Уладальніку банкаўскай карткі, якая ўвесь час знаходзілася пад ягоным кантролем, раптам пачалі прыходзіць sms-паведамленні пра спісанні з яе буйных сум у расійскіх рублях. З гэтай інфармацыяй мужчына звярнуўся ў міліцыю, паведамляе Маскоўскі РУВД Мінска.
Група па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій высветліла, што грошы з карт-рахунку здымаў былы калега па працы пацярпелага, цяпер беспрацоўны мужчына 1985 года нараджэння. З ягоных словаў, ён не мог уявіць сабе, што яго могуць знайсці.
Аказалася, што некалі, скарыстаўшыся адсутнасцю калегі ў раздзявалцы, ён адкрыў шафку і сфатаграфаваў усе рэквізіты банкаўскай карткі. Пасля ён выкарыстоўваў яе для ажыццяўлення плацяжоў у анлайн-гульнях на агульную суму каля 300 беларускіх рублёў.
Яму пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.