12.01.2018 / 08:46

Кінакрытыкі ў ЗША абралі найлепшы фільм 2017 года 1

Reuters.com

Фільм рэжысёра Гільерма дэль Тора «Форма вады» быў прызнаны найлепшым, на думку журы кінапрэміі «Выбар крытыкаў». Самога дэль Тора журы конкурсу прызнала найлепшым рэжысёрам 2017 года.

«Форма вады» — фільм пра каханне нямой дзяўчыны і істоты-амфібіі, якога дзеля эксперыменту трымаюць ва ўрадавай лабараторыі. Сам дэль Тора у інтэрв'ю прызнаваў, што яго стужка з'яўляецца своеасаблівай трактоўкай трылера 1950-х гадоў «Істота з Чорнай лагуны».

Дэль Тора — аўтар такіх фільмаў, як «Лабірынт фаўна», «Хрыбет д'ябла», «Хэлбой».

Найлепшым акцёрам журы прызнала Гары Олдмена за ролю ў фільме «Цёмныя часы». Акцёр сыграў у ім прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля.

Узнагарода за найлепшую жаночую ролю дасталася Фрэнсіс Макдорманд, якая сыграла ў фільме «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры». Гэтая стужка — пра супрацьстаянне жанчыны і ўладаў горада, якія не змаглі знайсці забойцу яе дачкі.

Прэмія Critics Choice Movie Awards была створана ў 1996 годзе ў якасці адной з альтэрнатыў прэміі Нацыянальнага грамадства кінакрытыкаў ЗША. Сярод кінааматараў яна лічыцца рэпетыцыяй да ўручэння самай прэстыжнай галівудскай прэміі - «Оскара».

0
Мордехай В. / Адказаць
12.01.2018 / 23:30
Вельмі прыгожая казка. Але " Тры білборды" мне больш спадабаліся.
Олдману трэба даваць Оскара. Не ўсё ж Дэйл-Льюісу.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру