Тацяна Севярынец, якая 23‑га верасьня адмовілася ад далейшага ўдзелу ў выбарах у якасьці кандыдата па Віцебскай‑Горкаўскай акрузе №17, атрымала ліст з загадам вярнуць грошы, выдаткаваныя на выбарчую кампанію.

Паводле спадарыні Тацяны, у лісьце пазначана сума, якую яна мусіць вярнуць — 1.329.511 рублёў. Гэтая лічба вельмі зьдзівіла былую кандыдатку, якая выкарыстала на агітацыйныя ўлёткі ўсяго 560 тысяч з выдаткаваных паводле закону 50‑ці базавых велічынь, або 1.750 тысяч рублёў.

Яна патэлефанавала ў камісію, дзе сказалі, што зь яе спаганяюць у тым ліку і сродкі, укладзеныя дзяржавай у агітацыйную кампанію. Апазыцыянэрка запатрабавала дакладную калькуляцыю гэтых выдаткаў, бо не уяўляе, якім чынам дзяржава дапамагала ёй агітаваць выбрацаў.

Нагадаем, што Тацяна Севярынец зьнялася з выбараў з тае прычыны, што ня лічыць гэтую кампанію дэмакратычнай. Да адпаведнай заявы ў камісію яна прыклала і шэраг дакумэнтаў, якія сьведчаць пра перашкоды падчас агітацыйнай кампаніі. У прыватнасьці, чатыры адмовы ад прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе Тацяна Севярынец хацела правесьці сустрэчы з выбарцамі, і дзьве адмовы на правядзеньне агітацыйных пікетаў.

Акруговая камісія прызнала прычыны, паводле якіх актывістка адмовілася ад удзелу ў выбарах, бяздоказнымі і неаб’ектыўнымі, а таму пастанавіла вярнуць грошы.

У віцебскіх газэтах зьявіліся паведамленьні, што ў Віцебскай‑Горкаўскай выбарчай акрузе №17 застаўся адзіны кандыдат — старшыня Віцебскага гарсавету Генадзь Грыцкевіч. На плякатах, зьмешчаных на выбарчых участках, фота спадарыні Севярынец заклеена белым аркушам паперы, а пад імем і прозьвішчам напісана слова «выбыла».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?