Лукашэнка зрабіў моцны ход, абвясьціўшы выбары назаўтра пасьля сустрэчы з Пуціным. Як зазначыў адзін аналітык, нават калі б яны проста папілі гарбаты, гэта ўжо выглядала б падтрымкай з боку Крамля. А тут Аляксандар Рыгоравіч яшчэ й танны газ прывёз! Меней за 47 даляраў пры $230 для памаранчавай Украіны — гэта наглядны ўрок: не гуляйце ў рэвалюцыі!

Ну а чым можа прывабіць электарат Мілінкевіч? У выпадку ягонай перамогі зьніжак на блакітнае паліва чакаць не выпадае. Тым, хто арганічна не прымае цяперашняй сыстэмы, дастаткова, што Мілінкевіч — альтэрнатыва Лукашэнку. Але ж у многіх не настолькі трапяткое стаўленьне да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Масу хвалюе простае, прагматычнае пытаньне: якімі пернікамі аддзячыць новы прэзыдэнт?

Як адзначаюць аналітыкі, выразнага пасланьня, адрасаванага шараговай публіцы, у Мілінкевіча не было. А любую праграму трэба яшчэ й данесьці. Праблема тут ня толькі ў ліку валантэёраў. Ці здолеюць яны перадаць масе энэргетыку пасланьня? Дзеля гэтага трэба найперш самім шчыра верыць у перамены.

На тле пэсымізму многіх менавіта ўлада парадаксальным чынам засьведчыла, што справа апазыцыі не зусім гіблая. Ссунуўшы галасаваньне на сакавік, кіраўніцтва дзяржавы паказала, што, мякка кажучы, хвалюецца за вынік.

Відавочна, трывогу спарадзілі зьяўленьне адзінага кандыдата і ягоныя ваяжы па краіне. То бок, аб’яднаўчыя высілкі апазыцыі далі плён.

Тое, што цягам 2005 году лідэры галоўных апазыцыйных сілаў здолелі закілзаць амбіцыі і вытрымаць цэнтра кансалідацыі, — надзвычай каштоўна. Але недаравальна доўга выбудоўвалі пасля кангрэсу сваю «вэртыкаль». Мілінкевіч пайшоў у народ без выразнага мэсыджу, без атрыбутыкі. Пахваліўшы джынсавы варыянт, адзіны кандыдат зарабіў ужо кпіны наконт пошуку сьвежых ідэяў у сэканд-хэндзе.

Улада хоча разгромнага ліку на таблё. Каб спраўдзіць тэзу, што неўзабаве «і гэтай слабой апазыцыі ў нас ня будзе». Але, прагнучы забясьпечыць «элегантную перамогу», вярхі могуць і перагнуць.

Афіцыйныя вынікі галасаваньня здольныя абурыць электарат тады, калі ў яго будзе вострае пачуцьцё падману. У 2001 годзе наўрад ці хто мог паверыць, што дэ-факта перамог Ганчарык. Зь іншага боку, у Бялградзе, Кіеве людзей штурхала на пратэст менавіта пачуцьце абражанай годнасьці: не дамо скрасьці наш выбар!

Трэба аддаць належнае: стратэгі беларускага рэжыму асэнсавалі досьвед каляровых рэвалюцыяў. Задзейнічаны цэлы арсэнал прэвэнтыўных захадаў, які вянчаюць палітызаваныя навэлі крымінальнага заканадаўства. А перанос выбараў адразае апазыцыю ад значнай часткі рэсурсаў.

Разам з тым, упершыню мы настолькі выразна ўбачылі, што ўладны Галіяф нэрвуецца, а таму здольны на памылкі. Наколькі зможа скарыстацца гэтым апазыцыйны Давыд?

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?