Прадстаўнікі ЦВК кажуць, што аніякіх парушэньняў зафіксавана не было. Аляксандар Лукашэнка ўвогуле прэзентуе выбары, як шэдэўр – унікальны выпадак дэмакратызму. Маўляў, мы дзесьці нават парушаем ўласны Выбарчы Кодэкс дзеля прыняцьця новага Парлямэнту краінамі Захаду. Так гэта ці не, нікому не вядома. Канстатаваць можна толькі факты, зь якіх і складаюцца любыя дзеі. Не выключэньне й гэтыя Выбары-2008...
Каб, зрабіць хаця б якія-колечы вынікі, я зьвярнуўся да некалькіх чалавек па камэнтары...
* * *
Вольга, зьяўляецца студэнткай дзённага адзяленьня БДзУІРа, жыве ў інтэрнаце й навучаецца на бюджэтнае форме навучаньня. Вельмі прыязна, хаця спачатку насьцярожана, яна распавяла мне пра тое, якую ролю выбары ў Палату прадстаўнікоў згулялі ў яе жыцьці:
- Раскажы, калі ласка, як у вас адбываюцца выбары? Ці хадзіла ўжо?
- Але, я ўжо прагаласавала! Ня тое, што я зьбіралася галасаваць датэрмінова, але нас прымусова пагналі ставіць крыжык у выбарчых бюлюценях.
- Такім чынам, казалі, каб ты йшла менавіта ўчора, 25-га верасьня?
- Цалкам так! Яны казалі: “Ну, вам падабаецца жыць у інтэрнаце?”
- А менавіта кандыдата не называлі?
- Не! Нам, проста, сказалі, каб мы йшлі галасаваць датэрмінова... Хаця я ім казала, то бок, гэта маё права: хачу йду зараз, а хачу ўвогуле не пайду!
- А ці былі якія-небудзь запалоханьні: маўляў, вы не атрымаеце наступным разам інтэрнат?
- Я шчыра ня ведаю, што б было, калі б я не зрабіла гэтага. Ну, разумееш, яны кажуць: “Так, каб усе сёньня йшлі на выбары – я адказваю: Я зараз не магу, у мяне шмат турботаў! – а яны ўсё роўна, - ідзі!”
- Кажуць, што ў вас можна было галасаваць па студэнцкаму білету? Ці праўда гэта?
- Так! Я тады сказала, то бок, у мяне няма пашпарту (я зьбіралася зрабіць свой выбар у родным горадзе). Яны жа мне адказалі: “Ідзі па пропуску!” Ну, ведаеш, вельмі настойліва ўсё гэта адбывалася. “Оля, вам даспадобы, каб вас угаворваць?” – нават на такое ня сквапіліся!
- А ці казаў хтосьць, што гэта парушэньне Выбарчага Кодэксу?
- Не! Справа ў тым, што мы – звачайныя студэнты, і ніякага разуменьня ў праве, тым больш выбарчам, ня маем. Калі ты жывеш у інтэрнаце, то разумееш трэба выконваць іхнія патрабаваньні, так як могуць у любой момант выключыць нават з універсітэту... А што ўжо й казаць пра нашыя комнаты!
- А як шмат вас учора прагаласавала?
- Магу з упэўненнасьцю сказаць, што гэта быў не выключны выпадак! Так, цягам некалькіх гадзін, адправілі свой голас у выбарчыя скрыні студэнты ўсяго нашага паверху.
* * *
Аляксандра навучаецца ў Акадэміі Кіраваньня пры Прэзыдэнце РБ. Больш адкрыта, чым Вольга, але вельмі агрэсіўна накіравана да апазыцыйных палітыкаў (задецца выявіліся шматгадзінныя лекцыі па Ідэалёгіі) выказалася пра свае ўражаньні:
- Ці ты заўважыла, што ідзе выбарчая кампанія? Калі так, дык за каго прагаласуеш?
- За каго?.. А яшчэ сама ня ведаю: усё забываюся падыйсьці да тых вялікіх шыльдаў са сьпіскам кандыдатаў!
- Вядома, што шмат якія кандыдаты агітуюць выбаршчыкаў, укідваючы улёткі ў паштовыя скрыні...
- Так, гэта мела месца! Прычым, дзіўна, што ня ўсе кандыдаты карыстаюцца гэтай магчымасьцю! Я, праўда прачытала, праграму толькі паловы кандыдатаў ад маёй акругі...
- І як зьмест? Ці былі якія-небудзь недахопы?
- Вядома! Вось адна жанчына піша, маўляў, у нас дрэнна то й гэта – а як выходзіць не напісала! Ці калапс у нас тога-другога: ну, дарагая, каго ты хочаш падмануці?..
* * *
Артур зараз курсант Ваеннай Акадэміі. Яго, як і кожнага сапраўднага грамадзяніна турбуюць пытаньні выбарчае кампаніі. Праўда, у гэтым пытаньні яму цяжэй за іншых: займацца палітыкай у ваенных – афіцыйна забаронена:
- Якім бокам цябе кранулі падзеі 2008-га года?
- Самым непасрэдным! Справа ў тым, што я сам уваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты. Гэта гэнерал-маёр Місурагін, начальнік нашай акадэміі.
- І ў чым менавіта ты прыймаў удзел?
- Ну, як у чым? Хадзілі, агітавалі, зьбіралі подпісы...
- Няўжо па пад’ездах?
- Канешне, не!.. Нас пасадзілі ў нейкім зале за сталы, астатніх пастроілі па чарзе ў 15 калён. Курсанты падыходзілі да нас і ставілі свае подпісы.
- Няўжо вас ўсіх прымусілі ставіць свае подпісы?
- Ну, чаму ж прымусілі?! У арміі асабіста не пытаюцца!.. Мы нават пацікавіліся ў афіцэраў, чаму б проста не пастроіць усю Ваенную Акадэмію, замест таго, каб езьдзіць у розныя вайсковыя часткі (кшталту, Уручча). Яны нам адказалі, што могуць узьнікнуць “падазроньні ў выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу”...
- Га! А так нібы няма падазроньняў?
- Нібы так...
* * *
Мікалай зьяўляецца пазаштатным сябрам партыі БХД. Дапамагае Дзянісу Садоўскаму, кандыдату ад Масюкоўшчынскае выбарчае акругі, у вядзеньні кампаніі. Ён з радасьцю згадзіўся распавесьці ўражаньні:
- Мікалай, скажыце, у чым менавіта заключаецца вашая дапамога?
- Яна ня надта й вялікая: некалькі разоў разносіў улёткі, адзін раз удзельнічаў у пікеце... Здаецца ўсё.
- Ці заўважылі вы, што-небудзь цікавае?
- Але! Па-першае, гэта адносіны грамадзян да нас, прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты... асабіста апазіцыйных сучаснае ўладзе. Я заўважыў, што жанчыны больш актыўныя, у тым сэнсе, што яны надта часьцей за мужчын прыязна, ці хаця б бяз бачнай негатыўнасьці, прымалі нашыя ўлёткі. Мужыкі ж вельмі часта адмаўляліся. Адзін нават сказаў, што гэта спам, іншы жа скамкаў паперку й кінуў у мяне...
Цікава, што, калі мы раскідвалі ўлёткі па скрынях, то (вядома, нам трэ’ было папасьці ўнутар пад’езда) большасьць адчыняла нам магнітную заслону. І толькі некаторыя сказалі, што не адчыняць, так як ня хочуць, ці ня ведаюць хто мы. Адна жа дзеўчына вымовіла, маўляў, я яе заб’ю!..
- А ці не заўважылі вы, колькі кандыдатаў праводзяць аналягічную дзейнасьць? Мо зь кімсьці спаткаліся ў пад’ездах?
- Не, уласна ня бачыў! Але заўважыў, што амаль кожная скрыня забіта ўлёткамі амаль ад усіх кандыдатаў. Так, напрыклад, калі я паспытаў невялічкую суполку мясцовых жыхароў пра ключ ад дзьверы ў пад’езд, адзін зь іх, як даведаўся, што я агітую за кандыдата, сказаў: “Агітатар, *ць! Пасьля такіх як ты, немагчыма па долу хадзіць – усё вашымі улёткамі засрана! – на што іншы яму адказаў: Дык ня ён жа іх са скрыняў выкідвае!”
- Атрымоўваецца, кампанія ў агульным ідзе нармальна? Без прыгнёту з боку ўлады?
- Здаецца, што так! Разумееце, я ўжо дзён пяць разносіў улёткі і ніхто нават не паспрабаваў мне неяк перашкодзіць (праўда, акрамя некалькіх мясцовых жыхароў)! Да таго ж, нават міліцыя прыязна ставілася да нас, калі мы праводзілі НЕДАЗВОЛЕННЫ пікет: міліцыянты замест затрыманьня, наадварот пажадалі посьпехаў на выбарах (хаця, цікава, што каля нас іх сабралося чалавек семь)!
Праводзяцца сустрэчы з кандыдатамі... І гэта добра!..
* * *
Праслухаўшы, гэтых людзей: розных па меркаваньням, сацыяльнаму становішчу й дзейнасьці – можна зрабіць некаторыя вынікі. Калі ж абагульніц іх усіх, дык можна сказаць: “Ня ўсё ёсьць так дрэнна! Канешне, блага, што недасваляюцца шматлікія пікеты, якія насамрэч патрэбныя; ува ўніверсытэтах заганяюць паўпрымусам на датэрміновае галасаваньне, вынік якога так цяжка праверыць незалежным назіральнікам; тое, што паўсюль падаецца аднабаковая ідэалягічна-афарбаваная інфармацыя. Але ёсьць сустрэчы з кандыдатамі, іх выступы па тэлебачаньню, карэктныя й нават лаяльныя адносіны адміністрацыі да магчымых дэпутатаў, адсутнасьць (ці хаця б мінімізацыя) затрыманьняў за палітычную дзейнасьць... Тут многа бракуюць самі грамадзяне: сваім абыякавым і варожым да ўсяго новага настроем”...
Таму ня будзем ўсё скідваць на ўладу! Вядома, далёка ня ўсё добра, але шмат ва ў чым вінаватыя мелкія бюракраты, самі грамадзяне...