Зніклая 1 снежня 23-гадовая жыхарка Баранавіцкага раёна Юлія Бадак сама вярнулася дадому 7 студзеня. На наступны дзень яе цётка распавяла СМІ пра тое, што яе пляменніца згубілася з-за страты памяці. Міліцыя гэтую версію не пацвярджае.

Як паведаміла газеце Intex-press цётка зніклай Юліі, пляменніца ў дзень знікнення павалілася, паслізнуўшыся ў ваннай. Пры падзенні дзяўчына разбіла галаву, з-за чаго страціла памяць.

— Некалькі сутак пляменніца хадзіла па горадзе. Пра сябе яна нічога не памятала, — перадала журналістам гісторыю пляменніцы яе цётка Святлана. — Каб купіць ежы, спрабавала знайсці працу. Потым нейкім чынам апынулася на Палескім вакзале. Там на дзяўчыну з разбітай галавой звярнула ўвагу пажылая пара.

Пенсіянеры падышлі да яе, сталі распытваць, што адбылося. Калі даведаліся, што шукае працу, прапанавалі дапамагчы - паехаць да іх у вёску ў Салігорскі раён. Яна пагадзілася і месяц жыла ў іх. Калі да Юліі вярнулася памяць, яна распавяла пра ўсё пажылой пары і тыя, маўляў, далі грошы ёй на зваротны квіток дадому. Пры гэтым ні назву вёскі, ні прозвішча пенсіянераў, якія яе прытулілі, цётка Юліі назваць не змагла — пляменніца не запомніла. Святлана таксама паведаміла журналістам, што калі да дзяўчыны вернецца памяць, яны абавязкова наведаюць пажылую пару, якая яе прытуліла.

У міліцыі версію з амнезіяй не пацвярджаюць. Як паведамілі TUT.BY у Баранавіцкім РАУС, у ходзе аператыўна-вышуковых дзеянняў было ўстаноўлена, што 30 лістапада Юлія Бадак прыехала з вёскі Вялікія Лукі ў вёску Русіно Баранавіцкага раёна да сваёй стрыечнай сястры.

— Пакуль той не было дома, яна выпадкова разбіла шкло ў мікрахвалевай печы. Спалохаўшыся, дзяўчына сышла, а тэлефон выключыла. Да 3 снежня яна знаходзілася ў Баранавічах. На Палескім вакзале яна пазнаёмілася з мужчынам, які прапанаваў ёй паехаць да яго ў Салігорскі раён. Там яна пражывала некаторы час. Потым мужчына прапанаваў ёй уладкавацца на працу. Паколькі ні працоўнай кніжкі, ні пашпарта ў яе не было, дзяўчына вырашыла вярнуцца дадому па дакументы, — паведамілі ў ведамстве.

1 студзеня Юлія прыехала ў Вялікія Лукі, але дадому не пайшла - хавалася на гарышчы ў хляве цёткі. Там яе знайшлі 7 студзеня супрацоўнікі міліцыі. Пра тое, ці была ў дзяўчыны траўма галавы, праваахоўнікам невядома.

У гутарцы з TUT.BY цётка Юліі адзначыла, што верыць гісторыі пра страту памяці, якую ёй расказала пляменніца. У той жа самы час жанчына адзначыла, што да лекараў Юлія не звярталася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?