрацоўнікам. Атрымала адзнаку 10. На якія суполкі падпісаная Наталля? «Абіцель лясной вядзьмаркі», Luxurious Sexy Life™, «Факты для разумных», «Шчасце ў ісламе» і іншыя.

Часам падпісвае пасты сваім імем, а не робіць рэпосты: «Чым больш небяспечны звер, тым большая пяшчота хаваецца ў ягоным драпежным сэрцы». З рэпостаў ёсць такое: «Каханне мужчыны выражаецца ў трох формах: 1. Ён прылюдна заяўляе пра свае правы на вас; 2. Абараняе вас; 3. Забяспечвае вас».

Павел Катаржэўскі

(22 гады, супрацоўнік «Бургер Кінг», Васняцоўская выбарчая акруга)

Павел — сябра партыі левых «Справядлівы свет». На фотаздымках Укантакце бачна, што браў удзел у экалагічных і анархісцкіх арганізацыях. Шмат выказвае салідарнасць з арыштаваным анархістам Змітром Паліенкам. Катаржынскі наступнымі словамі віншаваў з 100-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі: «І ніякія Керанскія, Пуціны, Лукашэнкі, Назарбаевы і ім падобныя не змогуць спыніць кола гісторыі і світанак грамадства свабоды, справядлівасці і роўнасці, як бы ім гэтага ні хацелася».

Беларусь называе «сумессю цырку, канцлагера і псіхбальніцы». Сталінскія метады кіравання асуджае. Жанаты з украінскай камуністкай Валянцінай Сенчанка.

Міхаіл Зуевіч

(22 гады, беспрацоўны, Малінінская выбарчая акруга)

Хлопец з цікавай біяграфіяй. Скончыў Мінскую сувораўскую вучэльню, служыў ва Унутраных войсках. Папрацаваў афіцыянтам. На сваёй старонцы Укантакце ёсць здымак з Міхаілам і хлопцамі з Унутраных войскаў.

У партнёрскіх спасылках вісіць лінк на паблік Мікіты Краснакуцкага з «Моладзі БНФ». Зуевіч склаў рэйтынг самых незвычайных адмоваў падпісацца за яго: «Я так не гуляю», «Вы што, е…тыя?», «Дома нікога няма!», «Выбачайце, але я не адамкну».

Ягор Макарэвіч

(21 год, студэнт Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, Серабранская выбарчая акруга)

Выглядае, што хлопец ад ранніх гадоў будуе сабе кар’еру афіцыйнага палітыка. На аватарках ва ўсіх сацсетках на вас глядзіць сур’ёзны твар з перадвыбарчых плакатах. Месца працы пазначанае, як «Моладзевая палата пры Мінгарвыканкаме».

Фотаздымкі Ягор выкладае таксама ідэалагічна правільныя. Напрыклад, як Лукашэнка гуляе ў хакей на Калядным турніры. Альбо сумеснае фота з былым галоўным ідэолагам краіны Ігарам Бузоўскім. У падпісках «БелТА» і «Ліберальны клуб». Нічога прабеларускай накіраванасці няма. Стыль у Макарэвіча вельмі афіцыйны, ніякіх вольнасцяў ці жартаў ён сабе не дазваляе.

Пятро Маркелаў

(23 гады, беспрацоўны, Купрыянаўская выбарчая акруга)

Маркелаў, мабыць, поўная супрацьлегласць Макарэвічу. Гэта адзін з кіраўнікоў руху «Дзея». Ён ужо спрабаваў сябе ў электаральных кампаніях з свядома трэшавым праектам «Кандыдат Пятро». У відосах бамжы заклікалі: «Чыстата, красата, галасуйце за Пятра». На той момант Маркелаў быў студэнтам фізфака БДУ, але за вулічную актыўнасць яго выключылі з ВНУ.

Цяпер Маркелаў актыўнічае ў кампаніі Legalize Belarus, якая выступае за легалізацыю марыхуаны ў Беларусі. Перад 25 снежня правялі цэлую «канапляную каляду». Летась Маркелава затрымалі і асудзілі на 12 сутак падчас недармаедаў, калі ён вёў стрым з затрыманняў удзельнікаў.

Вольга Цесакова

(22 гады, магістратура эканамічнага факультэта БДУ, Дзяржынская выбарчая акруга)

Перад гэтым дзяўчына скончыла хімфак. Цяпер яна з’яўляецца старшынёй Каардынацыйнай рады БДУ — гэта такі ў ідэале орган студэнцкага самакіравання. У беларускіх жа ўмовах ён мала на што ўплывае.

Кажа, што яе мэта, каб аб студэнтах «склалася меркаванне, як аб адэкватных людзях з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй». Гэтым летам Вольга адпачывала ў Ялце, якую назвала «Лос-Анджэлесам па-руску».

Іван Шчэрбін

(20 гадоў, студэнт гістфака БДУ, Масюкоўшчынская акруга)

Хлопец з’яўляецца сябрам афіцыйнай Камуністычнай партыі, пры гэтым карыстаецца беларускай мовай. «Лепш было застацца ў Саюзе. Беларусь у складзе СССР была як у складзе нейкага цягніка. Першы вагон — РСФСР, а Беларусь — другая ці трэцяя», — казаў Шчэрбін у адным інтэрв’ю.

Нягледзячы на камуністычныя погляды, Іван стабільна перадрукоўвае на сваю старонку пасты з праваслаўных паблікаў. Красуецца на адкрыцці помніка Сімону Балівару ў Мінску, фоткаецца з апошнім кіраўніком ГДР Эганам Крэнцам і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. Не забываецца Іван аддаваць рэспект і кіраўніку краіны.

Мікіта Семяненка

(22 гады, намеснік дырэктара па маркетынгу ПП «Сеаліна», Кунцаўшчынская выбарчая акруга)

Прадстаўнік Руху «За Свабоду». За тое, што з’ездзіў назіральнікам на выбары ў Грузію, у свой час Семяненку выключылі з другога курса журфака БДУ. У выніку хлопец не прапаў, а вывучаўся ў Торуні і іспанскай Гранадзе, але на беларускую палітыку не забыўся.

Семяненка быў вядомы тым, што арганізоўваў пратэст супраць прыезду ў Беларусь «Начных ваўкоў». У сацсетках піша выключна па-беларуску пра падзеі ў краіне і свеце.

Марта Ганцоўская

(27 гадоў, в.а. першага сакратара Фрунзенскага РК БРСМ, Адоеўская выбарчая акруга)

Функцыянерка БРСМ. Называе на сваёй старонцы Германію «раем» і «казкай». Слухае Макса Каржа, ЛСП і Oxxxymiron. Асаблівага ўсхвалення цяперашняга ладу на яе старонцы не знайсці. Хіба што звяртае ўвагу сустрэча кітайскай дэлегацыі, дзе Марта стаіць пад аграмадным ордэнам Леніна.

У мясцовыя саветы яе наўрад ці пусцяць, бо па той самай акрузе ідзе дырэктар школы №56.

Мікіта Краснакуцкі

(21 год, аператар дыфузійных працэсаў «Інтэграла», Трактаразавадская выбарчая акруга)

Актывіст «Моладзі БНФ», не так даўно саступіў выбары старшыні Ганне Смілевіч. Навучаўся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

Праводзіць досыць актыўныя пікеты ў сваю падтрымку, з бел-чырвона-белымі сцягамі, музыкамі. Кажа, што зусім не малады для дэпутата мясцовага савета. Патрыёт Беларусі — шмат здымкаў на нацыянальную тэматыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1