19.03.2018 / 19:09

Колькі смецця Беларусь прадае суседнім краінам і чаму доля выкарыстання пластыкавай тары ў нас — 80%, а ў Бельгіі — 3% 18

На першых месцах у свеце па долі перапрацаванага смецця — такія перадавыя краіны, як Нямеччына, Японія, а таксама Скандынавія. А сярод самых выгадных для перапрацоўкі матэрыялаў — шкло. Яго можна цалкам перапрацоўваць неабмежаваную колькасць разоў без страты якасці.

Каб шкло не раскідвалі, а здавалі, у гэтых краінах асобныя кантэйнеры для шкла стаяць каля кожнага дома. Акрамя таго, цэлыя бутэлькі прымаюць аўтаматы ва ўсіх вялікіх крамах.

Так выглядаюць аўтаматы для здачы пустых бутэлек у Фінляндыі.

Шмат у якіх краінах пры набыцці напою вы плаціце закладны кошт бутэлькі, які пазначаецца на цэнніку. Такую сістэму прапаноўвалі ўвесці і ў Беларусі. Гэта стымулявала б людзей здаваць тару. Але пакуль справа не зрушылася.

«Пару гадоў таму кошт бутэлькі павысілі да 10 еўрацэнтаў, — расказаў «Нашай Ніве» Эрвін Гольвіх, студэнт-архітэктар з Эстоніі.

— Здаваць бутэлькі з-пад напояў сапраўды выгадна. Напрыклад, «Кола» каштуе 70 цэнтаў, плюс 10 — кошт бутэлькі. Потым яе прыносіш назад у краму і здаеш у спецыяльны аўтамат. На бутэльках за паўгода можна «наэканоміць» на цэлы бак бензіну!» — расказвае эстонец.

Але не ва ўсіх краінах Еўропы існуе такая практыка. Іспанка Анхела Эспіноса Руіс, якая вядомая нашым чытачам па дасканалым валоданні беларускай мовай, распавяла, што высокія вынікі ў перапрацоўцы смецця дасягнутыя Іспаніяй выключна дзякуючы вельмі свядомаму стаўленню людзей да сартавання. 

Швецыя і Нарвегія настолькі прасунуліся ў тэхналогіях перапрацоўкі, што нават закупляюць смецце суседніх краін, вялікую частку якога яны спальваюць, атрымліваючы танную энергію і такім чынам ашчаджаючы на энергарэсурсах.

Такімі асаблівасцямі з намі падзяліўся Андрэй Катлярчук, беларус з Швецыі.

А Фінляндыя нават прадае перапрацаванае біялагічнае смецце за мяжу ў якасці ўгнаенняў.

Не менш эканомна ў гэтай краіне абыходзяцца і з шклом. Пра гэта нам распавёў наш чытач Якуб Лапатка, які стала жыве ў Фінляндыі.

«Каля дамоў стаяць пабудовы з негабляваных тоўстых рэек, пафарбаваныя у белы колер. Такія пабудовы нагадваюць садовую альтанку, але гэта месцы збору смецця. Унутры знаходзяцца некалькі асобных кантэйнераў для розных бытавых адкідаў: паперы, кардону, біялагічных адходаў, металу і шкла.

А шкляная тара — гэта асобная песня. Шкляныя бутэлькі здаюцца ў аўтаматы і зноў выкарыстоўваюцца па прамым прызначэнні», — распавядае спадар Лапатка.

Тыповая будова з кантэйнерамі для смецця ў Фінляндыі: чыста і закрыта.

Пляцоўка па зборы смецця ў Мінску.

Пляцоўка па зборы смецця ў Баранавічах: як жа ўсё непрэзентабельна і неакуратна.

Якуб Лапатка вычытаў у фінскай прэсе такія лічбы: пры выкарыстанні адной тоны шклянога бою зберагаецца 650 кг неабходнага для шкляной вытворчасці пяску, 205 кг соды, 190 кг вапняку і 80 кг палявога шпату. Больш за тое, гэта яшчэ і дае эканомію энергіі, бо бітае шкло плавіцца пры меншай тэмпературы, чым сумесь гэтай сыравіны. 

Пластык vs шкло 

Параўнайце лічбы, якія паказваюць долю выкарыстання пластыкавае тары для разліву напояў у розных краінах:

  • Беларусь — 80%
  • Расія — 60%
  • Нямеччына і Бельгія — 3—4%.

Дасягнуць станоўчых зрухаў у гэтым кірунку Расіі дапамагла прынятая ў 2017 годзе забарона на продаж і вытворчасць піва ў поліэтыленавых бутэльках аб'ёмам больш за 1,5 літра.

У згаданых вышэй заходніх краінах піць піва з пластыкавай бутэлькі ўвогуле лічыцца дурным тонам. 

Чаму ж развітыя краіны імкнуцца да пашырэння выкарыстання шкляное тары?

«Акрамя таго, што шкло — экалагічна чысты прадукт, які можна выкарыстоўваць бясконца, істотным аргументам на карысць шкляное тары ёсць тое, што яна не шкодзіць здароўю, у адрозненне ад пластыкавай бутэлькі, якая з'яўляецца небяспечнай для здароўя», — распавядае інжынер аховы навакольнага асяроддзя Гродзенскага шклозавода Таццяна Лунь.

У вытворчасці ПЭТ выкарыстоўваецца дыбутылфталат, які мае ўласцівасці пераходзіць (хаця і ў невялікіх колькасцях) у харчовую прадукцыю і можа нанесці шкоду эндакрыннай і нервовай сістэмам чалавека. Часта вытворца дадае ва ўпакоўку і іншыя таксічныя рэчывы, якія здольныя назапашвацца ў арганізме і шкодзіць здароўю. Прычым, чым больш часу напой знаходзіцца ў такой бутэльцы, тым больш хімікатаў трапляе ў яго склад. 

Найлепш «убірае» ў сябе шкодныя рэчывы алкагольная прадукцыя. Напрыклад, гарэлку і іншыя моцныя напоі ніколі не разліваюць у ПЭТ нават у Беларусі, але вельмі часта можна сустрэць таннае «пладова-ягаднае» менавіта ў пластыкавай бутэльцы, не кажучы ўжо пра піва. 

«Вядома, шкляная тара даражэйшая за пластыкавую, але лепш не эканоміць на сваім здароўі» — упэўненая Таццяна. 

Што робяць са шкляным смеццем у Беларусі?

Што адбываецца з тым смеццем, якому дастаўся гонар быць перапрацаваным? Давайце разгледзім гэта падрабязна на прыкладзе шкла.

Інфаграфіка: Воля Афіцэрава

Буйным перапрацоўшчыкам шкла ў нашай краіне з’яўляецца ААТ «Гродзенскі шклозавод».

Увядзенне ў склад шыхты (сумесі для прыгатавання шкла) шклабою скарачае затраты энергіі пры вытворчасці шкляных вырабаў: на кожныя 10% дададзенага шклабою спажыванне энергіі зніжаецца на 3%, а ўлічваючы, што кожная бутэлька складаецца прыблізна з 60% шклабою, эканомія энергіі складае каля 20%. 

Паводле звестак дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», за 2016 год у Беларусі сабралі і накіравалі на перапрацоўку 160 тысяч тон шкла. Захаванай дзякуючы гэтаму электрычнай энергіі хопіць на цэлы месяц для жыхароў Магілёва.

Пры гэтым на тэрыторыі нашай краіны было выкарыстана толькі 30 тысяч тон шклабою, а астатнія 130 тысяч мы прадалі суседнім краінам. 

У 2017 годзе гэтыя лічбы выраслі: было сабрана 180 тысяч тон шклянога смецця, выкарыстана на тэрыторыі краіны каля 50 тысяч тон. 

А яшчэ некалькі год таму для патаннення вытворчасці Беларусь закупляла шклабой за мяжой. Так што прагрэс ёсць, толькі хацелася б, каб ён ішоў хутчэй. 

Увогуле ж, сітуацыя са зборам смецця ў нас складваецца такім чынам: толькі каля 15% усіх адкідаў у Беларусі перапрацоўваецца, астатняе звозіцца на звалкі. 15% — гэта больш, чым у Расіі і Украіне, але менш, чым у нашых заходніх суседзяў. Каласальныя рэсурсы краіна ўсё яшчэ закопвае ў зямлю.

Ілья Параскевіч

6
With / Адказаць
15.03.2018 / 09:06
Рэдакцыя, малайцы! Пiшыце паболей пра гэтыя праблемы i iх вырашэнне. Бо «зарасцем» смеццем па самыя вушы. А з пластыкам наогул нешта трэба кардынальна мяняць.
14
Аляксандр comrade / Адказаць
15.03.2018 / 09:07
Разумеется стекло более экологичный материал. Но вот не надо ля-ля про вред пластика. Тару из пластика сложно (а в некоторых случаях невозможно) перерабатывать - это да. Но про вредность продуктов, упакованного в пластиковую тару, глупость. Про пиво особенно. К вашему сведению, Россия ввела запрет на выпуск пива в пластиковой таре большого объёма никак не из-за соображений экологии, а в результате лоббирования водочных королей, ведь пластиковые двушки пива - это прямой конкурент дешевой водке по цене, поэтому когда водочники стали терять прибыль, их лоббисты быстро придумали как это исправить.  
6
Міша / Адказаць
15.03.2018 / 09:25
Выдатны артыкул, дзякуй. І лічбы есць, і факты, і меркаванні. Наша Ніва есць прыкладам добрай айчыннай журналістыкі - гэта адказ тым, хто шукае нейкую "жаўцізну" увесь час.
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру