Паступленні ад турпаслуг у бюджэт Мінска павялічыліся на 35% з увядзеннем Беларуссю бязвізавага рэжыму. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у эфіры праграмы «Актуальнае інтэрв'ю» на «Беларусь 1», піша БелТА.

Увядзенне бязвізавага рэжыму на пяць дзён для грамадзян 80 дзяржаў ужо прынесла свой плён. Больш за 80 тыс. замежных грамадзян, у першую чаргу з Заходняй Еўропы, наведалі Беларусь. У Мінску ідзе рост паступленняў у бюджэт ад турыстычных, гасцінічных паслуг, ад паслуг у сферы аховы здароўя, адпачынку і гэтак далей на 35%», — сказаў Уладзімір Макей.

Крокі па далейшым спрашчэнні візавага рэжыму плануецца абмеркаваць у студзені на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. «Там мы будзем уносіць адпаведныя прапановы. Думаю, па выніках гэтай нарады будуць зробленыя канкрэтныя захады, — рэзюмаваў дыпламат.

Разам з тым Уладзімір Макей прызнаў, што з боку турыстаў ёсць некаторыя парушэнні бязвізавага рэжыму. «Але на фоне агульнай колькасці замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь, колькасць гэтых парушальнікаў нязначна. Мяркую, у дадзенай сітуацыі плён быў, і гэта рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму было абсалютна апраўданым, узважаным. Для краіны яно дае добры эфект, таму спыняцца на дасягнутым нельга», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0