Усе мабільныя тэлефоны кампаніі Xiaomi працуюць на аперацыйнай сістэме Android, выкарыстоўваючы фірмовую абалонку MIUI — моцна перапрацаваную версію карыстальніцкага асяроддзя, што найбольш адлюстроўваецца на дызайне сістэмы і некаторых прынцыпах кіравання прыладай.

Стандартная версія АС Android 8 (справа) і яе перапрацаваная версія MIUI 9 (злева) 

Стандартная версія АС Android 8 (справа) і яе перапрацаваная версія MIUI 9 (злева) 

Як ні дзіўна, беларусізацыяй сваіх смартфонаў займаецца не сама кампанія, а суполка энтузіястаў з Беларусі.

Праз спецыяльны сайт яны слова за словам перакладаюць усё, што адносіцца да аперацыйнае сістэмы, дакладней — да «прашыўкі» MIUI. Мы паразмаўлялі з адным з перакладчыкаў — мінскім праграмістам Максімам Якушкіным, які распавёў нам, у якім тэмпе рухаецца пераклад і калі звычайныя карыстальнікі змогуць убачыць яго ў сваіх прыладах.

«Увогуле ў якасці перакладчыкаў зарэгістраваліся каля 15 чалавек. Але праблема ў тым, што з іх актыўна перакладаюць толькі 2-3 чалавекі, — кажа Максім. — Наш прагрэс за тыя два месяцы, як я далучыўся, падрос на 22% і цяпер складае каля 50%. Але на час калядных святаў праца над перакладам крыху прыпынілася, і мне сумна, што працэс рухаецца так павольна».

 

Далучэнне Максіма да праекта мае крыху рамантычную гісторыю.

«Мы вырашылі набыць для жонкі новы тэлефон. Абралі Xiaomi, і выявілася, што ў ім няма беларускае мовы. А папярэдні тэлефон яе падтрымліваў, — распавядае хлопец. — І вось я пачаў цікавіцца, ці можна неяк выправіць сітуацыю. Так і прыйшоў да праекта».

Дапамагчы з перакладам можа любы ахвотны.

Для гэтага спачатку трэба зарэгістравацца на сайце, націснуўшы кнопку Sign up у верхнім левым куце экрана, а потым далучыцца да суполкі перакладчыкаў, націснуўшы кнопку Join, якая з’явіцца на старонцы з раздзеламі перакладу (там жа адлюстроўваецца і прагрэс кожнага раздзелу). Трэба будзе пачакаць, пакуль заяўку ўхваліць мадэратар.

«Для таго, каб дапамагчы праекту, не трэба быць праграмістам — трэба толькі ўмець перакладаць з ангельскай мовы на беларускую. А для лепшага разумення сэнсу можна глянуць пераклад на адную з тых моваў, для якіх ужо існуюць пераклады», — кажа суразмоўца.

А хуткасць перакладу і тэрміны яго заканчэння залежаць ад актыўнасці ўдзельнікаў. Зараз найбольш актыўна працуюць Максім Якушкін, Аляксандр Новікаў, Зміцер Горбач ды Дзяніс Яцкевіч. Як толькі прагрэс дасягне 100%, кампанія як мага хутчэй дадасць яго ў чарговае абнаўленне MIUI 9.

Больш падрабязную інструкцыю па далучэнні да праекта можна знайсці па спасылцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?