Як перадае дырэкцыя мюнхенскай паліцыі, 28-гадовы беларускі наркагандляр, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку, быў затрыманы ў Верхняй Баварыі на памежным кантролі бліз Розенгайма, паведамляе Радыё Свабода.

Пры праверцы ягоных дакументаў паліцэйскі камп'ютар паказаў, што маладога чалавека ад верасня 2017-га шукаюць беларускія ўлады за незаконнае абарачэнне наркотыкаў. Падчас памежнага кантролю таксама быў затрыманы 40-гадовы нямецкі грамадзянін, які пражывае ў Аўстрыі. Паводле камп'ютарных звесткак, ён быў раней асуджаны баварскім судом за арганізацыю «кантрабанднага пранікнення іншаземцаў праз мяжу з мэтай маёмаснай выгады». Рашэннем суда гэты чалавек павінен быў або заплаціць штраф памерам каля 4 тысяч еўра, або правесці некалькі месяцаў за кратамі, аднак не зрабіў ні таго, ні другога. Пасля таго, як затрыманы аплаціў свае судовыя запазычанасці і дадатковы штраф за іх нявыплату, ён змог ехаць далей.

Паводле інфармацыі баварскай паліцыі, 28-гадовы беларус у 2013-2015 гг. належаў да арганізаванай групоўкі, якая займалася незаконным абарачэннем наркотыкаў, псіхатропаў, іх прэкурсораў ды аналягаў. У 2015 годзе адзін з пакупнікоў рэчыва ў гэтых гандляроў памёр.

Пасля затрыманьня на мяжы малады чалавек быў спачатку дастаўлены ў акруговы суд у Розенгайме, а потым, згодна з рашэннем гэтай судовай інстанцыі, быў накіраваны пад экстрадыцыйны арышт у мюнхенскую турму. Неўзабаве яго чакае дэпартацыя на радзіму. У сябе дома ў Беларусі арыштаванаму пагражае 15-гадовае пазбаўленне волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0