У Мінску на частаце 87,5 FM пачала трансляцыю новая радыястанцыя «Рэлакс».

Паводле задумы, у эфіры будуць лёгкія спакойныя песні, а таксама кароткія ўстаўкі на беларускай мове: цытаты вялікіх людзей (Маргарэт Тэтчар, Генры Форд і іншыя), урыўкі з твораў беларускай і сусветнай літаратуры, матывуючыя гісторыі і прагноз надвор’я.

У аснове эфіру будуць музычныя творы ў стылі зборнікаў Romantic Collection. Гэта будзе як і сучасная лаўнж-музыка, так і класічныя кампазіцыі Фрэнка Сінатры, Элвіса Прэслі, Элы Фіцжэральд і іншых.

У каментары для «Нашай Нівы» галоўны рэдактар і генеральны прадзюсар радыё «Рэлакс» Аляксандр Ажынскі адзначыў, што беларуская мова абраная нездарма.

«Па-першае, у Мінску невялікая колькасць папулярных радыёстанцый па-беларуску. Па-другое, мы займаемся бізнэсам. Беларуская мова падкрэслівае нашу ўнікальнасць, з ёй мы гучым ярчэй. Ну і руская мова, пры ўсёй павазе, не такая лёгкая і мілагучная, як беларуская. Менавіта лёгкасць і мілагучнасць з’яўляюцца асноўнымі слупамі нашага радыё», — адзначыў спадар Ажынскі.

Новая радыёстанцыя належыць ТАА «Вашае тэлебачанне», якое таксама кантралюе радыё «Юмор FМ». На ім таксама эфірныя ўстаўкі пераважна беларускамоўныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?