Амбасадар Польшчы Конрад Паўлік у найбліжэйшы час пакіне Мінск і будзе заменены новым кіраўніком дыпламатычнага прадстаўніцтва, паведамляе znadniemna.pl.

Хто зменіць яго, пакуль невядома. Пазаўчора ў Польшчы змяніўся міністр замежных спраў. Новым міністрам стаў Яцак Чапутовіч. Вестка пра змену амбасадара ў Мінску стала адной з першых пасля ягонага прызначэння на гэтую пасаду.

Прычынай кадравых перамен суразмоўца «Нашай Нівы» ў Варшаве назваў правалы ў палітыцы. «У Беларусі поўны разрыў надзеяў — абяцанак ды ілюзіяў — і рэаліяў», — сказаў нам чалавек, які сочыць за польскай усходняй палітыкай.

Адказнасць за гэты «разрыў надзеяў» новы міністр, мяркуе наш суразмоўца, усклаў на амбасадара Паўліка.

У той жа польскае МЗС паведаміла, што амбасадар Польшчы скончыць сваю місію па ўласнай просьбе. Пра гэта агенцтву ПАП паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Артур Лёмпарт. Ён дадаў, што рашэнне пра гэта прыняў яшчэ былы міністр Вітальд Вашчыкоўскі па просьбе самога Паўліка.

У сканчэнні місіі дыпламата няма палітычнага фону, падкрэсліў Лёмпарт.

Паўлік быў паслом у Мінску ад 2016 года. У ‎2014—2015 адказваў за ўсходнюю і паланійную палітыку ў МЗС.

Некалькі польскіх парталаў, у тым ліку сайт непрызнанага афіцыйным Мінскам Саюза палякаў Беларусі, сёння назвалі адкліканне Паўліка першым крокам новага міністра замежных спраў Польшчы Яцка Чапутовіча. Міністэрства замежных спраў праз агенцтва ПАП абвергла гэтую інфармацыю.

Варта адзначыць, што амб. Паўлік, паводле чутак, меў разыходжанні з Анжалікай Борыс і некаторымі іншымі актывістамі польскай меншасці.

Як паведамляецца, Паўлік скончыць сваю місію 31 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?