Субота была багатая на музычныя падзеі. У Атэнах - фінал "Эўрабачаньня", у Лагойску - фэстываль "Бітлз назаўжды", а ў Бабруйску - "Рок - за баброў". Тэксты ўсіх песень папярэдне ўзгадняліся ў гарвыканкаме. Піша Сяргей Будкін.

Бабруйск. Спальны раён. Сцэна, збудаваная на прыступках мясцовага палацу культуры. Колькітысячны натоўп чакае. Арганізатары нэрвова пазіраюць на захмаранае неба: за пару гадзінаў да пачатку віхор зьнёс са сцэны дах. Калі пойдзе дождж, музыкам давядзецца адразу згортвацца.

Гэтым разам фэст быў прысьвечаны ня столькі гаротным бабрам, колькі змаганьню з дыяксінам. Са сцэны тлумачылася, як важна не паліць плястыкавыя бутэлькі, а выкідаць іх у адмысловую сьметніцу. Экалягічны рок-фэст - супэр-ідэя. Каб яшчэ слова "рок" не выклікала ў разнастайных дазваляльных інстанцыях т страху. Бабруйская акцыя шчэ раз паказала, што найгалаўнейшым з усіх фэстаў для беларускага року па-ранейшаму зьяўляецца "Басовішча".

"Паважаю ўсіх, хто сёньня тут выступае, але які можа быць беларускі рок-фэстываль бяз топавых айчынных рокераў?!" - кажа перад выхадам на сцэну вядучы фэсту Сяргей Кузін - колішні супрацоўнік менскага FM, які зьехаў у пошуках лепшай долі ва Ўкраіну. Фэст запомніцца беларускім удзельнікам шэрагам позьнесавецкіх бюракратычных працэдураў, празь якія давялося прайсьці. Усе пэрсаналіі ўзгадняліся зь Міністэрствам культуры, а тэксты іх песень - зь мясцовай адміністрацыяй. У выніку зь беларускамоўных камандаў літаваньне тэкстаў прайшла толькі "Indiga". А пра тое, што вядоўцам мінулага фэсту быў Лявон Вольскі, палічылі за лепшае наагул ня згадваць.

На сцэну выходзіць першы гурт - "КлЁндайк", зь вядоўцай Першага музычнага каналу і апошняй Рок- каранацыі Кацяй Пытлевай у якасьці вакалісткі. У шчыльным натоўпе актывізуецца міліцыя. Людзі ў пагонах прачэсвалі гурму рок-фанатаў цягам усяго фэсту на прадмет "апазыцыйных" сьцягоў ды расьцяжак. Безвынікова. Зелянелі хіба сьцяжкі фундатара фэсту - бровару "Сябар". А падчас выступу "Іndiga" мясцовыя патрыёты разгарнулі... расьцяжку БРСМ.

Але тыя некалькі дзясяткаў дзяўчат, якія сталі ў першы шэраг зь вялізнай расьцяжкай "Бі-2", не цікавіліся ані блюзавымі імправізацыямі Юр'я Міхайлава з "Мадэры хард блюз", ані жывёльнымі рыкамі вакалістаў "ТТ-34". Бабруйск чакаў гэдлайнэраў фэсту - гурту "Бі-2" і папросту трываў усіх, хто выступаў перад імі. Выступ "Бі-2" для Бабруйску тое самае, што выступ Пола Макартні для Лівэрпулю. Каб Лёва і Шура мелі больш часу падстроіць гітары, ня выступіў удзельнік туру "За Беларусь" гурт "Нэа". Перад выхадам "Бі-2" ахова адцясьніла нават гасьцей фэсту ад сцэны.

"Бі-2" прыехалі на радзіму "прыфанэраныя" - замест жывога клявішніка граў кампутар. Але землякі не крыўдавалі. Расейскі гурт, які згадвае пра бабруйскія карані хіба што на гастролях у Беларусі, купаўся ў славе. На пытаньне вакаліста Шуры, ці ёсьць тут выхаванцы 13-й сярэдняй школы, і маладыя, і старыя зараўлі: "Ёсьць!" Апроч таго, словы песень ведалі ўсе бабруйчане. Акрамя, напэўна, работнікаў ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму.

Глядзі яшчэ:

Паліна Смолава заняла ў паўфінале "Эўрабачаньня" перадапошняе месца

Зьміцер Падбярэскі: У Смолавай не было ні каліва арыгінальнасьці

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0