06.01.2018 / 15:21

Алесь Сапега адшукаў у Лондане ўнікальныя ФОТЫ і лісты Магдалены Радзівіл 27

6 студзеня 1945 года ў швейцарскім Фрыбургу пайшла з жыцця вядомая беларуская мецэнатка Магдалена Радзівіл. Сёлета напярэдадні гэтай даты Алесь Сапега, лідар супольнасці беларусаў Швейцарыі, адправіўся ў Лондан, каб адшукаць арыгіналы перапісак княгіні і забытыя за часам здымкі.

Магдалена Радзівіл. На першым і другім здымках яна за адным і тым жа сталом.

«Невядомая асоба» ў цэнтры — Магдалена Радзівіл.

Дачка Магдалены ад першага шлюбу з графам Людвікам Красінскім графіня Марыя з дзецьмі. У чэрвені 2017 года яе прах пры дапамозе Алеся Сапегі быў перавезены са Швейцарыі ў Варшаву, дзе пахаваны ейны муж.

«У нас з кіраўніком беларускай дыпламатычнай місіі ў Швейцарыі была ідэя зрабіць фотавыставу, прысвечаную Марыі Магдалене Радзівіл, — распавядае Алесь Сапега. — Мне раней сябар Анатоль Міхнавец прэзентаваў кнігу Аляксандра Надсана пра Магдалену «Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі». Пачаў чытаць і даведаўся, што лісты, якія я так марыў знайсці, ёсць у архівах бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Я пазваніў беларускаму святару Сяргею Стасевічу, які там цяпер знаходзіцца, і запытаўся, ці сапраўды ў архівах ёсць матэрыялы па Магдалене, яе ліставанні? Ён сказаў, што нешта дакладна ёсць, але што менавіта — не ведае, трэба глядзець. Тады я спытаў: «Калі прыеду, вы мне пакажаце архівы? Дазволіце ў іх сядзець?» На што айцец Стасевіч адказаў: «Канечне, прыязджай. Дазволім зрабіць копіі і, можа, дамо нейкія арыгіналы для выставы».

Праз некалькі дзён Алесь Сапега ўжо быў там. Два дні ён прасядзеў у архівах: вышукваў інфармацыю пра Магдалену, чытаў яе ліставанні, якіх апынулася даволі багата.

Фрагмент ліста княгіні Магдалены.

«Я, канечне, намагаўся знайсці лісты, у якіх Магдалена піша па-беларуску, але па-беларуску яна толькі размаўляла, пісала ж па-польску. Вось калі яны з мужам, князем Мікалаем Радзівілам, пераехалі з Лондана ў Кухцічы, то там ужо ўсё справаводства па яе загадзе вялося па-беларуску, — працягвае Алесь. — У Лондане я таксама схадзіў у царкву на вуліцы Пікадзілі, дзе Магдалена і Мікалай пабраліся шлюбам. Яна была адчыненая, але ўнутры нікога не было. Дачакаўся Імшы, а пасля ўжо падышоў да святара, сказаў яму, што займаюся справамі княгіні Радзівіл, а яна тут пабралася шлюбам. Святар стаў шукаць шлюбныя запісы, але, на жаль, самы першы, што там захоўваецца, за 1927 год. Магдалена ж выйшла замуж у 1906 годзе. Але святар даў кантакты нацыянальнага архіва, каб я шукаў там».

У гэтай царкве Магдалена і Мікалай пабраліся шлюбам.

Сфатаграфаваў Алесь і будынак гатэля, дзе маладыя святкавалі вяселле, гэта за некалькі кіламетраў ад царквы.

Будынак гатэля, дзе Магдалена і Мікалай святкавалі вяселле.

Гэты ж будынак у старых архіўных хроніках.

Усе сабраныя за паездку матэрыялы Алесь ужо апрацаваў і адвёз у беларускую амбасаду ў Берне. Застаецца толькі аформіць фотаздымкі ды дакументы ў рамкі і вызначыцца з месцам для выставы ў будынку амбасады. Мяркуецца, што выстава запрацуе ў студзені і будзе пастаяннай.

А ў лютым павінна прайсці перапахаванне праху Магдалены Радзівіл у касцёле ў Мінску.

Алесь Сапега падчас паездкі ў Лондан.

Чытайце таксама:

Пяць прычын, чаму беларусы павінны ганарыцца мецэнаткай Магдаленай Радзівіл

nn.by, фота з архіва Алеся Сапегі

1
Опт / Адказаць
06.01.2018 / 15:30
Реально огромная работа, респект Пану Сапеге.
42
? / Адказаць
06.01.2018 / 15:46
почему фото1920 г отмечено что в варшаве? почему она не осталась восстанавливать молодое белорусское государство?
1
Дзядзька Глеб / Адказаць
06.01.2018 / 15:49
МАЛАЙЧЫНА САПЕГА!
Паказаць усе каментары/ 27 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру