У гарадскім пасёлку Камарын Брагінскага раёна воўк напаў на двух мужчын, паведаміў БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў.

Паведамленне пра тое, што жывёла, падобная на ваўка, напала на мужчыну на аўтастанцыі ў цэнтры пасёлка, паступіла міліцыянтам 2 студзеня ў 6.30. Звер укусіў вяскоўца за руку і ўцёк. Запісы з камер відэаназірання паказалі, што гэта быў сапраўды воўк.

Праз 40 хвілін у міліцыю паведамілі, што жывёла ходзіць па аўтазаправачнай станцыі на ўскрайку пасёлка. Лясны звер перакуліў бак, а калі да гандлёвай кропкі пад'ехаў на ровары мясцовы жыхар, накінуўся на яго і ўкусіў за руку.

«Мужчына паспрабаваў адбіцца ад ваўка. У нейкі момант жывёла адбеглася, і супрацоўніца АЗС змагла ўпусціць пацярпелага ў памяшканне. Воўк пачаў драпаць дзверы, але потым сышоў у невядомым кірунку», — пракаментаваў Віталь Прыстромаў.

На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі брагінскай міліцыі, паляўнічыя. Прачэсванне мясцовасці праводзілася да позняга вечара, аднак знайсці ваўка не ўдалося. «У цяперашні час паляўнічымі прымаюцца меры, каб абясшкодзіць небяспечную жывёлу», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік УУС.

Пацярпелым мужчынам была аказана неабходная медыцынская дапамога і ўведзена антырабічная вакцына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0