Фота Улада Швядовіча
Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд былому фігуранту справы «Белага легіёна» дызайнеру Андрэю Бяляўскаму. Яго абвінавачвалі ў незаконным захоўванні боепрыпасу — патрона 7,62 мм да аўтамата Калашнікава. Суд прысудзіў яго да 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Нагадаем, крымінальная справа за незаконнае захоўванне боепрыпасу на Бяляўскага завялі літаральна адразу ж, як Следчы камітэт паставіў кропку ў разглядзе з фігурантамі справы «Белага легіёну» (па артыкуле пра ўзброенае фарміраванне). Па інкрымінаваных яму артыкуле — ч.2. арт. 295 КК - Бяляўскаму пагражала пакаранне ў выглядзе папраўчых работ або да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Патрон у Бяляўскага знайшлі супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу ў рамках гэтага разбору 24 сакавіка 2017 года. Сам абвінавачваны пры вобшуку не прысутнічаў — у той час ён знаходзіўся ў СІЗА. Эксперты прызналі патрон баявым. Бяляўскі расказаў, што знайшоў яго. У пачатку лета 2013 года абвінавачваны набыў у прыватнай асобы аўтамабіль Jeep Grand Cherokee ў горадзе Рэчыцы. У каго - не памятае. Потым прыехаў у Мінск і праз нейкі час выявіў ў аўтамабілі пад заднім сядзеннем, дзе захоўваўся дамкрат, патрон. Бяляўскі аднёс яго дадому, паклаў у скрыню стала і забыўся пра яго.
У судзе Бяляўскі віну цалкам прызнаў і раскаяўся ў зробленым.
Пракурор прасіў для абвінавачанага 1 год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, адвакат - абмежавацца штрафам.